«З такімі траўмамі шпіталізуюць мінімум на 7–10 дзён». Як Бабарыку прывозілі ў больніцу


Чалавек, які атрымаў звесткі ад відавочцы падзеяў, распавёў праваабаронцам «Вясны» падрабязнасці шпіталізацыі ў красавіку палітзняволенага экс-банкіра і былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыку.

Віктар Бабарыка ў Горадні, Беларусь. 6 чэрвеня 2020 года.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Паводле Мікалая (імя змененае), Віктара Бабарыку даставілі ў хірургічнае аддзяленне наваполацкай гарадской больніцы моцна збітым. Гэта быў другі выклік хуткай дапамогі ў калонію да яго. Падчас першага візіту медыкаў начальнік калоніі адмовіў у шпіталізацыі. У абодвух выпадках супрацоўнікам забаранялі кантактаваць з пацыентам, весці з ім гутаркі ці падаваць знакі.

Мікалай распавёў, што Бабарыка атрымаў траўмы ў выніку збіцця. Адпаведныя траўмы былі на галаве – іх немагчыма атрымаць пры падзенні, напрыклад.

«На працягу некалькіх дзён, якія Віктар Бабарыка правёў у хірургічным аддзяленні, ён знаходзіўся ў палаце для зняволеных з закратаванымі вокнамі і пад пастаянным кантролем канваіраў, якія сачылі за ўсімі дзеяннямі медперсаналу, спыняючы любую магчымасць перадачы якой-небудзь інфармацыі», – адзначыў суразмоўца «Вясны».

Праз тры-чатыры дні людзі ў пагонах павезлі палітыка ў невядомым кірунку на аўтамабілі, які не знаходзіцца на балансе наваполацкай гарадской больніцы. Як стала вядома пазней, яго вярнулі ў калонію і змясцілі ў ПКТ, хоць, з такімі траўмамі, якія былі ў канкурэнта Аляксандра Лукашэнкі, пацыентаў шпіталізуюць мінімум на 7–10 дзён.

Гісторыі
Дзень нараджэння за кратамі і спробы абнулення: Віктару Бабарыку – 60 гадоў
2023.11.09 07:15

У наваполацкай калоніі № 1, дзе ён адбывае 14-гадовы тэрмін, Бабарыку трымаюць у ізаляцыі, часта адпраўлялі ў штрафны ізалятар, з ім нельга размаўляць іншым вязням пад пагрозаю пакарання. У ноч з 24 на 25 красавіка яго даставілі ў гарадскі шпіталь са слядамі збіцця і пнеўматораксам (назапашваннем паветра паміж грудною сценкай і лёгкім). Пасля таго, як палітыка вярнулі ў калонію, вестак пра яго няма. Да яго не пускаюць сваякоў і блізкіх, ад яго не даходзяць лісты.

У кастрычніку арганізацыя былых сілавікоў «BelPol» паведаміла, што Бабарыку сур’ёзна збілі людзі, якія «не адносяцца да персаналу Наваполацкай калоніі». Паводле арганізацыі, гэтыя людзі «спецыяльна прыязджалі ў ПК № 1 для правядзення нібыта прафілактычнай гутаркі, якая «перарасла ў жорсткую акцыю запалохвання».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў