Польшча заклікае ЕЗ увесці санкцыі супраць уладаў Беларусі за ўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей


Пастаянны прадстаўнік Польшчы пры Еўразвязе Анджэй Садась 16 траўня праінфармаваў амбасадараў 26 краінаў Еўразвязу аб датычнасці ўладаў Беларусі да арганізацыі вывазу ўкраінскіх дзяцей і заклікаў увесці санкцыі. Пра гэта паведамляе Польскае прэсавае агенцтва (РАР) са спасылкай на крыніцы ў Бруселі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Садась падаў на сустрэчы інфармацыю, якая была ў лісце, атрыманым ім ад Паўла Латушкі, прадстаўніка часовага беларускага ўраду і кіраўніка НАУ.

У лісце сказана, што 2000 дзяцей, пераважна з акупаваных тэрыторыяў Украіны, былі дэпартаваныя ў лагеры адпачынку і санаторыі Беларусі. Адна з такіх установаў – лагер «Дубрава», які належыць дзяржаўнай кампаніі «Беларуськалій». Незаконным вывазам дзяцей у Беларусь займаюцца дабрачынны фонд Аляксея Талая супольна з данецкай грамадскай ініцыятывай «Дэльфіны» пад кіраўніцтвам Вольгі Волкавай.

За гэтыя дзеянні Польшча заклікае накласці санкцыі на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Таксама выданне паведамляе, што ў Бруселі выказваюцца прапановы аслабіць санкцыі ў дачыненні беларускага калію, спасылаючыся на запэўніванне сусветнай харчовай бяспекі. У той жа час Польшча і шэраг іншых краінаў Звязу выступаюць супраць, аргументуючы сваю пазіцыю тым, што беларускі калій на сусветным рынку быў замешчаны канадскім, а сусветныя цэны на сельгаспрадукцыю і ўгнаенні ўжо зніжаюцца.

На сустрэчы пасол Садась чарговы раз падкрэсліў, што Польшча не пагодзіцца на якое-небудзь аслабленне санкцыяў Еўразвязу ў дачыненні Беларусі.

Алена Рувіна belsat.eu





 

Стужка навінаў