Крыніца «Белсату»: Былога ўладальніка «Мотавела» вызвалілі ўмоўна-датэрмінова


Былога ўладальніка Мотавелазаводу Аляксандра Мураўёва вызвалілі ўмоўна-датэрмінова, па сутнасці ён «разлічыўся з беларускім «правасуддзем». Аб гэтым «Белсату» паведаміла незалежная дасведчаная крыніца. Расказваем, чые інтарэсы ў свой час перайшоў бізнесовец.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Мотавела». Крыніца: wikipedia.org

14 сакавіка стала вядома, што колішні буйны беларускі бізнесовец Аляксандр Мураўёў знаходзіцца на волі і пакінуў Беларусь. Суразмоўца «Белсата» адзначае, што не гледзячы на тое, што бізнесовец фактычна не адбыў за кратамі 11 гадоў, ён адбыў усё што яму было наканавана.

«З 11 гадоў зняволення, на якія Аляксандр Мураўёў быў асуджаны, ён можа быць, не адбыў толькі некалькі месяцаў. Але «дэ-юрэ» з беларускім «правасуддзем» ён разлічыўся, яго вызвалілі ўмоўна-датэрмінова амаль перад самым сканчэннем тэрміну зняволення. Ад першапачатковага тэрміну пакарання два гады «зʼелі» дзве амністыі, пад якія ён патрапіў. Затым тэрмін турэмнага зняволення паменшыўся яшчэ амаль на год з-за пераліку часу знаходжання ў СІЗА па схеме «дзень за паўтара». Адлік астатніх 8 (ці нават меней) гадоў зняволення для яго пачаўся з моманту затрымання летам 2015 года. Значыць павінен быў выйсці летам 2023 года. За год да сканчэння тэрміну яго перавялі на так званую хімію – у калонію пасялення. І вось вызвалілі па УДВ», – патлумачыў суразмоўца.

У тым, што нядаўна вызвалены Мураўёў аказаўся за мяжой, суразмоўца таксама не бачыць нічога дзіўнага: «На Мураўёве не было фінансавых даўгоў, таму ён быў выязны, вось і скарыстаўся магчымасцю выехаць».

Раней паведамлялася, што Аляксандр Мураўёў вызвалены ў снежні-студзені і знаходзіцца ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

У 2017 годзе ён быў асуджаны на 11 гадоў зняволення паводле абвінавачвання ў махлярстве, крадзяжы, ухіленні ад выплаты падаткаў і дапамозе ў здзяйсненні злачынстваў. Да гэтага быў адным з буйнейшых бізнесоўцаў Беларусі, займаў 36 пазіцыю ў Топ-100 беларускіх бізнесоўцаў. Праз аўстрыйскае прадпрыемства «АТЕС Holding GmbН» Мураўёву належалі некалькі значных актываў – «Менскі мотавелазавод», завод па вытворчасці шклотары ў Елізава і Гомельскі шклозавод.

На заводы Мураўёва двойчы наведваўся Аляксандр Лукашэнка. У лютым 2006 года ён быў у Елізава і нават паўдзельнічаў у пуску новай печы для варкі шкла. У лютым 2013 года Лукашэнка наведаў «Менскі мотавелазавод».  Гэты візіт прайшоў пад знакам незадаволенасці невыкананнем першапачаткова бізнесплану, пасля чаго ў Мураўёва пачаліся непрыемнасці.

Паводле экспертаў, адным з самых значных актываў, якія кантраляваў Мураўёў праз валоданне «Мотавелазаводам», былі размешчаныя на тэрыторыі заводу ўчасткі зямлі. Пасля прысуду ў 2015 годзе пакет акцыяў, блізкі па памерах да 100%  ўсіх акцыяў прадпрыемства, перайшоў з уласнасці Аляксандра Мураўёва ва ўласнасць дзяржавы.

Цікава, што затым было створана новая юрыдычная асоба ООО «Мотавелазавод», якую ўзначаліў Мікалай Ладуцька. На момант візіту ў 2013 годзе ён быў старшынёй Менскага гарвыканкаму і на нарадзе з Лукашэнкам на прадпрыемстве абрушыўся з крытыкай на дзейнасць Мураўёва як інвестара.

На сённяшні дзень зямельныя ўчасткі, якія пры Мураўёве былі ва ўласнасці прадпрыемства, перададзены Менскаму тэхнапарку. Там распачата будоўля камерцыйнай нерухомасці, на плошчах якой, паводле Менскага гарвыканкаму, можа быць размешчана розная дробнасерыйная вытворчасць па выпуску разнастайнай прадукцыі – ад медычнага да сельскагаспадарчага абсталявання. Пры гэтым у 2022 годзе гэтыя абʼекты Лукашэнка на адмысловай нарадзе назваў даўгабудамі. Цікава, што ў 2021 годзе план забудовы тэрыторыяў на Менскім мотавелазаводзе быў амаль цалкам засакрэчаны.

Важным момант: тэрыторыя «Мотавелазавода» знаходзіцца побач з тэрыторыяй фабрыкі «Камунарка», адкуль таксама ў свой час выкінулі інвестара і якую таксама па-сутнасці нацыялізавалі. Частка былой тэрыторыі «Камунаркі» патрапіла ў адзін план забудовы разам з былымі землямі «Мотавелазавода».

Аналітыка
«Чыноўнік у найлепшым выпадку ўмее рабіць сур’ёзны твар». Як «Мотавела» дакацілася да такога жыцця
2022.08.16 19:37

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў