Былыя палітычныя зняволеныя, якія адбывалі пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 у Магілёве, расказалі выданню «Зеркало» аб тым, што вядома пра палітвязня Аляксандра Фядуту, які яшчэ да затрымання меў праблемы са здароўем.
Літаратуразнаўцу і палітолага Аляксандра Фядуту затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Маскве ў межах справы аб «спробе дзяржаўнага перавароту» ў Беларусі. Неўзабаве яго перадалі ў Беларусь, дзе 5 верасня 2022 года асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі.
Фядуту этапавалі ў магілёўскую ПК № 15 у снежні 2022 года, ён практычна адразу трапіў у турэмную лякарню. Два былыя палітвязні расказалі, што бачылі яго перад вызваленнем. Імёны суразмоўцаў выданне не раскрывае з меркаванняў бяспекі.
Першы былы зняволены расказаў, што бачыў, як перавозілі Фядуту:
«Аляксандр Фядута, калі прыехаў у „зону“, быў вельмі хворы. Яго прывезлі аднаго, і я сам бачыў, як цяжка яму было ісці з гаража. Адміністрацыя адразу папярэдзіла Фядуту: калі будзе мець размовы на палітычныя тэмы з іншымі зняволенымі, то і яго, і суразмоўцу адразу ж адправяць „к петухам“».
Апошняя фраза азначае зняволеных з «нізкім сацыяльным статусам». Для вязняў з «нізкім статусам» ствараюць яшчэ больш жорсткія ўмовы. Яны мусяць мыць прыбіральні і прыбіраць смецце, у іх нічога нельга браць іншым зняволеным («мужикам»). Калі ўзяць, пра гэта адміністрацыі раскажуць даносчыкі («козлы»), і за гэта будуць караць.
Паводле таго ж зняволенага, іншы чалавек, які нядаўна вызваліўся, расказаў аб пагаршэнні здароўя Фядуты:
«Гэты чалавек напісаў мне, што Фядуту стварылі вельмі дрэнныя ўмовы, ён ледзь перастаўляе ногі, але яго ганяюць на прамзону пры любым надвор’і. І ні ўзрост, ні хвароба Фядуты не з’яўляюцца змякчальнай абставінай для адпраўкі на працу. Але кажа, што ў ШІЗА [штрафны ізалятар] яго перасталі адпраўляць».
Другі былы зняволены вызваліўся мінулым летам. Ён расказвае, што часта бачыў Фядуту ў прамзоне калоніі, ужо мінулай вясной Фядута выглядаў не вельмі здаровым.
«Мы былі ў адным цэху. Аляксандр Фядута займаўся ўборкай тэрыторыі. Мы чысцілі дрот, а ён падмятаў, прыбіраў ізаляцыю, якая засталася пасля. Было відаць, чалавеку вельмі балюча і працаваць яму наогул нельга. Але тым не менш яго ганялі на працу разам са ўсімі.
Ужо ўлетку нешта памянялася ў медчастцы, нібы там змяніўся кіраўнік. Я заўважыў, што Фядуту стала значна лягчэй. Чалавек з яго атраду сказаў мне, што новая начальніца дазволіла яму насіць артапедычны абутак. Было заўважна, што ён неяк нават больш жвава забегаў.
Ужо пасля вызвалення я размаўляў яшчэ з адным зняволеным, які ўжо пасля мяне выходзіў. Ён сказаў, што Фядута зноў здаў пазіцыі ў плане здароўя».
Былыя зняволеныя таксама расказалі, што ў 15-й калоніі агулам лекары не звяртаюць увагі на стан здароўя «палітычных» і адпраўляюць іх на працу або ў штрафны ізалятар нават з тэмпературай, а ў калоніі вельмі шмат палітвязняў пенсійнага ўзросту.
«Людзей з цукровым дыябетам таксама не шкадуюць, – расказаў адзін з былых зняволеных. – Ім трэба калоць уколы па раскладзе, пасля кожнага яны павінны атрымліваць харчаванне, але іх без размоваў адпраўляюць у ШІЗА. У нас быў адзін палітычны вязень з інваліднасцю, але і ён практычна не выходзіў са штрафнога ізалятару».
Пакуль ён быў у калоніі, там памерлі сем ці восем зняволеных. У выпадку рэзкага пагаршэння здароўя людзі ў 15-й калоніі, кажа былы зняволены, не могуць разлічваць на аператыўную медычную дапамогу:
«Калі я прачынаўся раніцай і адчуваў, што ў мяне падвышаная тэмпература, то ўсё роўна павінен быў ісці на працу, таму што ў медчастку можна было патрапіць толькі з 14 да 16 гадзінаў. Чакаць прыёму трэба было некалькі гадзінаў, у адной клетцы плошчай 10 м² адначасова маглі знаходзіцца каля 70 зняволеных. Тым, хто сябе адчуваў дрэнна, але на момант прыёму ў іх не было высокай тэмпературы, бальнічны не давалі і адпраўлялі назад на працу».
Палітвязням у калоніі забараняюць наведваць стадыён у вольны час, абмяжоўваюць час тэлефанаванняў родным і час спатканняў, а за просьбу больш працяглага спаткання наогул пазбаўляюць усяго, працягвае ён. Усім палітвязням прыпісваюць без прычыны «злосныя парушэнні» і садзяць у ШІЗА. Кнігі па-беларуску, а таксама кнігі пра гісторыю адбіралі і спальвалі.
Алесь Наваборскі belsat.eu