«Трэба ехаць!» У беларускім санаторыі ў Крыме не лічаць выбух на мосце падставаю адмаўляцца ад тураў


У санаторыі «Белоруссия» у Карэізе не лічаць выбух на Крымскім мосце падставаю адмаўляцца ад адпачынку ў іх. На пытанне «Белсату», ці бяспечна цяпер на паўвостраве, супрацоўніца ўстановы адказала: «Трэба ехаць!» Больш за палову гасцей, якія зараз знаходзяцца ў санаторыі, – беларусы. Пры гэтым ажыятажу няма: амаль палова месцаў там вольныя.

У санаторыі «Белоруссия» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі ўпэўненыя, што ў акупаваным Крыме бяспечна.
Фота: belorussia-crimea.ru

Выбух на Крымскім мосце адбыўся ў ноч на панядзелак, 17 ліпеня. Праз разбурэнне канструкцыяў амаль содні цалкам быў закрыты аўтамабільны рух, сёння транспарт пусцілі ў рэверсным рэжыме. Чыгуначная частка моста не пацярпела.

У беларускіх турфірмах раней паведамілі «Белсату», што пасля здарэння турысты пачалі адмаўляцца ад паездак на анексаваны паўвостраў, і параілі замест Крыму выбіраць для адпачынку Краснадарскі край Расеі.

Hавiны
«Там небяспечна». Беларусы пачалі адмаўляцца ад тураў у Крым
2023.07.17 17:34

Пры гэтым у санаторыі «Белоруссия», што знаходзіцца ў Карэізе і належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта Беларусі, лічаць, што выбух – не падстава, каб касаваць паездку. На пытанне «Белсату», ці бяспечна цяпер на паўвостраве, супрацоўніца ўстановы адказала: «Трэба ехаць!»

«Калі вы будзеце ў нас, вы самі зразумееце, што трэба ехаць», – заявіла менеджарка, не сказаўшы наўпрост, ці пагражае цяпер турыстам што-небудзь.

Яна распавяла пра гасцей, якія прыехалі ўчора, нягледзячы на парады сваякоў вярнуцца дадому:

«Зразумела, што вельмі шмат сваякоў ім тэлефанавала. А яны паснедалі, размясціліся – шчаслівыя, задаволеныя, яны так радыя, што яны не паслухаліся, не развярнуліся, а ўсё-ткі ў нас».

Аўтобусам, цягніком, машынаю

У санаторый трапляюць, хто як можа: на аўтобусах з Менску праз Расею і Крымскі мост, транзітам праз Маскву – на цягніках, распавяла суразмоўніца «Белсату»:

«Учора гасцей, якія ехалі ў аўтобусе, 12 чалавек, перасадзілі на электрычку і тут з гэтага боку чакаў іншы аўтобус. Сёння па плане выехаў раніцою аўтобус ад нас. Яны на гэтым аўтобусе альбо на пароме, альбо па мосце – там адкрылі рэверсны рух. Іншыя госці раніцою выехалі на машыне, яны праехалі менавіта па мосце».

Праз пашкоджанні моста турыстаў везлі ў акупаваны Крым на паромах і электрычках.
Фота: Baza/Telegram

Едуць на ўласных машынах нават праз акупаваныя тэрыторыі Данецкай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў Украіны:

«Учора ноччу прайшлі па новых тэрыторыях, праз Марыупаль. Яны казалі, цяпер там на ўсю моц ідзе будоўля, ёсць беларусы, якія там на будоўлях працуюць. Дзякуй богу, усе прыехалі, іх ужо аформілі».

Санаторый амаль напалову пусты

Пасля здарэння на мосце некаторыя турысты адмовіліся ад пуцёвак, аднак замест іх хутка знайшліся іншыя ахвочыя, сцвярджаюць у «Белоруссии»:

«У нас жа пуцёўкі ёсць, пачаў хтосьці вяртаць, і адразу ж пайшоў ажыятаж: дайце нам пуцёўку, мы паедзем».

Зрэшты, як прызналіся ў санаторыі, зараз там адпачываюць 200 асобаў, 120 з іх – беларусы. Агулам у карпусах можна змясціць 360 гасцей.

Карэспандэнту «Белсату» прапанавалі нумар люкс з 50% зніжкай за 10 500 расейскіх рублёў за содні на траіх чалавек (гэта каля 350 беларускіх рублёў). Прыкладна столькі ж, толькі без зніжкі, каштуе звычайны нумар разам са сняданкамі і вячэрамі.

Агляд
Куды з Беларусі можна рвануць у адпачынак? Глядзім на прапановы «гарачых» тураў
2023.07.08 17:27

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў