Сустрэча з Уладзімірам Арловым у Вільні, якую адмянялі праз «ліцвінізм», усё ж адбудзецца


Тэлеграм-канал «Беларуская афіша» паведамляе, што сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Арловым у Вільні адбудзецца, але не на тым адрасе, дзе была запланаваная спачатку.

Уладзімір Арлоў.
Крыніца: Белсат

Новы адрас сустрэчы: «Замак», Naujoji Riovoniu 10. Час – 22 сакавіка, а 19:00.

21 сакавіка Цэнтр беларускай культуры і супольнасці ў Вільні абвясціў, што творчы вечар Уладзіміра Арлова ў літоўскай сталіцы адмяняецца праз абвінавачанні пісьменніка ў «ліцвінізме», у сувязі з чым арганізатары не маглі гарантаваць бяспекі для Арлова і гасцей імпрэзы.

Наконт адмены сустрэчы арганізатары задумаліся пасля таго, як літоўскі блогер Жыльвінас Світоюс зрабіў допіс у «Фэйсбуку», у якім назваў Арлова «галоўным ідэолагам ліцвінізму». Прэтэнзіі ў блогера ўзніклі да кніг Арлова «Краіна Беларусь: Вялікае Княства Літоўскае» і «Краіна Беларусь», якія ён назваў «прапагандысцкімі».

Пост атрымаў шмат увагі аднадумцаў Світоюса, пад ім з’явіліся каментары з пагрозамі, у выніку Цэнтр беларускай культуры і супольнасці ў Вільні прыйшоў да высновы, што яны не могуць гарантаваць нічыёй бяспекі.

Hавiны
Служба дзяржбяспекі Літвы не знайшла ліцвінізму ў беларускай дыяспары
2024.03.20 15:15

«Беларусам відавочна, што Арлоў не ёсць ліцвіністам. Але хай гэта служыць нашай супольнасці папярэджаннем пра тое, што калі праблема камунікацыі між дзвюх супольнасцяў нам выглядае выдуманай, вырванай з кантэксту, зманіпуляванай прарэжымнымі маніпуляцыямі – гэта не робіць яе менш сапраўднай для іншага боку», – пішуць арганізатары і дадаюць:

«Гэты канфлікт будзе працягвацца. Беларуская супольнасць у Літве мусіць актыўна яго вырашаць, і першым крокам гэтага вырашэння абавязкова мусіць быць намаганне зразумець прэтэнзіі літоўцаў са шчырай спагадай і цікаўнасцю».

Напярэдадні сёлетняга Дня Волі Уладзімір Арлоў робіць тур па краінах Балтыі і Фінляндыі. Падчас цыклу сустрэчаў з назвай «Насустрач Дню Волі» пісьменнік расказвае пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама прадстаўляе свае кнігі «Імёны Свабоды», «Незалежнасць – гэта…», «Айчына» і іншыя папулярныя выданні, што пабачылі свет дзякуючы фонду Kamunikat.org. 20 і 21 сакавіка ён праводзіў сустрэчы ў літоўскіх Клайпедзе і Коўне, 22 сакавіка мелася прайсці сустрэча ў Вільні, а 23, 24 і 25 сакавіка яго чакаюць адпаведна Рыга, Таллін і Хельсінкі.

Агляд
Шантаж, ядравая зброя і ліцвінізм. Спецслужбы Літвы бачаць пагрозы ў Беларусі і беларусах
2024.03.11 12:00

Праблема ліцвінізму стварыла напружанасць у інфармацыйнай прасторы ў 2023 годзе. Старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Лаўрынас Касчунас заявіў летам 2023 года, што беларуская апазіцыя мусіць быць занепакоеная ўсё больш відавочнымі праявамі ліцвінізму.

Згодна з азначэннем літоўскага Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі (ДДБ), ліцвінізм – гэта радыкальны кірунак беларускага нацыяналізму, «адная з асноўных ідэйных пазіцыяў якога – адмаўленне балцкага паходжання Вялікага Княства Літоўскага і княскіх дынастыяў, якія ў ім кіравалі, стаўленне пад сумнеў прыналежнасці значнай тэрыторыі да Літоўскай Рэспублікі са сталіцай Вільнюсам».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў