Свята-Елісавецінскі манастыр збірае «дапамогу Данбасу» і прапануе пісаць расейскім вайскоўцам


Калі раней скандальны Свята-Елісавецінскі манастыр, што ў менскіх Навінках, збіраў грошы з размытымі фармулёўкамі «дапамогі Данбасу», то цяпер заклікае пісаць лісты на фронт вайны ва Украіне расейскім вайскоўцам-акупантам, і робіць гэта цалкам адкрыта. Што гэта значыць, «Белсат» спытаў у святара і палітычнага аглядальніка.

Скрынка для напісання лістоў «братам» – расейскім вайскоўцам ва Украіне – на сямейным праваслаўным фестывалі. Баранавічы, Беларусь. 17 верасня 2023 года.
Фота: Таццяна Канашэнка / Nashkraj.by

На мінулых выходных Свята-Елісавецінскі манастыр арганізаваў у Баранавічах фестываль «Радасць». Паводле артыкулу мясцовай праўладнай газеты «Наш край», у наведнікаў «асаблівы інтарэс выклікала інфармацыя аб арганізацыі дапамогі Данбасу». Паводле самога манастыра, дапамогу аказваюць мірным жыхарам на прыфрантавых акупаваных тэрыторыях, менавіта ў верасні абяцаюць працаваць на купянскім напрамку.

Ды ёсць падставы сумнявацца, што манастыр дапамагае толькі мірным жыхарам. Напрыклад, нядаўна манастыр ладзіў канцэрт са зборам грошай для расейскіх вайскоўцаў, але пасля агалоскі замяніў афішы – збіралі ўжо нібыта на «закупку медабсталявання і лекавых сродкаў для шпіталяў Данбасу».

На фэсце ў Баранавічах лісты пісалі не мірным жыхарам, а менавіта расейскім салдатам, а на скрынцы для лістоў і на адзенні манашак былі «георгіеўскія стужкі» – сімвал расейскай ваеннай агрэсіі. Акрамя таго, побач са стэндам «дапамогі братам» (на выяве ніжэй «брат» – у расейскай вайсковай форме) стаяў стэнд фонду Аляксея Талая, які падазраюць у выкраданні дзяцей з Украіны, што ёсць ваенным злачынствам.

Аналітыка
Ад манашак да былога амапаўца. Якія ініцыятывы ў Беларусі дапамагаюць расейскай агрэсіі
2023.02.07 07:16

Чаму манастыр такім займаецца?

Святар Аляксандр Шрамко расказвае «Белсату»: Свята-Елісавецінскі манастыр заўсёды падтрымліваў і палітыку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і Уладзіміра Пуціна, і пуцінскія войны. Маўляў, дастаткова паслухаць, што кажа на богаслужэннях тамтэйшы галоўны святар Андрэй Лемяшонак.

«Па мерках беларускіх, расейскіх і іншых, па мерках РПЦ не прымаць удзел у палітыцы – гэта значыць, не прымаць удзел у палітыцы супраць улады, а за ўладу – гэта не палітыка», – тлумачыць Шрамко.

Святары Расейскай праваслаўнай царквы і Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату адкрыта бяруць удзел у палітыцы на баку ўладаў, настойвае ён, і адкрыта падтрымліваюць вайну. РПЦ, кажа ён, гэта выразна праўладная структура, якая «пачысціла» сябе ад недастаткова праўладных святароў.

Збор сродкаў на штосьці ў сувязі з вайной сам па сабе не супярэчыць хрысціянскім канонам, тлумачыць Шрамко. Але адна справа, калі на тваю радзіму напалі, але іншая – калі гэта падтрымка агрэсіі. І важна, якая падтрымка, працягвае ён: адно, калі б тая дапамога была сапраўды дзецям Данбасу, але іншае – калі гэта прыкрыцце для падтрымкі фронту, непасрэдна вайны.

Дзіўна іншае, заўважае Шрамко: шмат дзе ў Еўропе, дзе нібыта пільна глядзяць на падтрымку расейскай агрэсіі, святарам РПЦ не забараняюць весці праваенную прапаганду. Ці пакараюць замежных святароў за ўдзел у баранавіцкіх праваенных актыўнасцях, залежыць ад краіны, разважае Шрамко: не толькі ў Беларусі, а і ў якой-небудзь Вугоршчыне «нармальна» выказвацца супраць Украіны.

Hавiны
Свята-Елісавецінскі манастыр, які падтрымлівае расейскіх вайскоўцаў, гандлюе сваімі таварамі ў Польшчы
2023.09.03 19:16

Вадзім Мажэйка, каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение», разважае ў эфіры «Белсату»: па-першае, праваслаўная царква ў Беларусі моцна прывязаная да Расеі з гістарычных прычынаў, па-другое, у Беларусі не было моцнага грамадска-палітычнага імпульсу па «адвязванні» ад Расеі (а такі імпульс быў ва Украіне); па-трэцяе, бачна, што найбольш прарасейскай актыўнасці бачна ад канкрэтных людзей ці храмаў.

Ён таксама падкрэслівае розніцу ў дапамозе тым, хто пацярпеў ад вайны не па сваёй волі, і тым, хто вядзе захопніцкую вайну або чыніць вайсковыя злачынствы. Мажэйка разважае: можа, калі Талай дапамагае вывозіць дзяцей з Украіны, дык ён і сапраўды не лічыць, што робіцца нейкае злачынства, а разумее гэта як грамадскі актывізм. Маўляў, у габрэйскіх пагромах таксама ўдзельнічалі не толькі тыя, каму за гэта заплацілі, але і тыя, хто лічыў, што гэта такі «грамадскі актывізм». Але гэта не вызваліць ад пакарання, упэўнены Мажэйка.

Чаму прарасейская і праваенная актыўнасць становіцца цяпер зусім непрыкрытай? Калі пачалася поўнамаштабная вайна, то прыхільнікі агрэсіі натуральна актывізавалі дзейнасць, працягвае Мажэйка. Да таго ж, пасля выбараў-2020 улады ў Беларусі ўжо не адчуваюць у сабе сілаў і смеласці трымаць нейкі нейтралітэт адносна Расеі, а «нізавыя актывісты» спрабуюць намацаць межы дазволенага. Мажэйка згадвае, як у 2015-20 гадах «аматары беларушчыны» таксама «намацвалі межы дазволенага» – і цяпер тое ж робяць аматары «рускага міру»: дзе пабачаць супраціў, там будуць адступаць, а дзе будуць мець поспех, там пойдуць далей.

Каб перашкодзіць святарам прапагандаваць вайну, патрэбныя грамадскія дзеянні ў адказ, канстатуе Мажэйка. У цяперашняй Беларусі магчымасці абмежаваныя, наўрад ці тысячы людзей здолеюць выйсці на пікеты супраць вайны, але нейкія магчымасці застаюцца на кожным узроўні, і ў нечым нізавым актывістам «рускага міру» даводзіцца адступаць.

Інтэрв’ю
Як вылечыць Праваслаўную царкву ад «русского мира»? Гутарка з тэолагам і святаром
2023.01.19 07:00

Наста Печанькова, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў