Сустрэчу з беларускім пісьменнікам у Вільні адмянілі з-за «ліцвінізму»


У Вільні адмянілі сустрэчу з Уладзімірам Арловым, якая мелася адбыцца 22 сакавіка ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. Падставай сталі абвінавачанні пісьменніка ў «ліцвінізме», у сувязі з чым арганізатары палічылі правядзенне мерапрыемства небяспечным.

Пра адмену сустрэчы арганізатары задумаліся пасля таго, як літоўскі блогер Жыльвінас Світоюс зрабіў допіс у Фэйсбуку, у якім назваў Арлова «галоўным ідэолагам ліцвінізіму». Прэтэнзіі ў блогера ўзніклі да кніг Арлова «Краіна Беларусь: Вялікае Княства Літоўскае» і «Краіна Беларусь», якія ён назваў «прапагандысцкімі».

Пост атрымаў шмат увагі аднадумцаў Світоюс, пад ім з’явіліся каментары з пагрозамі, у выніку Цэнтр беларускай культуры і супольнасці ў Вільні прыйшоў да высновы, што яны не могуць гарантаваць нічый бяспекі.

«Беларусам відавочна, што Арлоў не зʼяўляецца ліцвіністам. Але хай гэта служыць нашай супольнасці папярэджаннем аб тым, што калі праблема камунікацыі між двух супольнасцяў нам выглядае выдуманай, вырванай з кантэксту, зманіпуляванай прарэжымнымі маніпуляцыямі – гэта не робіць яе менш сапраўднай для іншага боку», – пішуць арганізатары і дадаюць:

«Гэты канфлікт будзе працягвацца. Беларуская супольнасць у Літве мусіць актыўна яго вырашаць, і першым крокам гэтага вырашэння абавязкова мусіць быць намаганне зразумець прэтэнзіі літоўцаў са шчырай спагадай і цікаўнасцю».

Напярэдадні сёлетняга Дня волі Уладзімір Арлоў робіць тур па краінах Балтыі і Фінляндыі. Падчас цыклу сустрэчаў з назвай «Насустрач Дню Волі» Уладзімір Арлоў расказвае пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама прадстаўляе свае кнігі «Імёны Свабоды», «Незалежнасць – гэта…», «Айчына» і іншыя папулярныя выданні, што пабачылі свет дзякуючы фонду Kamunikat.org. 20 і 21 сакавіка ён праводзіў сустрэчы ў літоўскіх Клайпедзе і Коўне, 22 сакавіка мусіла быць цяпер адмененая сустрэча ў Вільні, а 23, 24 і 25 сакавіка яго маюць вітаць адпаведна Рыга, Таллін і Хельсінкі.

Агляд
Шантаж, ядравая зброя і ліцвінізм. Спецслужбы Літвы бачаць пагрозы ў Беларусі і беларусах
2024.03.11 12:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў