Паліну Шарэнду-Панасюк моцна збілі ў калоніі


Пра тое, што палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк моцна збілі ў калоніі, паведаміў «Белсату» муж жанчыны – Андрэй Шарэнда. Дзе цяпер трымаюць палітзняволеную, невядома ўжо два тыдні.

Паліна Шарэнда-Панасюк. Крыніца: spring96.org

Андрэй Шарэнда кажа, што ананімная жанчына паведаміла ў праваабарончы цэнтр «Вясна», як сустракалася з Палінай 22 чэрвеня, калі яе яшчэ этапавалі з калоніі № 24 у «Навінкі». Са словаў жанчыны, Паліна была моцна збітая.

«У яе на твары было бачна шмат сінякоў, у яе была перабітая пераносіцца. А таксама Паліна паведаміла, што ў гомельскай калоніі супраць яе ўчынілі правакацыю: падсадзілі ў камеру да жанчын, якія проста збілі яе. Пасля чаго мая жонка была змешчаная ў санчастку калоніі. Гэта значыць, што пашкоджанні ў яе былі вельмі значныя, бо проста так туды не трапляюць. І нам дакладна невядома, колькі дакладна яна была ў гэтай санчастцы. Якраз у той час яна знікла на тры тыдні, пра яе не было ніякай інфармацыі. Цяпер ізноў больш за два тыдні пра Паліну нічога не чуваць, жыццё маёй жонкі – у рэальнай небяспецы», – заявіў Андрэй Шарэнда.

Паліна мелася выйсці на свабоду 6 жніўня, але супраць яе ўжо другі раз была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Цяпер жанчыне пагражае да двух гадоў зняволення.

Маці дваіх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Сілавікі са зброяй і ў бронекамізэльках выламалі дзверы ў ейную кватэру, учынілі ператрус, канфіскавалі маёмасць, а яе самую ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. 9 чэрвеня 2021 года суддзя Яўген Брэган прысудзіў Шарэндзе-Панасюк два гады калоніі агульнага рэжыму. Абвінавачанне падтрымліваў пракурор Павел Крупеніч.

У лютым 2022 года з ініцыятывы начальніка гомельскай ПК № 4 падпалкоўніка Дзяніса Таўсцянкова суддзя Мікалай Крупадзёраў дадаў Паліне яшчэ год зняволення паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

Нагадаем, што ў калоніі Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася ад грамадзянства Беларусі.

Разбор
Як «шылі справу» супраць палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк
2023.06.01 14:50

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў