Не ведаюць хуткасці зубра. Пашпарт Новай Беларусі не змаглі падрабіць – і наўрад ці змогуць


Дзяржаўная прапаганда Беларусі заявіла, што атрымала ў Вільні пашпарт Новай Беларусі. У эфіры паказалі даволі грубую падробку з мноствам памылак, сцвярджае спецыяліст, які працуе над сапраўднымі пашпартамі.  Фальшыўка прапагандыстаў развесяліла яго, ён расказаў «Белсату», чаму рэалістычнай падробкі зрабіць не атрымаецца.

Фальшывы «Пашпарт Новай Беларусі»
Фальшывы пашпарт Новай Беларусі, паказаны дзяржаўнай прапагандай Беларусі. 19 сакавіка 2024 года.
Скрыншот: Телеканал ОНТ / Youtube

Прапагандыст Ігар Тур у эфіры дзяржаўнага ОНТ паказаў кніжку, падобную формай да папярэдняга ўзору, прадэманстраванага праектам нацыянальных пашпартоў Беларусі, над якім працуе Аб’яднаны пераходны кабінет.

У паказаным ёсць відавочныя памылкі, а ёсць і такія, пра якія прапагандысты наўрад ці даведаюцца, расказаў «Белсату»  прадстаўнік каманды, што працуе над пашпартам Новай Беларусі.

У прапагандыстаў былі і відавочныя памылкі, і тыя, пра якія яны не маглі ведаць

Інтэрнэт-карыстальнікі адразу заўважылі, што ў паказаным на ОНТ фальшывым пашпарце імя Генадзь лацінкай напісанае як Генадж – не Hienadź, а Hienadž. Звярталі ўвагу і на шматлікія іншыя несупадзенні. Таксама адзначалі, што ініцыялы «атрымальніка пашпарта» складваюцца ў скарот КГБ, ды аказалася, што гэта сапраўдны спецслужбіст – яго апазналі «Кіберпартызаны».

Наступным днём прапагандысты паказалі яшчэ адну такую падробку на імя іншага чалавека – з тымі самымі памылкамі (толькі чалавек гэты ўжо падпісаны як Джмітры). Акрамя таго, новы «пашпарт», які паказалі прапагандысты, мае меншы нумар, але выдадзены пазней, чаго не можа быць з сапраўдным дакументам.

Спецыяліст з каманды праекту нацыянальнага пашпарту расказаў «Белсату» пра іншыя памылкі, відавочныя прафесіяналам, але не бачныя прапагандыстам. Гэтыя памылкі маглі перанесці з дэманстрацыйнага відэа, паказанага на канферэнцыі «Новая Беларусь». Але тое відэа не паказвала сапраўднага дакументу з усімі ступенямі бяспекі, а дэманстравала толькі першапачатковы варыянт дызайну.

• У фальшыўцы паказаныя серыя і нумар пашпарту ў фармаце «RB 001057». У сапраўдным нацыянальным пашпарце будзе іншы фармат серыі і нумару. Колькі будзе лічбаў і літараў, пакуль сакрэт. Да таго ж, калі верыць лічбам з фальшыўкі прапагандыстаў, выходзіць, што «пашпартоў Новай Беларусі» выдалі ўжо 1057 – але на іх яшчэ нават не пачыналі прымаць заявак, а прапаганда ж раней казала, што гэта «сувенір», які «ніколі не пабачыць свет».

• У фальшыўцы код краіны пазначаны як «Belarus (001)». Насамрэч, паводле міжнародных нормаў, якімі кіруецца каманда праекту новага нацыянальнага пашпарту, код мае быць толькі лічбавым.

• Зона, якая счытваецца аўтаматычна, напрыклад, сканерамі на мяжы, у фальшыўцы зробленая не ў тым фармаце, што будзе ў сапраўдным дакуменце. У паказаным раней дызайне яна наўмысна зробленая не паводле міжнародна вызначанага алгарытму, з іншымі шрыфтамі і паслядоўнасцямі. Але ў сапраўдных пашпартах усё будзе як належыць і звесткі з зоны аўтаматычнага счытвання будуць счытвацца, запэўнівае прадстаўнік праекту новага нацыянальнага пашпарту Беларусі.

• Да таго ж, прапагандысты заяўляюць, што атрымалі асобнік з «пробнай партыі пашпартоў», але спецыяліст заяўляе, што гэта абсурд:

«Зразумейце, не можа быць ніякай пробнай партыі дзейных пашпартоў, – тлумачыць суразмоўца. – Пашпарт або выдаецца грамадзяніну, або не. Так, сапраўды, існуюць узоры, на якіх так і напісана вялікімі літарамі. А вось “пробная партыя дакументаў” – гэта нейкае ноу-хау КДБ і прапаганды. Як вы сабе ўяўляеце трэнавальныя правы кіроўцы ці вучэбныя пасведчанні аб нараджэнні?»

Тое самае – са сцвярджэннем пра дакументы, нібыта атрыманыя з «першай партыі нізкай якасці»:

«Калі пашпарты друкуюцца не на хатнім прынтары, як тыя, што паказвае прапаганда, а па-сапраўднаму, як гэта ва ўсім свеце робіцца, то не можа быць выдадзена грамадзяніну дакументу з “партыі нізкай якасці” – любы брак адсейваўся б яшчэ на папярэдніх этапах, пра якія або забыліся, або проста не ведалі сцэнарысты гэтых баек».

Hавiны
Беларусам прыходзяць фэйкавыя лісты «пашпартнага цэнтру» новай Беларусі
2024.03.20 14:00

Пашпарт будзе цяжка падрабіць праз абарону міжнароднага ўзроўню і сюрпрызы ад стваральнікаў

У сапраўдных пашпартах існуе шмат ступеняў абароны. У новым нацыянальным пашпарце Беларусі абяцаюць зрабіць бяспеку адпаведна найвышэйшым міжнародным стандартам – гэта крытычна важна для прызнання дакументу іншымі краінамі. І ў пашпартах, як у грашовых купюрах, ёсць шмат невідавочных дэталяў – такіх асаблівасцяў, якія не заўважыш няўзброеным вокам, або такіх, якія могуць здавацца неахайнасцю або дэфектам друку і быць памылкова выпраўленыя махлярамі.

Хаця ў прэзентаваным чарнавіку пашпарту Новай Беларусі была і сапраўдная памылка – у адным месцы няправільна абвялі межы Беларусі, гэта маюць выправіць. Таксама ў чарнавіку скарысталі карціну Марка Шагала «Палёт над горадам», на якую, як аказалася, яшчэ не скончыліся аўтарскія правы, таму яе замянілі на карціну «На Купалле» Міхася Філіповіча.

Каманда праекту запэўнівае, што наўмысных «пасхалак» – гэткіх сакрэтных дэталяў супраць падроблівання – засталося яшчэ шмат нават у дызайне, прэзентаваным сем месяцаў таму. Гэта значыць, што для падроблівання давядзецца не толькі навучыцца падрабляць пашпарты ўзроўню Еўразвязу, але і ведаць, якія сюрпрызы пакінулі стваральнікі гэтага канкрэтнага дакументу.

Узор адной са старонак новага Нацыянальнага пашпарта
Узор адной са старонак новага нацыянальнага пашпарту.
Выява: Belarus-passport.com

Так, у праекце нацыянальнага пашпарту, які паказвалі на канферэнцыі «Новая Беларусь», у кутках старонак ёсць выява зубра, яна на кожнай старонцы крыху розная. Калі гартаць старонкі хутка, будзе здавацца, што зубр бяжыць.

«Можам сказаць, што ў новым дызайне зубр будзе бегчы з іншай хуткасцю пры гартанні старонак пашпарта. Але з якой менавіта – адзін з найвялікшых сакрэтаў нашай каманды», – смяецца суразмоўца.

Спецыялістаў праекту вельмі развесяліла гэткая слабая падробка, на сапраўднасці якой ужо два дні настойвае прапаганда. Суразмоўца жартуе: «Ці не замяніць пасля такой рэкламы зубра на тура?» І працягвае сур’ёзна: ні ў якім разе каманда не будзе замаруджваць такі патрэбны беларусам праект дзеля таго, каб пакпіць з прапаганды і КДБ, бо «яны выдатна даюць рады і самі».

Калі ўжо пачнуць прымаць заяўкі на пашпарты?

Папярэдні ўзор дакументу распрацавалі яшчэ ў пачатку 2023 года.  Чарнавік дызайну быў афіцыйна прэзентаваны 6 жніўня 2023 года. Спадзяваліся пачаць выдаваць пашпарты ў першыя месяцы 2024 года, ды рэалізацыя праекту зацягнуўся.

Раней прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі абяцаў, што ўжо да канца сакавіка 2024 года будуць надрукаваныя першыя асобнікі пашпарту і распачнуцца перамовы наконт прызнання іншымі краінамі. Ды цяпер праз затрыманне з матэрыяламі тэрміны пасунуліся на два тыдні: да канца сакавіка плануюць надрукаваць першыя ўзоры дакументаў, а ўжо ў красавіку будуць разасланыя першыя запыты на прызнанне ўрадамі іншых краінаў.

Выдаваць жа пашпарты змогуць толькі пасля першых прызнанняў іншымі краінамі, казаў Кавалеўскі. Як будуць першыя прызнанні, толькі тады пачнецца прыём заявак, іх апрацоўванне і верыфікацыя.

Разбор
Пашпарт Новай Беларусі: дзейсны дакумент ці прыгожы сувенір з Пагоняй?
2024.01.26 17:56

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў