Ва ўсім вінаватая дзяржава: як змяніліся эканамічныя каштоўнасці беларусаў?


Даследчы цэнтр BEROC прадставіў даследаванне «Хто падтрымлівае эканамічныя рэформы ў Беларусі і ці могуць гэтыя людзі змяніць сваё меркаванне?» праведзенае пры падтрымцы Фонду Фрыдрыха Эберта. Эксперты вывучалі эканамічныя перавагі і каштоўнасці беларусаў і як яны змяніліся пасля 2020 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяўчаты сядзяць ў прасторы Пясочніца ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Упартая праца ці ўдача і сувязі: што вядзе да поспеху па меркаванні беларусаў?

Аўтары даследавання: Леў Львоўскі – акадэмічны дырэктар цэнтру BEROC і даследчыцы цэнтру Віялета Панасевіч і Кацярына Барнукова. Аналіз базуецца на онлайн-апытанні, праведзеным увосень 2023 года, у якім прынялі ўдзел дарослыя гараджане абодвух палоў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Паводле Льва Львоўскага, да 2020 года ў Беларусі раслі прарынкавыя настроі і падтрымка ліберальных рынкавых рэформаў. Эксперты захацелі даведацца, ці змянілася штосьці пасля 2020-га.

«За гэтыя 4 гады былі ковід, пачатак вайны, пратэсты і іх задушэнне, вялікая хваля эміграцыі з Беларусі. Адной з мэтаў даследавання было замерыць, як змяніліся эканамічныя каштоўнасці беларусаў, ці ўплывае бягучая прапаганда на меркаванні людзей, а таксама ці можна змяніць меркаванне беларусаў тымі ці іншымі меседжамі», – растлумачыў Львоўскі.

Даследаванне дазволіла зрабіць высновы, што эканамічныя каштоўнасці беларусаў засталіся амаль такімі ж, якімі былі па стане на 2017 год:

  • 79% рэспандэнтаў BEROC лічаць, што канкурэнцыя – гэта добра;
  • 56% пагаджаюцца, што ўпартая праца вядзе да поспеху;
  • 28% упэўненыя, што да поспеху вядуць удача і сувязі;
  • 46% прытрымліваюцца меркавання, што доля кампаніяў у прыватнай уласнасці павінна быць большай;
  • 25% лічаць наадварот, што большасць кампаніяў павінны быць у дзяржаўнай уласнасці.

Што змянілася – гэта ўяўленне беларусаў аб тым, хто адказны за іхны дабрабыт.

«З 1996 па 2017 гады расла перакананасць людзей, што яны самі павінны несці больш адказнасці за тое, каб сябе забяспечыць, у той жа час падала спадзяванне на дзяржаву. Па стане на 2017 год 29% беларусаў лічылі, што за іхны дабрабыт адказная дзяржава. Але ўжо ў 2023 годзе гэтая лічба складала 52%, і толькі 26% лічылі, што чалавек сам адказны за тое, каб сябе забяспечваць», – распавяла Віялета Панасевіч.

Якія мэты павінна паставіць дзяржава на бліжэйшыя 10 гадоў

Большасць рэспандэнтаў – 72% – лічаць, што эканамічныя рэформы ў Беларусі неабходныя. Найбольш важныя мэты, якія дзяржава павінна ставіць сабе на бліжэйшыя 10 гадоў, паводле беларусаў наступныя:

  • 65% лічаць, што галоўнай мэтай дзяржавы мусіць быць стабільнасць эканомікі;
  • 62% – за высокі ўзровень эканамічнага росту;
  • па 33% выступаюць за барацьбу з ростам коштаў і магчымасць уплываць на дзяржаўныя рашэнні;
  • 29% хочуць такіх умоваў у дзяржаве, каб людзі самі больш вырашалі, што ў іх адбываецца;
  • яшчэ 24% хочуць падтрымання парадку ў краіне;
  • 14% хочуць, каб беларускае грамадства ў бліжэйшыя 10 гадоў стала больш гуманным;
  • па 11% лічаць, што галоўныя мэты – гэта барацьба са злачыннасцю і стварэнне грамадства, у якім ідэі цэняцца больш за грошы;
  • 10% выступаюць за абарону свабоды слова;
  • 6% – за высокую абароназдольнасць;
  • і найменш – 4% – лічаць, што дзяржава мусіць зрабіць гарады і вёскі прыгажэйшымі.

71% рэспандэнтаў лічаць, што неабходна рэфармаваць больш за палову ўсіх галінаў эканомікі. Аднак каля 24% маюць складанасці з адказам, якія менавіта рэформы павінны быць праведзеныя. То бок, ёсць упэўненасць, што рэформы патрэбныя, аднак няма разумення, якія менавіта.

Што рабіць з ростам цэнаў?

Асноўныя кірункі рэформаў, паводле рэспандэнтаў даследавання BEROС, наступныя:

  • 79% падтрымліваюць забеспячэнне роўных умоваў канкурэнцыі для дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў;
  • 68% хочуць развіцця рынку каштоўных папераў і акцыяў;
  • 64% чакаюць зніжэння падаткавай нагрузкі на прыватныя прадпрыемствы;
  • больш за палову – 54% – хочуць абмежавання ўплыву дзяржавы на прыняцце рашэнняў у прыватным сектары;
  • 48% падтрымліваюць прыватызацыю прадпрыемстваў і бізнесу;
  • крыху менш – 47% – за забеспячэнне свабоды вонкавага гандлю;
  • 41% рэспандэнтаў лічаць, што трэба ўвесці ўласнасць на зямлю без абмежавання для пакупкі, продажу, камерцыйнага выкарыстання;
  • 35% хочуць адмены кароткатэрміновых працоўных кантрактаў;
  • найменш – 32% – выступаюць за ўвядзенне свабоднага цэнаўтварэння на жаданне прадаўца.

Па 60% рэспандэнтаў лічаць, што рэформы павінны быць як хуткія, так і павольныя. За суперпавольныя рэформы, якія цягнуцца некалькі гадоў, галасуюць толькі 9%.

Аб’ектыў
Гаманцы беларусаў становяцца танчэйшымі
2024.03.18 20:56

90% рэспандэнтаў лічаць, што рост цэнаў на тавары і паслугі – гэта праблема для Беларусі. Пры гэтым 55% мяркуюць, што за 2023 год цэны выраслі больш чым на 15%.

86% рэспандэнтаў лічаць, што дзяржава павінна змагацца з ростам коштаў і рабіць гэта мусіць наступнымі шляхамі:

  • больш за палову – 59% – выказалі меркаванне, што дзяржава павінна спрыяць развіццю рынкавай эканомікі;
  • 48% перакананыя, што трэба жорстка кантраляваць працэс падвышэння цэнаў з увядзеннем пакаранняў для парушальнікаў;
  • 37% лічаць, што дзяржава павінна спрыяць імпартазамяшчэнню і субсідаваць нацыянальных вытворцаў тавараў;
  • 11% лічаць, што трэба абмежаваць эмісію беларускіх рублёў;
  • 9% прапаноўваюць падвысіць норму банкаўскіх рэзерваў, каб скараціць колькасць грашовай масы ў звароце;
  • паводле 7% з той жа мэтай дзяржава мусіць выпусціць у продаж каштоўныя паперы;
  • найменш – 1% – лічаць, што, каб спыніць рост цэнаў, трэба падняць памер стаўкі рэфінансавання Нацбанку РБ, услед за чым падымуцца стаўкі па крэдытах так, што браць іх стане нявыгадна.

Багатыя мусяць плаціць вышэйшыя падаткі

82% лічаць, што рост цэнаў будзе непазбежным цягам 1 – 2 гадоў пасля рэформаў і называюць гэта негатыўным наступствам рэформаў. 63% баяцца павелічэння падаткаў, 51% – зніжэння ўзроўню жыцця, пагаршэння матэрыяльнага дабрабыту. Па 45% чакаюць, што рэформы прывядуць да абвалу курсу беларускага рубля і росту беспрацоўя. 39% асцерагаюцца зніжэння сацыяльнай падтрымкі.

66% рэспандэнтаў выступаюць за прагрэсіўнае падаткаабкладанне і лічаць, што «багацейшыя грамадзяне Беларусі павінны плаціць большы падатак ад прыбытку, чым бяднейшыя». Пры гэтым:

  • па 75% рэспандэнтаў лічаць, што каб стаць буйным бізнесоўцам, трэба быць паспяховым у справах, а таксама крэатыўным і таленавітым;
  • 74% лічаць, што трэба шмат вучыцца і мець добрую адукацыю;
  • 69% – што трэба працаваць, не пакладаючы рук;
  • 66% мяркуюць, што для поспеху трэба быць звязаным з дзейнай уладай;
  • 65% – што трэба нарадзіцца ў багатай сям’і;
  • 55% рэспандэнтаў лічаць, што буйныя бізнесоўцы ў Беларусі атрымліваюць больш мяккае пакаранне за правапарушэнні і злачынствы;
  • 51% лічаць, што паспяховыя бізнесоўцы не заўсёды зарабляюць сумленным шляхам;
  • 50% – што грошы зарабляюцца не заўсёды законным шляхам;
  • 47% перакананыя, што ў поспеху дапаможа шчодрасць;
  • 45% – што сыход ад падаткаў, што і робяць буйныя бізнесоўцы Беларусі, таму людзі і выступаюць за тое, каб яны плацілі большы падатак.
Hавiны
Улады прызналі: рэгуляванне цэнаў абрынула рэнтабельнасць гандлю да гістарычнага мінімуму
2024.02.22 21:40

Прыватызаваць ці не?

Разынка даследавання, паводле Льва Львоўскага – тры эксперыменты, якія праводзіліся з мэтай даведацца, ці магчыма паўплываць на меркаванне людзей адносна эканамічных тэмаў, распавядае Леў Львоўскі. У рамках даследавання адной траціне апытаных да пытання дадавалі нейкі станоўчы меседж па тэме, яшчэ адной траціне – негатыўны, трэцяй траціне не давалі ніякага меседжу, акрамя пытання.

Першы эксперымент датычыў прыватызацыі. 36,4% рэспандэнтаў лічаць, што ў Беларусі не трэба праводзіць прыватызацыю прадпрыемстваў і бізнесу, 34,3% выступаюць за прыватызацыю. Пасля пазітыўнага прыкладу пра тое, што прыватызацыя ў Чэхіі і Польшчы паспрыяла прыцягненню інвестыцыяў і эканамічнаму росту, падтрымка прыватызацыі сярод рэспандэнтаў вырасла. Такім чынам даследчыкі прыйшлі да высновы, што стаўленне беларусаў да прыватызацыі будуецца хутчэй на негатыўных чаканнях, аднак пазітыўная падача рэформаў спрыяе павелічэнню падтрымкі.

«Калі не даваць людзям пазітыўнага прыкладу, у іх прадстаўленні прыватызацыя асацыюецца з досведам хутчэй Расеі 90-х гадоў, калі прыватызацыя прыводзіла да абагачэння асобных людзей і закрыцця прадпрыемстваў. Аднак пазітыўнай карцінкай гэтае ўяўленне можна змяніць», – кажа Леў Львоўскі.

Дапамога па беспрацоўі: дзяржава корміць дармаедаў?

Наступны эксперымент датычыў пытання дапамогі па беспрацоўі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына сталага веку прадае кветкі каля чыгуначнага вакзалу ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

«Значнае адрозненне Беларусі ад іншых краінаў – тое, што ў Беларусі практычна адсутнічае дапамога па беспрацоўі. Фармальна яна ёсць, але раўняецца пары дзясяткаў еўраў на месяц, атрымаць яе складана і выжыць на яе немагчыма, – зазначае спадар Львоўскі. – 67,1% нашых рэспандэнтаў лічаць, што ў Беларусі трэба падняць дапамогу па беспрацоўі, 24,1% лічаць, што не трэба. Базавае стаўленне да дапамогі па беспрацоўі хутчэй пазітыўнае».

Калі даследчыкі далі рэспандэнтам пазітыўны стэйтмэнт – растлумачылі эканамічную логіку дапамогі – што яна дазваляе людзям знайсці прыдатную працу, павялічвае эфектыўнасць эканомікі і распавядалі, што пражыць на бягучую дапамогу нельга, гэта амаль ніяк не паўплывала на адказы групы, дзе не было ніякай дадатковай інфармацыі.

«Частцы рэспандэнтаў намалявалі негатыўную карцінку, якая супадае з меркаваннем беларускіх чыноўнікаў, што дапамога па беспрацоўі павялічвае беспрацоўе, што, маўляў, у краінах Еўропы людзі жывуць на гэтую дапамогу і не хочуць шукаць працу, то бок, так дзяржава корміць дармаедаў. Пасля гэтага меседжу колькасць людзей, якія падтрымліваюць павелічэнне памеру дапамогі, зменшылася», – распавядае эксперт BEROC.

Агляд
Як выглядае беспрацоўны беларус? Белстат склаў партрэт
2024.02.28 20:38

Трэці эксперымент датычыў пенсійнай рэформы. Яго вынікі:

  • 59% рэспандэнтаў лічаць, што ў Беларусі патрэбная структурная пенсійная рэформа ў бок увядзення накапляльнага кампаненту;
  • 31% рэспандэнтаў лічаць, што рэформа не патрэбная;
  • 1% лічаць, што трэба зніжаць пенсію;
  • 7% лічаць, што трэба падвышаць пенсійны ўзровень жанчын;
  • 3% лічаць, што пенсійны ўзрост трэба падвысіць усім.

Розныя меседжы ніяк не паўплывалі на адказы, што гаворыць аб тым, што людзі добра інфармаваныя пра стан справаў у пенсійнай сістэме і большасць падтрымліваюць рэформы ў гэтай галіне, зазначыў Львоўскі.

Кансерватары, спажыўцы і рэфарматары: групы выбарнікаў у Беларусі

Акрамя таго, даследчыкі правялі кластарны аналіз, каб высветліць, якія ў Беларусі ёсць групы выбарнікаў, і ці можна іх адрозніць у грамадстве. Аказалася, што кластары ёсць, але яны не моцна залежаць ад сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык, больш – «ад стану розуму і душы».

Па выніках атрымалася выдзеліць групы кансерватараў, спажыўцоў, асцярожных рэфарматараў і дзёрзкіх рэфарматараў. Ёсць пытанні, якія падтрымліваюць усе кластары – гэта роўныя ўмовы вядзення бізнесу і прагрэсіўная сістэма падаткаў.

«Датычна прыватызацыі кансерватары больш супраць, спажыўцам без розніцы, дзёрзкія рэфарматары за дзвюма рукамі. За рынкавыя цэны выступаюць дзёрзкія і асцярожныя рэфарматары, а кансерватары і спажыўцы  больш супраць. Калі ж у цэлым эканамічныя каштоўнасці беларусаў можна ацаніць як прарынкавыя ліберальныя, то ў пытанні адміністратыўнага кантролю цэнаў беларусы хутчэй згодныя з бягучай уладай», – кажа Леў Львоўскі.

Эксперты даследавалі таксама стаўленне да пытання, якое рэдка падымаецца ў Беларусі – рынку зямлі. Высветлілася, што кансерватары больш супраць увядзення прыватнай уласнасці на зямлю, а рэфарматары – за.

«Але хоць у Беларусі існуюць розныя групы, аб’яднаныя агульнымі каштоўнасцямі, на вока разлічыць іх у натоўпе наўрад ці атрымаецца. Identity politics для Беларусі хутчэй неактуальная. Ёсць розніца па сацыяльным, узроставым складзе, прафесійнай занятасці паміж прадстаўнікамі розных кластараў, але гэтыя адрозненні даволі малыя і па большасці пытанняў статыстычна нязначныя», – зазначае спадар Львоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына шпацыруе па Горадні, Беларусь.
Фота: Белсат

Большасць рэфарматараў – у малых гарадах

Экспертаў падчас даследавання чакалі некалькі «сюрпрызаў». Даследчыкі па змаўчанні лічылі, што рэфарматары – гэта людзі з вялікіх гарадоў, з вялікімі заробкамі, самазанятыя, але атрымалася, што на самой справе гэта не зусім так.

«Так, сярэднія даходы рэфарматараў вышэйшыя за кансерватараў і спажыўцоў, але, мякка кажучы, не ў разы. Па ўзросце ніякай розніцы няма. Па гендарным складзе сярод рэфарматараў больш мужчын. У малых гарадах менш кансерватараў і больш дзёрзкіх рэфарматараў, што нас здзівіла. Магчыма, прычына ў тым, што ў малых гарадах умовы жыцця горшыя, таму людзі больш хочуць штосьці змяняць», – кажа Леў Львоўскі.

Агульная выснова даследавання – насельніцтва Беларусі падтрымлівае правядзенне эканамічных рэформаў і ўсведамляе іх наступствы, эканамічныя каштоўнасці беларусаў не моцна змяніліся з 2017 года.

«Сур’ёзнае змяненне адбылося ў локусе кантролю, у тым, каго беларусы лічаць адказным за сваё жыццё. Але, магчыма, тут справа ў змяненні ўспрыняцця фармулёўкі – магчыма, цяпер пытанне «хто адказны за дабрабыт» успрымаецца як «на кім ляжыць віна за бягучы стан справаў» і таму беларусы адказваюць, што віна ляжыць на дзяржаве. У той жа час усе самыя важныя рэформы на радзіме беларусы хутчэй падтрымліваюць», – рэзюмуе Леў Львоўскі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў