«Абураўся, чаму няма Калеснікавай». Што Ціханоўскі апавёў адвакатцы пра сустрэчу ў СІЗА з Лукашэнкам?


Колішняя адвакатка Сяргея Ціханоўскага Наталля Мацкевіч паведаміла, як палітвязень насмяшыў яе аповедам пра сустрэчу ў СІЗА з Лукашэнкам. Яна згадала пра гэта ў інтэрв’ю праекту «Жыццё-маліна».

ціханоўскі, бабарыка
Аляксандр Лукашэнка ў СІЗА КДБ на сустрэчы з палітвязнямі. 10 кастрычніка 2020 года. Скрыншот відэа: ATN_NEWS / Telegram

Адвакатка Наталля Мацкевіч назвала міфам тое, што Сяргей Ціханоўскі агрэсіўны.

«Ён не агрэсіўны. Ён уважліва слухае. Улада казала: вось Сяргей Ціханоўскі такі бескампрамісны. Аднак ён суцэль прымае довады, калі яны разумныя», – адзначыла юрыстка.

Яна абараняла кандыдата на прэзідэнты пасля арышту ў траўні 2020 года.

«Ён паводле сваёй натуры прадпрымальнік. Яму неабходна штосьці распачынаць, абавязкова нешта эксклюзіўнае, не падобнае на іншых. Ён не асоба сістэмы, улады. Ён да яе і не імкнуўся. Яму было важна рэалізаваць сацыяльны праект», – упэўненая адвакатка.

Яна згадала, як Ціханоўскі насмяшыў яе аповедам пра сустрэчу Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ.

«Казаў: я спачатку абураўся, спытаў, чаму няма Калеснікавай. А потым бачу, што людзям не падабаецца, яны баяцца, што гаворка ідзе на гучных тонах. І я ўжо сеў спакойна і падымаў руку. А Лукашэнка мне казаў: я бачу, Сярожа, пачакай», – перадала Мацкевіч словы Ціханоўскага.

Hавiны
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з Сяргеем Ціханоўскім
2023.07.05 20:30

Наталля Мацкевіч абараняла шмат каго, у тым ліку Віктара Бабарыку, Алеся Бяляцкага, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча.

Паводле адвакаткі, Бабарыка дапускаў, што яго пасадзяць, але не чакаў, што гэта будзе так жорстка і на такі тэрмін. Дый сама яна казала, што да выбраў наўрад ці затрымаюць, бо раней у Беларусі кандыдатаў хапалі ўжо пасля галасавання.

Апошні раз спадарыня Наталля бачыла Бабарыку ў верасні 2021 года ў наваполацкай калоніі, яны абмяркоўвалі працу ў пякарні ва ўмовах гарачыні і тое, як можна гэта выправіць.

«Я казала: Віктар Дзмітрыевіч, вы пахудзелі, вам вельмі добра. Ён адказаў: дзякуй, але я сам сабе і з той вагою падабаўся. Не тыя абставіны, каб радавацца», – апавяла адвакатка.

Hавiны
«З такімі траўмамі шпіталізуюць мінімум на 7–10 дзён». Як Бабарыку прывозілі ў больніцу
2023.11.11 19:47

Нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, паводле юрысткі, – глыба. Ён як пачаў свой шлях у канцы 80-х, так і ідзе, не зварочваючы і нягледзячы на ўсе рызыкі і пагрозы. За ім сфармаваўся згуртаваны граматны праваабарончы рух, адзначыла адвакатка.

Мікалай Дзядок, паводле яе, самы трывалы і адукаваны чалавек з маладзёнаў, якіх яна ведае. Гэта прыклад таго, як турма не ломіць асобу, як пасля зняволення чалавек можа стаць мудрэйшым і больш адукаваным.

Ігар Аліневіч, як сказала Мацкевіч, – асоба жалезнага характару. Ён з-за кратаў мог цябе падтрымаць, а не толькі ты яго з волі, канстатавала юрыстка ў інтэрв’ю Мікіту Мелказёраву.

Наталля Мацкевіч таксама прызналася, што перажывае за сваю былую студэнтку Марфу Рабкову, з аднаго боку, вельмі моцную, а з іншага, – крохкую. «Ёй цяжка было ў СІЗА, і, мяркую, цяпер ёй вельмі няпроста, аднак яна стойка трывае», – сказала адвакатка.

Наталля Мацкевіч і ейны сужэнец Віктар, таксама адвакат, былі пазбаўленыя ліцэнзіяў, аднак да сёлетняга лета заставаліся ў Беларусі. Калі адчулі небяспеку, пастанавілі эміграваць.

Агляд
Не толькі Бабарыка, Статкевіч і Ціханоўскі: пра мноства палітвязняў даўно няма звестак
2023.11.22 11:12

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў