Чаму польскія фермеры блакуюць мяжу з Украінаю?

Польскія земляробы блакуюць ужо амаль усе памежныя пераходы з Украінай. Адчынены застаецца толькі адзін, «Ніжанковічы – Мальгавіцэ», праз які ў Польшчу прапускаюць толькі пустыя цяжкавікі. І выглядае, што высыпанае нядаўна збожжа з украінскіх цяжкавікоў яшчэ не вяршыня напружанасці сітуацыі на польска-ўкраінскім памежжы.

Акцыя польскіх фермераў, 9 лютага 2024 года.
Фота: Marek Lapis / Forum

Ужо 20 лютага мае распачацца агульнапольскі пратэст, зарганізаваны прафзвязам «Салідарнасць», што яднае індывідуальных польскіх фермераў. Так, гэта частка славутага на ўвесь свет прафесійнага звязу, які перамог камунізм у Польшчы і сёння бароніць працаўнікоў у розных галінах гаспадаркі, у тым ліку фермераў. У межах пратэсту заблакуюць не толькі памежжа, але іншую інфраструктуру, у тым ліку дарогі да перавалачных чыгуначных і марскіх тэрміналаў. Заблакуюць і порт у Шчэціне, магчыма, нават паралізуюць на некалькі гадзінаў польскую сталіцу.

Польскія земляробы вінавацяць украінцаў у тым, што іхная прадукцыя (у тым ліку збожжа, кукуруза) усцяж трапляе на польскі рынак, праз які мела толькі праехаць транзітам. На баку пратэстоўцаў – намеснік міністра сельскай гаспадаркі Польшчы Міхал Каладзейчак, які амаль штодня прыязджае на мяжу і дапамагае шукаць «забароненую прадукцыю», на якую Польшча наклала эмбарга. Прапануе ўвесці квоты на іншыя харчы з Украіны, каб абараніць мясцовых вытворцаў. Далучыліся і адпаведныя інстытуцыі, якія ў Польшчы правяраюць якасць імпартаванай прадукцыі. Пачалі знаходзіць гнілыя марожаныя маліны, кепскай якасць украінскія таматныя канцэнтраты і зерне льну. Гэта толькі ўзмацніла аргументы пратэстоўцаў.

Каладзейчак не выпадковы чалавек для земляробаў: менавіта дзякуючы ім палітык прыйшоў ва ўладу са сваім рухам «Agrounia» як частка кіроўнай сёння ў Польшчы кааліцыі. Бо бараніў фермераў, калі Польшчаю кіравала яшчэ партыя «Закон і справядлівасць» Качыньскага. Абарона фермерскіх гаспадарак – адзін з галоўных кірункаў дзейнасці і для іншага кааліцыйнага аб’яднання, Польскай народнай партыі (кіраўнік якой Владыслаў Касіняк-Камыш – цяперашні віцэ-прэмʼер і міністр абароны). Менавіта таму не варта разглядаць пратэстаў на мяжы як акцыю нейкіх асобных фермерскіх колаў ці тым больш вонкавых сілаў. Канспіралогія тут недарэчная. Праблема значна больш глыбокая і складаная. З апошніх апытанняў (IBRiS для «Rzeczpospolita») вынікае, што ажно 77 % палякаў падтрымліваюць пратэстоўцаў.

А для значнай часткі польскіх фермераў украінская прадукцыя – вялікая пагроза. Польскі земляроб мусіць выканаць шматлікія фітасанітарныя і бюракратычныя патрабаванні ЕЗ (якія не датычаць Украіны), што значна павышае кошты і робіць польскую прадукцыю (тыя ж збожжавыя культуры) неканкурэнтнаю. Праблема і ў тым, што сярэдні памер ворнай зямлі ўкраінскага фермерства складае больш за 130 гектараў. І 80 % усіх украінскіх фермерскіх гаспадарак апрацоўвае больш за 500 гектараў зямлі. І маюць непараўнальна таннейшую працоўную сілу.

У Польшчы ж сярэдні памер фермерства складае толькі 11 гектараў. Таму палякі добра разумеюць, што змагацца з пагрозаю вялікай канкурэнцыі мусяць менавіта цяпер, яшчэ на этапе інтэграцыі Украіны з ЕЗ.

Не сакрэт, што фермеры ў Польшчы – частка польскай культуры. Больш за тое, іхныя гаспадаркі маюць вялізны ўплыў на бяднейшыя ўсходнія і паўднёвыя рэгіёны краіны. Часта гэта адзінае месца працы для жыхароў невялікіх мясцовасцяў, з якіх шмат моладзі ўжо паспела выехаць у Беласток, Жэшаў, Люблін ды іншыя вялікія гарады. Акрамя таго, у Польшчы ўжо некалькі гадоў запар трывае кампанія «Купляй польскае», адпаведна маркеруюцца тавары ў крамах. І нічога дзіўнага тут няма. Большасць краінаў Еўропы бароніць уласную вытворчасць. Інакш не было б сёння пратэстаў фермераў у Нямеччыне, Францыі, Італіі, Грэцыі, Вугоршчыне ці Чэхіі.

Меркаванні
Чаго беларусам чакаць ад ураду Туска?
2023.12.12 20:14

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў