На Дзень Волі задумалі канцэрт БНР-106 у фармаце «late night show», пачалі збор грошай


Каманда, якая ладзіла мітынг-канцэрт БНР-100 у Менску ў 2018 годзе, абвесціла збор грошай на БНР-106 – адзначэнне Дня Волі ў 2024 годзе. Сабраць праз «BYSOL» хочуць 25 тысяч еўраў, але, як расказаў «Белсату» Антон Матолька, ужо вядома, што гэтай сумы не хопіць на задуманае.

Здымак маек ілюстрацыйны характар. Святкаванне 100-годдзя БНР. Менск, Беларусь. 25 сакавіка 2018 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Вечарам 25 сакавіка арганізатары плануюць правесці канцэрт і яго онлайн-трансляцыю. На БНР-106 абяцаюць запрасіць папулярных беларускіх музыкаў, а таксама «немузычных» гасцей з розных сфераў. Як расказваюць арганізатары, ужо ёсць дамоўленасці з пляцоўкай для канцэрту, музычнымі гуртамі і гасцямі.

Сабраць праз «BYSOL» плануюць 25 тысяч еўраў, з якіх 10 тысяч маюць выдаткаваць на арганізацыю музычных выступаў (у тым ліку праезд, пражыванне, тэхнічны райдар і ганарары артыстам), 7 тысяч – на арэнду гукавога і светлавога абсталявання, 4,5 тысячы – на паслугі тэхнічнай каманды, 3,5 тысячы – на арэнду пляцоўкі.

Абноўлена. Распачаўся збор на яшчэ адзін канцэрт на Дзень Волі – 24 сакавіка ў Варшаве ад Аб’яднанага пераходнага кабінету і партнёраў. У адрозненне ад БНР-106, разлічанага найперш на онлайн-трансляцыю і на абмежаваную колькасць фізічных наведнікаў, варшаўскі канцэрт будзе разлічаны на «офлайнавых» слухачоў.

Антон Матолька ў Еўрапарламенце. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Прадстаўнік каманды БНР-100 Антон Матолька пакуль мала што раскрывае: ён тлумачыць «Белсату», што з часам назавуць і чальцоў каманды (не ўсіх – з меркаванняў бяспекі), і выступоўцаў, і месца канцэрту. Інфармацыю будуць выдаваць паступова, запланаваныя нават даты анонсаў. Ідэя ў тым, каб выкарыстоўваць інфармацыйныя нагоды, трымаць БНР-106 у навінах і галовах людзей.

Над арганізацыяй БНР-106 працавалі яшчэ з мінулай восені: абмяркоўвалі фармат, шукалі месца. І працэс яшчэ трывае, вынік будзе залежаць ад сабранай сумы. Але галоўнае ўжо вядома:

«Гэта будзе і музычная частка, і інфармацыйна-гутарковая частка, – анансуе Матолька. – Я б гэта назваў, што гэта late night show з элементамі канцэрту любімых беларускіх музыкаў, якіх мы б усе хацелі пачуць».

На гэтае шоу можна будзе прыйсці асабіста, але дзе яно пройдзе, арганізатары пакуль не кажуць. Матолька адзначае, што ўваход на імпрэзу будзе вольны, квіткі прынцыпова не хочуць прадаваць.

«Я б папрасіў усіх, хто плануе 25 сакавіка, планаваць яго з улікам гэтай важнай для нас даты, каб усе маглі паўдзельнічаць у розным фармаце, – дадае Матолька. – Не абавязкова ісці на нейкі канцэрт. Гэта могуць быць маршы, могуць быць сустрэчы з сябрамі».

Галоўнае, кажа Матолька, каб канцэрт пабачылі не толькі беларусы ў эміграцыі, але і людзі ў Беларусі, таму хочуць зрабіць трансляцыю з максімальным ахопам.

«На жаль, сітуацыя, якая цяпер склалася, не прадугледжвае нейкага публічнага, адкрытага святкавання ў Беларусі, – наракае ён. – Я нагадаю, што тры-чатыры гады таму гэта былі і сцягі, якія людзі вывешвалі ў вокнах, нашая нацыянальная сімволіка, гэта былі і феерверкі, якія запускаліся ў пэўны час, гэта былі і віншаванні ў сацсетках. Адкрытыя, публічныя, калі нікому не трэба было нічога хаваць і не спрабаваць мімікрыяваць пад „нічога не адбываецца“».

БНР100
Мітынг-канцэрт БНР-100 у Менску, Беларусь. 25 сакавіка 2018 года.
Фота: Svaboda.org

«І мы звярнулі ўвагу, што апошнія гады вельмі шмат беларусы робяць розных класных, добрых мерапрыемстваў, але найперш для тых, хто ў бяспецы, – працягвае ён. – То бок, звычайна дыяспары робяць, і гэта вельмі крута, але не было нейкага івэнту, які быў бы накіраваны менавіта на беларусаў у Беларусі».

Сумы, якую хочуць сабраць праз BYSOL, адназначна не хопіць, спатрэбіцца нашмат больш, прызнае Матолька. Ён расказвае, што арганізатары палічылі грошы, якія магчыма сабраць праз ахвяраванні, а рэшту спадзяюцца атрымаць ад беларускіх бізнесоўцаў і мецэнатаў, ад розных арганізацыяў – перамовы ўжо ідуць.

«Унутры каманды было прынятае рашэнне, што мы зробім гэты івэнт незалежна ад таго, ці будзе сабраная гэтая сума, ці не, – кажа Матолька. – Таму што мы лічым гэта вельмі важным у першую чаргу для тых людзей, якія цяпер у Беларусі.

Мы ведаем, што гэтая велізарная колькасць людзей, для якіх важныя і дзень, і дата. І важнае разуменне, што мы ўсё роўна адно аднаго гатовыя падтрымаць у такі момант і гатовыя аб’ядноўвацца. Тое, што мы (мусіць, не трэба нагадваць) бачылі неаднаразова ў нашай гісторыі».

Ахвяраваць на правядзенне БНР-106 можна тут, прымаюцца любыя сумы ад 5 еўраў.

Тэст
А што святкуем? Правер, ці ведаеш галоўнае пра Дзень Волі
2023.03.25 10:00

***

Late night show – папулярны фармат ток-шоу, які паходзіць са Злучаных Штатаў, у якім ёсць і размовы з гасцямі, і музычныя выступы. Сярод такіх шоу – амерыканскія «The Tonight Show Starring Jimmy Fallon», «The Late Show with Stephen Colbert», «Jimmy Kimmel Live!», «Last Week Tonight with John Oliver» і іншыя.

У Беларусі на дзяржаўнай тэлевізіі ў такім фармаце спрабавалі рабіць шоу «Макаёнка, 9», але пасля 2020 года праграма спынілася, а вядоўца Яўгеній Перлін сышоў з БТ. Хоць ён і не выказваўся ў падтрымку пратэстаў, цяпер Перлін трапіў у няласку прапагандыстаў.

Да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне на расейскай тэлевізіі было папулярным шоу «Вечерний Ургант». Перадачу закрылі, калі вядоўца Іван Ургант выказаўся супраць вайны.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў