Ад манашак да былога амапаўца. Якія ініцыятывы ў Беларусі дапамагаюць расейскай агрэсіі


У Беларусі дзейнічае шэраг ініцыятываў, якія збіраюць дапамогу для расейскай арміі ды жыхароў акупаваных тэрыторыяў. Улады публічна ўхваляюць гэтыя намаганні, але цэнтралізавана іх не каардынуюць. Belsat.eu распавядае, што пра гэта вядома.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія вайскоўцы сустракаюць расейскіх салдатаў з рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Свята-Елісавецінскі манастыр

У жніўні 2022 года ў менскім Свята-Елісавецінскім манастыры з добраславення протаіерэя Андрэя Лемяшонка была створаная валанцёрская група «Дапамога братам» – яна падтрымлівае расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны.

Манашкі збіраюць для расейскіх жаўнераў грошы, медыкаменты, адзенне і абутак, а таксама лісты падтрымання (лісты падпісваюць «Дорогому солдату из Белой Руси» або «Дорогому солдату из Белоруссии»). Перадаюць яны ўсё гэта не наўпрост у войска, а расейскім валанцёрам, раз на два тыдні. Расейцы самі ўсё размяркоўваюць. Імаверна, сабраныя беларускімі манашкамі грошы ідуць у тым ліку на закупы вайсковай амуніцыі і рыштунку.

«Дзякую сёстрам Свята-Елізавецінскага манастыра за ахвяраванні. Цяпер у нас у планах купля некалькіх цеплавізараў (без прыцэлу). Ніяк без іх не абысціся хлопцам. Вайна тэхналогіяў ідзе», – паведамляў у кастрычніку расейскі валанцёрскі Telegram-канал «Помощь братьям (спецоперация)». У гэтым канале падзякі Свята-Елісавецінскаму манастыру і асабіста протаірэю Лемяшонку з’яўляюцца рэгулярна.

Протаірэй Андрэй Лемяшонак, Аляксандр Лукашэнка і мітрапаліт Веньямін.
Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка публічна падтрымаў гэтую ініцыятыву Свята-Елісавецінскага манастыра.

«Вы робіце правільна. Не звяртайце ўвагі на дзясятак-другі праплачаных людзей. Мы не толькі дапамагаем нашым расейскім братам, расейцам, я гэта ніколі не хаваў. І ўчорашні мой візіт да вайскоўцаў, да расейскіх вайскоўцаў, не хаваючы кажу аб тым, што мы падтрымлівалі і падтрымліваем нашых братоў», – заявіў ён, наведваючы манастыр 7 студзеня.

Каардынатарка ініцыятывы «Дапамога братам» манашка Аляксандра ў інтэрв’ю Zerkalo.io сцвярджала, што ейныя валанцёры не падтрымваюць вайну, а проста дапамагаюць усім, хто мае ў гэтым патрэбу. Нібыта яны і ўкраінскім жаўнерам гатовыя дапамагаць: «Украінскі салдат, расейскі салдат, беларускі салдат – гэта ўсё адно і тое ж».

Праўда, паверыць у гэтыя словы вельмі цяжка, улічваючы, што праваслаўных святароў у Беларусі пераследуюць нават за малітву аб абаронцах Украіны. Пазіцыя духоўніка манастыра Андрэя Лемяшонка таксама добра вядомая: ён публічна апраўдваў расейскую агрэсію, паўтараў прапагандысцкія наратывы аб адказнасці Захаду і «васьмі гадах бамбавання Данбасу», а таксама асуджаў расейцаў, якія хаваюцца ад мабілізацыі.

Акрамя таго, Свята-Елісавецкінскі манастыр актыўна дапамагае групе «Дапамога Данбасу», якую ўзначальвае набліжаны да БПЦ пісьменнік Мікалай Гаўрылаў. Справаздачы аб паездках Гаўрылава на Данбас рэгулярна публікуюць у тэлеграм-канале Свята-Елісавецінскага манастыра. «Дапамога Данбасу» існуе 8 гадоў і пазіцыянуе сябе як ініцыятыва, якая дапамагае выключна мірнаму насельніцтву.

«Дапамога Наваросіі»

Валанцёрская група «Дапамога Наваросіі» – гэта прыватная ініцыятыва, якая займаецца дапамогай расейскім вайскоўцам і падраздзяленням «ЛДНР».

Да нядаўняга часу суполка мела гучную назву – «Фонд дапамогі Наваросіі. Беларусь». Праўда, насамрэч ніякага фонду не існавала: прарасейскія валанцёры проста перанялі брэнд маскоўскага «Фонду дапамогі Наваросіі», з якім дэ-факта ніяк не звязаныя. Афіцыйнай рэгістрацыі ў Беларусі валанцёрская група не мае, хаця існуе ўжо восем гадоў. Яшчэ ў 2016-м суполка «InformNapalm» распавядала, што гэтая ініцыятыва забяспечвае амуніцыяй, спецрыштункам і медыкаментамі некаторыя прарасейскія падраздзяленні. Актывістаў «фонду» нават абвінавачвалі ў датычнасці да арганізацыі каналу перакідвання баевікоў на Данбас.

Лідар валанцёрскай групы – 50-гадовы жыхар Горадні Аляксандр Базюкоў. Ён нарадзіўся ў Тальяці, у пачатку 90-х служыў у расейскім АМАПе і браў удзел у Першай чачэнскай вайне. Потым пераехаў у Беларусь і адкрыў аўтамайстэрню.

Аляксандр Базюкоў.
Фота: Александр Бозюков / VK

Базюкоў з 2015 года асабіста адвозіў сабраныя грузы на Данбас, а на адваротным шляху часам забіраў з Данбасу перасяленцаў ці нават баевікоў, якія ехалі ў Беларусь (перавозам людзей група займаецца і цяпер). Праз гэта ў 2015 годзе да Базюкова ўзніклі пытанні ў праваахоўных органаў. Як распавядаецца ў кнізе «Беларускі Данбас», ГУБАЗіК праводзіў у Базюкова ператрус, КДБ выклікаў на размовы, але ўсё абмежавалася афіцыйным папярэджаннем, што яго могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за ўдзел у баявых дзеяннях.

Сам Базюкоў катэгарычна адмаўляў свой удзел у вайне на Данбасе. Праўда, баявік «ДНР» Вадзім Шаўчэнка (у 2019 годзе ў Беларусі яго пакаралі 2 гадамі калоніі) у інтэрв’ю аўтарам кнігі «Беларускі Данбас» абвінавачваў Базюкова ў хлусні і сцвярджаў, што ўсе актывісты гэтай суполкі насамрэч пэўны час ваявалі ва Украіне. «Нават калі ўявіць чыста тэарэтычна, што нехта з нас і браў калісьці ў рукі зброю (не я, а нехта іншы, напрыклад), то вы ж ведаеце наша заканадаўства… таму ўсе будуць маўчаць», – шматзначна заўважаў з гэтай нагоды Базюкоў у 2019-м.

Аднак палітычная сітуацыя пасля 2020 года моцна змянілася, і некаторыя рэчы цяпер можна не хаваць. Напрыклад, раней Базюкоў заўсёды падкрэсліваў, што ягоная група збірае гуманітарную дапамогу выключна для цывільнага насельніцтва. Цяпер суполка «Дапамога Наваросіі» прызнае, што займаецца адраснай дапамогай вайсковым падраздзяленням, сярод іх – штурмавы батальён «Самалі», які калісьці ўзначальваў палявы камандзір Гіві.

«Рэгулярныя сілы РФ добра экіпаваныя, а вось апалчэнцы ЛДНР часам выходзяць на баявыя задачы ў цывільным адзенні, ім востра не хапае медыцыны, сродкаў сувязі, формы, абутку, бронікаў, разгрузак, спальнікаў і іншага. Я ўжо не кажу пра харчаванне і сродкі гігіены», – гаворыцца ў допісе суполкі за чэрвень 2022 года.

Зборам усяго гэтага прарасейскія валанцёры ў Беларусі і займаюцца. Часцей за ўсё гаворка ідзе пра вельмі дробную дапамогу – байцам «ЛДНР» збіраюць нават майткі, шкарпэткі і сцілкі. Але бываюць і буйныя замовы: напрыклад, цяпер вядзецца збор сродкаў на УАЗік.

Скрыншот з суполкі: Помощь Новороссии. Беларусь / VK

Валанцёры збіралі рэчы і для расейскіх інструктараў, якія трэнуюць мабілізаваных вайскоўцаў на палігонах Беларусі. З допісаў вынікае, што інструктараў закінулі ў берасцейскія лясы ў канцы лістапада ў летняй форме, і спачатку яны былі больш падобныя да бамжоў. 

Скрыншот з суполкі: Помощь Новороссии. Беларусь / VK

У кнізе «Беларускі Данбас» Базюкоў распавядаў, што на піке, у пачатку 2016 года, іх валанцёрская ініцыятыва складалася з 12 чалавек па ўсёй Беларусі. Мяркуючы па адкрытых справаздачах суполкі, цяпер удзельнічае ў ініцыятыве не нашмат больш людзей. Ахвяруюць свае грошы і рэчы на байцоў «ЛДНР» у найлепшым выпадку дзясяткі беларусаў, а рэйды на Данбас працягвае ладзіць асабіста Базюкоў – іншых ахвотных, відаць, не знайшлося.

Ветэранскія арганізацыі

Паводле звестак украінскага Цэнтру нацыянальнага супраціву, у снежні 2022 года на беларускіх дзяржаўных прадпрыемствах нібыта сталі збіраць грошы на расейскіх мабілізаваных. Займаецца гэтым грамадская арганізацыя Аб’яднанне ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыях іншых дзяржаваў, якую ўзначальвае Ёсіф Круглікаў. Цэнтр нацыянальнага супраціву сцвярджае, што сабраныя сродкі ідуць на закупы амуніцыі і формы для расейскіх жаўнераў, хаця рабочым кажуць, што гэта зборы на беларускую армію.

Так гэта ці не – сказаць складана. Афіцыйна грамадская арганізацыя пра гэта не заяўляла, пацверджанняў украінскіх звестак з іншых крыніцаў таксама няма. Аднак вядома, што Аб’яднанне ветэранаў сапраўды актыўна падтрымлівае расейскую агрэсію. У пачатку 2023 года Круглікаў і ягоныя паплечнікі наведалі Данецк: паведамлялася, што яны сустрэліся з акупацыйнай адміністрацыяй і перадалі гуманітарную дапамогу для дзяцей Данбасу.

Сам Круглікаў падчас візіту ў Данецк паўтараў прапагандысцкія клішэ пра «англасаксаў» і «хунту» ды выказаў упэўненасць, што Расея абавязкова пераможа.

Гуманітарка толькі для цывільных

Ёсць таксама некалькі праўладных ініцыятываў і арганізацыяў, якія заяўляюць, што займаюцца дапамогай выключна цывільнаму насельніцтву – мірным жыхарам Данбасу і іншых акупаваных Расеяй тэрыторыяў.

Аргкамітэт для стварэння партыі «Саюз» ладзіць кампанію пад лозунгамі #БЕЛОРУСЫ_ВМЕСТЕ_С_РОССИЕЙ і #СВОИХ_НЕ_БРОСАЕМ. Афіцыйна ў межах кампаніі ідзе збор сродкаў на лекі, медыкаменты і харчы.

«Саюз» прасоўвае ідэю «агульнарасейскай цывілізацыі» і выступае за шчыльную інтэграцыю Беларусі і РФ. Старшыня аргкамітэту Сяргей Лушч. Ён вядомы тым, што ўзначальваў арганізацыю «Русь молодая» і быў ініцыятарам шэсця «Несмяротны полк» у Менску. У 2022 годзе Лушч асабіста наведваў акупаваныя тэрыторыі і сустракаўся з прадстаўнікамі калабарацыйнай адміністрацыі.

Сяргей Лушч на пракрамлёўскім форуме «Крымскі сцэнар» у Севастопалі. Крыніца: rosbelsoyuz.su

Разам з тым, кампанія #СВОИХ_НЕ_БРОСАЕМ больш падобная да піяр-акцыі «Саюзу». На прыгожа зробленай старонцы, прысвечанай ініцыятыве, фактычна няма ніякай інфармацыі наконт вынікаў іх працы – толькі звесткі пра адзін гуманітарны груз і некалькі фотаздымкаў.

Акрамя таго, зборам сродкаў для цывільнага насельніцтва акупаваных Расеяй тэрыторыяў займаецца дабрачынны фонд Аляксея Талая і праўладная арганізацыя «Белая Русь». Гуманітарную дапамогу на Данбас таксама накіроўвала Федэрацыя боксу Беларусі.

***

Нагадаем, рэжым Аляксандра Лукашэнка выступае хаўруснікам пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. Расея выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю і паветраную прастору для бамбавання Украіны, а ў лютым – сакавіку адсюль разгортваўся наземны наступ расейскіх войскаў на Кіеў. Таксама беларускі бок перадае расейцам бранятэхніку і боепрыпасы.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў