Свята-Елісавецінскі манастыр ператварыўся ў прарасейскі бізнес-холдынг. Расследаванне «Бюро»


Расследавальнікі «Бюро» пры дапамозе «Кіберпартызанаў» і «Хрысціянскай візіі» даследавалі камерцыйную і палітычную дзейнасць Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра, які назвалі «дзяржавай у дзяржаве». «Белсат» сцісла пераказвае вялікае расследаванне.

Канцэрт «Сваіх не кідаем» у «духоўна-асветніцкім» цэнтры «Каўчэг»
Канцэрт «Сваіх не кідаем» у «духоўна-асветніцкім» цэнтры «Каўчэг» пры Свята-Елісавецінскім манастыры. Менск, Беларусь. 24 лютага 2024 года.
Фота: Максім Чарнагалоў / Obitel-minsk.ru

Менскі Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр быў заснаваны ў 1999 годзе ў менскім раёне Навінкі на месцы, дзе раней не было цэркваў. Ён названы ў гонар нямецкай прынцэсы і расейскай вялікай княгіні па шлюбе Елізаветы Фёдараўны, ніяк не звязанай з Беларуссю.

Гэты манастыр мае скандальную рэпутацыю: у разгар пандэміі каронавірусу там не выконвалі захады бяспекі і атрымалі ўспышку хваробы, духоўнік манастыра Андрэй Лемяшонак падтрымаў масавыя рэпрэсіі супраць беларусаў, затым манастыр падтрымаў напад на Украіну не толькі прапагандай, але і зборамі дапамогі расейскім войскам.

Кіраўніца ідэалагічнага ўпраўлення Менгарвыканкаму Вольга Чамаданава, нагадвае «Бюро», на сходзе духавенства Менскай епархіі наракала, што настаяцелі менскіх храмаў амаль не выступаюць у дзяржаўных медыях, а актыўныя толькі Свята-Елісавецінскі манастыр і Усіхсвяцкі прыход, ключаром якога ёсць «духоўнік» Аляксандра Лукашэнкі протаіерэй Фёдар Поўны.

Камерцыйная дзейнасць за «ахвяраванні», каб не плаціць падаткі

За чвэрць стагоддзя з заснавання структура манастыра разраслася да 7 юрыдычных асобаў у Беларусі і Расеі з прыблізна 1600 супрацоўнікамі, 12 храмаў, 70 царкоўных лавак у Менску, больш як дзясятка майстэрняў, нядзельнай школы, патранажнай службы, жаночага і мужчынскага падворкаў, паломніцкага цэнтру, «духоўна-асветніцкага» цэнтру «Каўчэг» і дзіцяча-юнацкага руку «Арляняты», а таксама Сястрыцтва ў гонар святой Елісаветы, ва ўласнасці якога больш за 300 гектараў зямлі.

Крыніцы «Бюро» сцвярджаюць, што манастыр вядзе падвойную бухгалтэрыю дзеля пазбягання падаткаў і ўнёскаў, афіцыйны «белы» заробак у манастыры складае толькі 15 % ад сплачанага. Рэшту афармляюць як «дабрачыннае ахвяраванне за царкоўны послух». Ахвяраванні сапраўды не абкладаюцца падаткам на прыбытак, з іх не трэба плаціць унёскі ў пенсійны фонд.

Андрэй Лемяшонак заявіў «Бюро»: «Не, мы не плацім [зарплату ў канвертах]. Мы плацім афіцыйную, а калі нейкая перапрацоўка або калі чалавек зрабіў штосьці лепш – мы яму даплачваем».

Злева направа: пратаірэй Андрэй Лемяшонак, Аляксандр Лукашэнка і мітрапаліт Веніямін.
Фота: president.gov.by

Ды «Бюро» перакананае, што пад «ахвяраванні» ў манастыры маскуюць даходы за камерцыйныя паслугі. Так, каб аддаць дзіця ў летнік пры дзіцячым цэнтры, трэба сплаціць «рэкамендаванае ахвяраванне» ў 250 рублёў за 5 дзён ці 450 рублёў за 10 дзён, пры раннім браняванні зніжка 40 рублёў. Таксама былі акрэсленыя памеры «ахвяраванняў», напрыклад, за майстар-клас мастака-акварэліста.

Пры тым у гандлёвых аб’ектах і на кірмашах манастыр не выкарыстоўвае касавыя апараты ці тэрміналы. Расследавальнікі спраўдзілі гэта, зрабілі «кантольныя закупкі», атрымалі просьбы плаціць наяўнымі без чэкаў або афармленнем электроннай аплаты як «ахвяравання». Нават за пражыванне ў манастырскім гатэлі прапаноўвалі плаціць «ахвяраваннем» без чэку.

Эканаміст Уладзімір Кавалкін заўважае: калі паслугу не акажуць без аплаты канкрэтнай сумы, гэта не «ахвяраванне», а звычайная камерцыя. На ягоную думку, гэткі бізнес – «абсалютна тыповая схема працы» для Расейскай праваслаўнай царквы, а ўлады на такое проста заплюшчваюць вочы.

Ад сумнеўнага бізнесу да выкарыстання дзяцей у фінансаванні вайны

Расследавальнікі выявілі сем кампаніяў, звязаных з манастыром. Да некаторых узніклі пытанні.

Кампаніі, звязаныя са Свята-Елісавецінскім манастыром
Кампаніі, звязаныя са Свята-Елісавецінскім манастыром.
Выява: Buromedia.io

У беларускага прадпрыемства «Імя праведнага Іаана Рускага», якім кіруе манашка Свята-Елісавецінскага манастыра Наталля Лашук, расследавальнікі пабачылі ў 2022 годзе выручку ў 163 тысячы рублёў і прыбытак у 116 тысяч, але кампанія, якая займаецца вытворчасцю фільмаў, не плаціла падаткаў.

У беларускай фермерскай гаспадаркі «Манастырскі падворак», якой кіруе манашка Марыя Гуськова, расследавальнікі не пабачылі сплаты падаткаў у 2021 годзе. Гуськова не змагла гэта растлумачыць «Бюро», а Лемяшонак распавёў, што «гэта яшчэ самой арганізацыі трэба даплачваць за ўсе яе добрыя справы».

На землях «Праваслаўнага сястрынства» побач з гэтай гаспадаркай, у вёсцы Лысая Гара Менскай вобласці, арганізавалі «мужчынскі падворак», дзе разводзяць сельскагаспадарчых жывёлаў, дзейнічаюць розныя майстэрні. Падворак фармальна ствараўся як рэабілітацыйны цэнтр, на яго збіраюць «ахвяраванні», але, як кажа крыніца «Бюро», у ім няма рэабілітацыйных праграмаў, людзі не сацыялізуюцца: «Ну, спіўся і спіўся на падворку». Адсутнасць рэабілітацыйных праграмаў пацвердзіла «Бюро» і сама Гуськова. Некаторыя са 150 жыхароў падворку пры тым не працаўладкаваныя афіцыйна.

Расследавальнікі звярнулі ўвагу таксама на звязаную з манастыром прыватную школу «Іхвіс» – адну з нямногіх, якая перажыла «зачыстку» прыватнай адукацыі ў 2022 годзе. Пры выручцы ў 878 рублёў за 2022 год яна, паводле справаздачы, не мела прыбытку. Дырэктарка шкоды і манашка Свята-Елісавецінскага манастыра Таццяна Антановіч растлумачыла «Бюро», што «ў нас не камерцыйная арганізацыя, гэта ідэйны праект».

Заклік Свята-Елісавецінскага манастыра запісваць песні ў падтрымку расейскай агрэсіі
Заклік Свята-Елісавецінскага манастыра запісваць песні ў падтрымку расейскай агрэсіі.
Скрыншот: Obitel_fest / Instagram / Buromedia.io

«Бюро» ж адзначыла, што школа выкарыстоўвае дзяцей для прапаганды і фінансавання вайны ва Украіне – так, у верасні 2023 года навучэнцы выступілі на фестывалі «Радасць», у межах якога прайшоў дабрачынны канцэрт «у дапамогу Данбасу» «Сваіх не кідаем». У лютым 2024 года манастыр заклікаў дзяцей запісаць музычную кампазіцыю «ваенна-патрыятычнага зместу», прамаркіраваць лагатыпам #Дзеці-воінам з лацінскай літарай Z – сімвалам расейскай агрэсіі. Як узор далі прарасейскую кампазіцыю. 23 лютага ў «Каўчэгу» прайшоў з удзелам вучняў «Іхвіс» пад расейскім трыкалорам. На некаторых сцягах таксама можна было разгледзець лацінскую літару Z.

За прарасейскай «адукацыяй» стаіць у тым ліку сваяк Лукашэнкі

Так жа «выхоўваюць» дзяцей у руху «Арляняты». Як прыклад расследавальнікі прыводзяць конкурс малюнкаў у красавіку 2023 года, калі манастыр заклікаў дзяцей рабіць малюнкі прарасейскага і праваеннага зместу, якія потым абяцалі адправіць на фронт як «падтрымку рускім воінам».

Прасоўваннем руху займаліся Лемяшонак, чэмпіён свету ў гіравым спорце Ігар Сігневіч, спартовец і кіраўнік беларускай філіі расейскага фонду «Спорт пачынаецца з дзяцей» Вазген Сафар’янец, а таксама бізнесовец Уладзімір Кулакоў. Апошні – муж Таццяны Кулаковай, сястры Ганны Лукашэнкі (вядомай пад псеўданімам Ганна Сялук) і жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі, сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі. Кулакоў таксама ўладальнік траціны ТАА «Хуткія аўтамабільныя мыйкі», яшчэ траціна якой належыць старшыню рэспубліканскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» Мікалаю Зарубіцкаму.

Бізнесоўцы, звязаныя з рухам «Арляняты»
Бізнесоўцы, звязаныя з рухам «Арляняты».
Выява: Buromedia.io

«Мыйкі» спансуюць педагагічны праект «фармавання актыўнай грамадзянскай пазіцыі», які рэалізуюць у 20 навучальных установах Беларусі. Яшчэ адным спонсарам праграмы выступае кампанія «СігБел», бенефіцыярам якой ёсць Ігар Сігневіч.

Кулакоў і Зарубіцкі маюць дачыненне да «аздараўлення» ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны ў Беларусі, як раней паказаў «Беларускі расследавальніцкі цэнтр». Сігневіч у Instagram публікаваў здымкі з Дзмітрыем Баскавым, Аляксеем Талаем і іншымі датычнымі да «аздараўлення» ўкраінскіх дзяцей.

Разбор
Зварот у міжнародныя суды ад нашага імя. Што дае чарговая справаздача ААН пра рэпрэсіі ў Беларусі?
2024.03.19 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў