Законы крымінальнага свету, забарона беларускай мовы і падручнікаў. Гісторыі з калоніі № 15


У Беларусі палітычным зняволеным ствараюць невыносныя ўмовы і ўвесь час шукаюць, як зрабіць яшчэ горш. Пра тое, што прыдумляюць у магілёўскай калоніі, «Белсату» расказаў чалавек, які прабыў у няволі больш за два гады, сам перажыў здзекі і бачыў, як здзекуюцца з Сяргея Ціханоўскага і Дзяніса Івашына.

Калонія № 15
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Камісія наведвае з правяраннем калонію № 15. Магілёў, Беларусь. 16 сакавіка 2023 года.
Фота: Minjust.gov.by

Андрэй (імя змененае) быў асуджаны паводле звычайных «палітычных» артыкулаў, адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15, нядаўна выйшаў на волю і цяпер за межамі Беларусі. На ўмовах ананімнасці ён расказаў «Белсату» пра тое, што цяпер адбываецца ў калоніі, дзе, паводле падлікаў суразмоўцы, трымаюць блізу 1800 вязняў, з якіх каля 360-370 «бэчэбэшнікаў» – асуджаных паводле палітычных артыкулаў.

Палітвязням, якіх асабліва не любяць, надаюць «нізкі статус». Зняволеным з палітычных матываў у Беларусі робяць больш жорсткія ўмовы зняволення, чым іншым асуджаным, вешаюць адмысловую жоўтую бірку «схільнага да экстрэмізму» (для гэтага не абавязкова, каб праваабаронцы прызнавалі чалавека палітвязнем). Людзям з такой біркай не проста надаюць большую ўвагу, а, напрыклад, пазбаўляюць перадачаў і спатканняў, забараняюць хадзіць на стадыён і ўдзельнічаць у спаборніцтвах, хадзіць на канцэрты (хіба пускаюць на дзяржаўныя святы), наведваць бажніцу (толькі калі ў калонію прыязджае бацюшка). Жоўтую бірку могуць даць нават асуджаным не паводле палітычных артыкулаў, а ўсім тым, хто калісьці даўно атрымаў адміністратыўнае пакаранне за «масавыя мерапрыемствы» (цяперашні арт. 24.23 КаАП РБ, раней – арт. 23.34).

Адміністрацыі калоніяў не проста падтрымліваюць законы крымінальнага свету, а пашыраюць іх: сваймі дзеяннямі спрыяюць пашырэнню на палітвязняў турэмнай традыцыі надання вязням так званага нізкага статусу. Раней «нізкі статус» давалі асуджаным (або яшчэ абвінавачаным у следчых ізалятарах) за сексуальныя злачынствы, але цяпер строгіх крытэраў няма, і адміністрацыя яго выкарыстоўвае для ціску на палітвязняў.  Для вязняў з «нізкім статусам» ствараюць яшчэ больш жорсткія ўмовы. Яны мусяць мыць прыбіральні і прыбіраць смецце, у іх нічога нельга браць іншым зняволеным («мужикам»). Калі ўзяць, пра гэта адміністрацыі раскажуць даносчыкі («козлы»), і за гэта будуць караць.

Артыкулы
Пра «блатных», ежу, грошы, секс і свабоду. Міхаіл Жамчужны распавёў, як палітычнаму выжыць на зоне
2021.03.03 07:39

«Нізкі статус» могуць даць ні за што. Са словаў Андрэя, менавіта адміністрацыя пачала распаўсюджваць інфармацыю пра нібыта «нізкі статус» Дзяніса Івашына: начальнік калоніі Аляксей Лазарэвіч сказаў, што ведае, нібы Івашын у следчым ізалятары сядзеў з «нізкім статусам», таму будзе з такім і ў калоніі. Андрэй упэўнены, што Івашын не меў «нізкага статусу», бо ў калоніі было шмат людзей, якія сядзелі з ім раней. На думку суразмоўцы, рэч была толькі ў тым, што Дзяніса Івашына «настолькі не любяць». З Івашыным усе «экстрэмісты» ўсё роўна размаўлялі, таму яго пачалі ўвесь час закрываць у ШІЗА, урэшце раптоўна выклікалі на этапаванне – нібы трэба паехаць у Горадню, зрабіць нешта з дакументамі.

Калі Івашын вярнуўся, быў пабіты, «усё цела сіняе». Расказаў, што яго пабілі яшчэ ў 15-й калоніі, а ў Горадні яго пастанавілі не трымаць, бо пабоі былі відавочныя. Адміністрацыя магілёўскай калоніі ў выніку спісала сляды пабояў на тое, што Івашын «упаў з цягніка», калі яго везлі ў Горадню. Іншыя вязні з такога тлумачэння смяяліся. Івашына пачалі зноў і зноў закрываць у ШІЗА, пасля павезлі ў Жодзіна на турэмны рэжым. Андрэй дадае: «Трымаўся ён, бо што рабіць. Добры чалавек вельмі».

Hавiны
Палітвязняў у Беларусі сталі масава пераводзіць з калоніі ў калонію
2024.01.18 10:35

Палітвязняў могуць правакаваць на атрыманне «нізкага статусу». Калі ў 2022 годзе ў калонію этапавалі Сяргея Ціханоўскага, яго адразу закрылі ў штрафны ізалятар, потым выправілі на «каранцін». Усіх, хто быў на «каранціне», падгаворвалі, каб Ціханоўскаму не было месца паесці, акрамя як за адным сталом са зняволенымі ў «нізкім статусе», расставілі камеры для сачэння. Усіх папярэдзілі, што будуць вялікія праблемы, калі хоць слова скажуць Ціханоўскаму. Калі ён зайшоў, адмовіўся сядаць да асуджаных у «нізкім статусе», то яго павялі назад у ШІЗА.

Некаторыя «непалітычныя» ўсё ж спрабавалі з ім размаўляць, за гэта іх «пераламалі» – гэтак Андрэй называе пабоі з сапраўднымі пераломамі, пасля якіх людзі доўгі час былі ў лякарні (адкуль не выпускалі, каб іншыя не бачылі слядоў пабояў).

Гэта не адзінкавы выпадак пабояў. Да каранціну адразу ў ШІЗА трапіў Дзмітрый Івашкоў. Яго моцна пабілі, зламалі руку, заціснуўшы між дзвярыма. Ён таксама ляжаў у лякарні каля месяца, каб не дэманстраваць пабояў. У выніку яго перавялі ў магілёўскую турму № 4.

Артыкулы
Расследавальнікі і «Кіберпартызаны» назвалі вінаватых у смерці Вітольда Ашурка
2022.01.27 19:04

ШІЗА і жоўтую бірку могуць даць за што заўгодна, у ізалятары трымаюць месяцамі. Андрэй згадвае, як аднаму чалавеку прыйшла пасылка з Польшчы – і толькі за гэта вязня кінулі ў штрафны ізалятар, бо «а чаго гэта табе палякі шлюць». У ШІЗА голыя сцены, можна толькі спаць, сядзець, хадзіць і тройчы на дзень есці, ды і спаць амаль немагчыма – у холадзе і на драўляных дошках. Забаронена практычна ўсё, не даюць нават паперы напісаць скаргу.

Некаторыя месяцамі амаль без перапынку сядзяць у ізалятары. Аднаго чалавека закрылі ў ШІЗА на тры месяцы і далі статус «экстрэміста» за тое, што ў размове з іншым зняволеным ён абураўся хлуснёй пра вайну ва Украіне на расейскім тэлеканале. Паводле Андрэя, на ўлік як «схільнага да экстрэмізму» ставяць за найменшую праяву нязгоды з уладамі ці вайной.

Андрэй хацеў бы расказаць яшчэ пра некаторых вядомых палітвязняў, але тыя прасілі пазбягаць згадак іхнага імені, бо за гэта аўтаматычна караюць 10 днямі ў ШІЗА – нават за віншаванне з днём народзінаў на «экстрэмісцкім» Telegram-канале. Адзін вядомы вязень з інваліднасцю нават прасіў казаць, што з ім «усё нармальна», каб не атрымаць дадатковага пакарання.

Агляд
Не толькі Бабарыка, Статкевіч і Ціханоўскі: пра мноства палітвязняў даўно няма звестак
2023.11.22 11:12

Ці не кожнага палітычнага пазбаўляюць перадачаў. Як кажа Андрэй, калі не 100 %, то 99 % палітвязняў пазбаўляюць права на першую перадачу. У залежнасці ад рэжыму зняволеныя маюць права на наступную перадачу праз некалькі месяцаў, але пазбавіць могуць і другой, і трэцяй перадачы – і ў выніку чалавек можа год сядзець без перадачаў. Могуць пазбаўляць і права на спатканне.

Палітвязням фактычна забаранілі нават атаварванне. Калі няма пасылак, пакупкі ў краме – адзіная крыніца нечага на дадатак да стандартнага харчавання. У краме можна набыць хіба простыя харчы кшталту печыва ці «Ролтану», крыху фруктаў (але нават яблыкі знікалі з продажу, калі ў Беларусь забаранілі ўвозіць польскія). Закупляцца ў краме можна толькі на вельмі абмежаваную суму, палітвязням як «злосным парушальнікам» – на дзве базавыя велічыні на месяц, што цяпер складае 80 рублёў.

Начальнік калоніі нядаўна пастанавіў, што палітвязняў будуць пускаць у краму толькі пасля зняволеных у «нізкім статусе». Але атаварвацца пасля «нізкага статусу» – ці не пакараюць за гэта паводле крымінальных паняткаў, гэтак жа нельга? Андрэй кажа, што 85–90 % палітвязняў адмовіўся ісці ў крамы на такіх умовах. Гэта працягвалася некаторы час і можа працягвацца цяпер (ці скасавалі гэта, Андрэй не ведае), і фактычна гэта забарона атаварвання, што моцна абурыла палітвязняў.

Гісторыі
Гісторыя былога вязня «Віцьбы» Сяргея Сабалеўскага, які перажыў на зоне інсульт і выйшаў з анкахваробай
2024.01.18 07:00

З медычнай дапамогай вялізныя праблемы. Калі чалавек проста прастудзіўся, запісваюць на прыём да тэрапеўта ці медсястры на наступны дзень, але няма гарантыі, што да іх сапраўды трапіш. Можна хадзіць і тры дні – і не трапіць на прыём, бо лекар куды-небудзь з’ехаў. Прыёму зубнога можна чакаць і год, калі праблема не такая простая, як выдалення зуба. З нядаўняга часу пачаліся праблемы з лекамі: спачатку палітвязням дазвалялі перадаваць медычныя бандэролі з рознымі лекамі, а цяпер дазваляюць перадаваць «адну-дзве таблеткі: валяр’янку, аналгін». Іншае выкрэсліваюць, кажуць: «У нас гэта ёсць, не трэба гэта пісаць».

У калоніі шмат паміраюць. Андрэй згадвае, што за час, які ён быў у калоніі, памерла каля 10 чалавек – не палітычныя, а звычайныя вязні. Аднойчы цягам трох тыдняў памерлі чатыры асобы. Бывае, паміраюць проста на вуліцы: адзін памёр па дарозе ў царкву на Вялікдзень. Частыя правяранні не паляпшаюць стану зняволеных – хіба, згадвае Андрэй, на час правярання робяць нейкія паказальныя паляпшэнні. Аднойчы ў часе правярання вязням далі чабурэкі, пасля правярання чабурэкаў ніхто не бачыў.

Hавiны
Дапамогі не дачакацца. Што вядома пра месца, дзе памерлі два палітвязні за восем месяцаў
2024.01.17 15:38

На зоне забараняюць размаўляць па-беларуску. Івашын доўга не мог атрымаць дазволу на тэлефанаванні, а калі ўсё ж атрымаў, яму адразу абарвалі размову – за беларускую мову. А Міколу Папеку, якога перавялі ў калонію з «хатняй хіміі», некалькі разоў закрывалі ў ШІЗА за тое, што рабіў даклад па-беларуску, згадвае Андрэй.

«Экстрэмістам» забараняюць вучыць замежныя мовы. Прыблізна з верасня 2023 года ў палітвязняў пачалі забіраць розныя кнігі, напрыклад, падручнікі англійскай мовы або кнігі пра гісторыю. Паводле Андрэя, гэта закранае шмат каго: каля 80 % «бэчэбэшнікаў» вучаць у калоніі англійскую мову, нават пенсіянеры.

У калоніі ёсць такія работнікі, якія шчыра ненавідзяць палітвязняў, і такія, хто ім спачувае. Андрэй згадвае пра двух лекараў, якія, як бачаць жоўтую бірку, аж звярэюць: лаюцца, кажуць, што сімулюеш. Таксама «бэчэбэшнікаў» не зносіць начальнік калоніі, крычыць на іх матам. Ці не ўсе работнікі калоніі між сабой штодня сварацца – проста не любяць адно аднаго. Але ёсць і тыя, хто «за нас», адзначае Андрэй: ведае прынамсі чатырох работнікаў, якім баліць за палітвязняў, і нават не раз чуў, як тыя між сабой разважалі, «калі ж гэта ўсё скончыцца».

Аналітыка
«Рэжым азвярэла шукае новыя спосабы ціску на людзей». Рэпрэсіі ў Беларусі ў 2023 годзе
2023.12.27 07:57

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў