Лукашэнка пахваліў Свята-Елісавецінскі манастыр за дапамогу расейскім жаўнерам


Наведваючы 7 студзеня Свята-Елісавецінскі манастыр, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву праваслаўных святароў – збор сродкаў для расейскай арміі, што вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны. 

Раней медыі паведамлялі, што ў Свята-Елісавецінскім манастыры збіраюць дапамогу расейскім вайскоўцам, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны. З дабраславення духоўніка манастыра протаіерэя Андрэя Лемяшонка была створаная валанцёрская група «Дапамога братам».

Пратаірэй Андрэй Лемяшонак і мітрапаліт Веніямін 7 студзеня сустракалі ў Свята-Елісавецінскім манастыры Аляксандра Лукашэнку.

Пратаірэй Андрэй Лемяшонак, Аляксандр Лукашэнка і мітрапаліт Веніямін.
Фота: president.gov.by

Падчас сваёй прамовы Лукашэнка адзначыў, што нядаўна Свята-Елісавецінскі манастыр збіраў дапамогу для расейскіх жаўнераў на фронце, за што зазнаў крытыку «праплачаных збеглых».

«Вы робіце правільна. Не звяртайце ўвагі на дзясятак-другі праплачаных людзей. Мы не толькі дапамагаем нашым расейскім братам, расейцам, я гэта ніколі не хаваў. І ўчорашні мой візіт да вайскоўцаў, да расейскіх вайскоўцаў, не хаваючы кажу аб тым, што мы падтрымлівалі і падтрымліваем нашых братоў.

Але мы не забываем і пра ўкраінцаў. Каля 10 тысяч, якія ўцяклі ад вайны, летась знайшлі пастаяннае месца жыхарства і прытулак у нашай краіне», – заявіў Лукашэнка.

Hавiны
«Агульную справу робім». Лукашэнка прыбыў на палігон да расейскіх вайскоўцаў
2023.01.06 11:36

Лукашэнка таксама падзякаваў праваслаўнаму духавенству за вялікую духоўную і выхаваўчую працу, асабліва важную пасля 2020 года. «Нашыя святары, робячы вялікую працу, выхоўваюць сапраўдных патрыётаў сваёй Айчыны», – падкрэсліў ён.

Hавiны
Мітрапаліт Менскі Веньямін пакараў святара за малітву аб абаронцах Украіны
2023.01.06 19:26

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў