Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з Сяргеем Ціханоўскім


Відэа паказвае Сяргея Ціханоўскага ў камеры. Таксама на відэа ёсць дата: 5 ліпеня 2023 года. Аднак спраўдзіць гэта не ўяўляецца магчымым. Да гэтага звестак ад палітзняволенага не было цягам 4 месяцаў.

На відэа Сяргей уваходзіць у камеру, робіць размінку, рыхтуецца да прыняцця ежы. Адным словам, відэа мае нам даказаць, што Сяргей Ціханоўскі жывы і з ім усё ў парадку.

Нагадаем, што 4 ліпеня 2023 года Святлана Ціханоўская атрымала ананімнае паведамленне аб тым, што яе муж нежывы. Да гэтага дэмакратычная лідарка адзначала, што не мела ніякіх звестак ад Сяргея з 9 сакавіка.

У сваім тэлеграм-канале Святлана Ціханоўская напісала: «Сэрца радуецца бачыць Сяргея. Жывым. І моцным. Калі паказалі яго, то наступнымі пакажыце Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Паўла Севярынца, Ігара Лосіка, Вольгу Маёраву і ўсіх, з кім зараз няма сувязі. І дапусціце адвакатаў да ўсіх палітвязняў».

Раман Шавель belsat.eu

 

Стужка навінаў