«Беларусь мае ў ЕЗ багата нерухомасці». Ці заплаціць Менск абрабаваным бізнесоўцам?


Брытанскі інвестар, у якога беларускія ўлады забралі сонечную электрастанцыю, падаў пазоў у суд; беларускі прадпрымальнік Аляксандр Мураўёў таксама паабяцаў судзіцца з Менскам за страчаны бізнес. «Белсат» спытаў праўніка Міхаіла Кірылюка, якія шанцы пазоўнікаў на поспех і ці ёсць імавернасць, што Беларусь будзе плаціць, калі прайграе працэсы.

Санаторый «Беларусь» у Друскінінкаі. Друскінінкай, Літва. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Падданы Вялікай Брытаніі Кіябод Тутанян Машад падаў пазоў супраць Беларусі ў Міжнародны цэнтр урэгулявання інвестыцыйных спрэчак. Гэтая ўстанова – частка групы Сусветнага банку, створаная ў 1966 годзе для разбору юрыдычных спрэчак паміж міжнароднымі інвестарамі і дзяржавамі.

Якой сумы бізнесовец патрабуе з уладаў Беларусі, пакуль не вядома. Акалічнасці пазову на сайце суда не апублікаваныя. Адказнікамі ў справе пазначаныя Рэспубліка Беларусь, а таксама прэзідэнт, прэм’ер-міністр, міністры замежных справаў, юстыцыі, эканомікі, энергетыкі і старшыня Дзяржаўнага камітэту маёмасці.

Кіябод Тутанян Машад інвеставаў у кампанію «Солар Лэнд», зарэгістраваную ў 2015 годзе. Фірма пабудавала і эксплуатавала сонечную электрастанцыю ў Чэрыкаўскім раёне на Магілёўшчыне. Працаваць яна пачала ў верасні 2021 года. Агульная сума інвестыцыйных выдаткаў на праект ацэньвалася на 170 млн долараў.

Hавiны
Брытанскі інвестар падаў у суд супраць уладаў Беларусі за канфіскаваную станцыю
2024.03.21 12:20

З 2022 года гэтая прыватная кампанія прадавала дзяржаве электраэнергію, атрымаўшы амаль 15,8 млн рублёў. Аднак дзяржава знізіла тарыф і запатрабавала вярнуць нібыта пераплачанае.

У студзені сёлета сталася вядома, што Эканамічны суд Магілёўскай вобласці нацыяналізаваў станцыю з увагі на запазычанасць кампаніі-ўласніка – тыя самыя 15,8 млн рублёў.

У сакавіку аб’ект выставілі на аўкцыён са стартавай цаною 79,5 млн рублёў (у пераліку – амаль 25 млн долараў). Аднак таргі не адбыліся праз адсутнасць ахвочых.

Hавiны
Аляксандр Мураўёў даў першае інтэрв’ю. Ён абвінавачвае беларускі рэжым у катаваннях і будзе звяртацца ў суд, каб вярнуць сваю маёмасць
2024.03.18 16:49

Днямі бізнесовец Аляксандр Мураўёў паведаміў, што будзе судзіцца з Беларуссю праз страту сваіх актываў. Гаворка можа весціся пра 274 млн еўраў.

Некалі Мураўёў займаў 36-е месца ў рэйтынгу самых заможных прадпрымальнікаў Беларусі. Праз аўстрыйскую кампанію «АТЕС Holding GmbН» яму належалі некалькі значных актываў – «Менскі мотавелазавод», шклозаводы ў Ялізаве і Гомлі. У 2013 годзе ў уладаў узніклі пытанні да працы велазаводу: маўляў, бізнесовец не інвеставаў столькі, колькі мусіў, а само прадпрыемства не павялічыла аб’ёмаў вытворчасці.

Праз два гады, калі Мураўёў адмовіўся аддаваць дзяржаве акцыі заводу, сілавікі «неспадзявана» заўважылі падатковыя парушэнні ды іншыя злачынствы, нібыта ўчыненыя ім: махлярства і крадзеж. Бізнесоўцу прысудзілі 11 гадоў калоніі, актывы сканфіскавалі.

У сакавіку летась стала вядома, што Мураўёў выйшаў на волю, ён з’ехаў у Дубай. Умовы ягонага датэрміновага вызвалення невядомыя.

Каментар
Эканаміст назваў «суб’ектыўнай ацэнкай хворага чалавека» загад Лукашэнкі інвестарам «не нажывацца на народзе»
2024.01.19 10:07

«Мяркую, што шанцы, каб выйграць, маюцца», – сказаў «Белсату» прававы дарадца Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк, разважаючы пра перспектывы такіх судовых разбораў. Агулам, як адзначыў юрыст, такія працэсы, калі інвестары спрачаюцца з урадамі розных краінаў, – цывілізаваная распаўсюджаная практыка.

«Такія справы Беларусь ужо прайгравала. Напрыклад, суд абавязаў Міністэрства юстыцыі Беларусі выплаціць 20 млн долараў расейскаму інвестару «Манолиум». Я не ведаю, ці была выкананая гэтая пастанова, аднак яшчэ на стадыі спрэчак былі вядомыя замежныя актывы Беларусі: праўнікі на гэтай стадыі могуць прымаць канкрэтныя захады, каб затым накладаць нейкія абцяжарванні на гэтыя актывы», – сказаў Кірылюк.

Ён растлумачыў, што ў выпадку адмовы Менску плаціць могуць быць сканфіскаваныя актывы Беларусі ў тых краінах, якія прызнаюць юрысдыкцыю таго ці іншага суда:

«Той жа санаторый у Літве. Упэўнены, што Беларусь у Еўразвязе мае багата нерухомасці. Канфіскацыя пагражае ва ўсіх дзяржавах, якія прызнаюць пастановы арбітражу, – то бок увесь свет за выняткам некаторых сяброў Пуціна. Найпрасцей, вядома, у ЕЗ».

Кірылюк нагадаў, што беларускія замежныя актывы не арыштоўвалі, як расейскія, пасля пачатку вайны. Таму забіраць ёсць што.

«Тут можна толькі паспачуваць нам усім, што грошы беларускіх падаткаплатнікаў марнуюцца такім чынам. Са скрадзеных 100 мільёнаў Лукашэнка верне 150 з усімі адсоткамі і штрафамі. Розніцу ён возьме з кішэні беларусаў. А дадаткова Беларусь недаатрымае інвестыцыяў на мільярды, бо такія рэчы трапляюць у справаздачы ўсіх міжнародных кансалтынгавых кампаніяў, рэйтынгавых, падатковых, прававых. У нас не будзе аніякіх інвестыцыяў, акрамя кітайскіх, а яны не самыя прыемныя», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Аб’ектыў
Хто працягвае інвеставаць ў Беларусь?
2024.03.12 20:57

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў