ЗША вырашылі ўвесці новыя санкцыі адносна Расеі і Беларусі


У Федэральным рэестры Злучаных Штатаў 23 траўня будуць апублікаваныя дадатковыя санкцыі адносна Расеі і Беларусі. Якімі яны будуць, афіцыйна невядома, але расейскія і пакістанскія медыі ўжо распаўсюджваюць звесткі пра неапублікаваны дакумент.

Дэпартамент камерцыі ЗША
Дэпартамент камерцыі Злучаных Штатаў. Вашынгтон, ЗША. 14 траўня 2013 года.
Фота: John Sonderman / Flickr, CC BY-NC 2.0

Паводле неапублікаванага дакументу, на які спасылаюцца расейскія і пакістанскія медыі, пад новыя санкцыі ЗША трапяць 1224 прамысловыя вырабы – каб экспартаваць ці рээкспартаваць іх у Беларусь ці Расею, спатрэбіцца адмысловая ліцэнзія. У спіс нібыта патрапяць інструменты і электрапрылады, пасажырскі транспарт, у тым ліку водны, абсталяванне для харчовай прамысловасці, фарбы і лакі, нават фотапапера і некаторыя іншыя папяровыя вырабы.

Медыі спасылаюцца на яшчэ не апублікаваны дакумент і на заяву Дэпартаменту камерцыі ЗША. Знайсці першакрыніцы такіх заяваў або апублікаваны дакумент пра санкцыі «Белсату» не ўдалося – у афіцыйным рэестры дакумент будзе апублікаваны толькі 23 траўня. Якім бокам санкцыі закранаюць Пакістан, медыі якога аб іх паведамілі першымі, незразумела.

Аднак сам факт пашырэння санкцыяў несумнеўны. Тым больш, на саміце «Вялікай сямёркі» 19 траўня дзяржавы дамовіліся (PDF) узмацніць ціск на Крэмль новымі санкцыямі, якія кожная краіна распрацуе асобна. Вызначылі агульны прынцып: абмежаваць пастаўкі ў Расею ўсяго, што мае крытычнае значэнне для вядзення вайны ва Украіне.

Дэпартамент камерцыі ЗША апошні раз падрабязна расказваў аб пашырэнні санкцыяў адносна Беларусі і Расеі 1 красавіка, тады пад санкцыі трапілі 24 беларускія кампаніі і 71 расейская. Да таго ж, 19 траўня Дэпартаменту камерцыі ЗША ўвёў санкцыі супраць 71 арганізацыі, з якіх 69 расейскіх, па адной з Арменіі і Кыргызстану. Гэтыя санкцыі тычацца нафтавых і газавых праектаў у Расеі і Беларусі, але падрабязнасцяў пакуль не публікавалі.

Hавiны
Польшча заклікае ЕЗ увесці санкцыі супраць уладаў Беларусі за ўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей
2023.05.17 12:21

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў