Праз пагрозы з боку сілавікоў Лукашэнкі ў Швецыі адмянілі спектаклі аднаго тэатру


Акторы шведскага тэатру «Adas» атрымліваюць пагрозы ад сілавікоў рэжыму Лукашэнкі, у выніку чаго ўжо адмянілі будучыя паказы спектаклю, пастаўленага супольна з берасцейскаю тэатральнаю групаю «Крылы халопа». Пра гэта піша ў сваім тэлеграм-канале Антон Матолька.

Афіша спектаклю «Мама Зоя, Беларусь».
Фота: Status Research Platform / Facebook

У пачатку лютага шведскі тэатр з Ётэборгу «Adas» быў вымушаны адмяніць 7 паказаў спектаклю «Мама Зоя, Беларусь», запланаваных на красавік у Ётэборгу, Стакгольме і Упсалі. Гэты спектакль летась быў пастаўлены разам з тэатральнаю групаю з Берасця «Крылы халопа».

Як удалося высветліць шведскім журналістам, пагрозы ад лукашэнкаўскіх сілавікоў паступаюць адразу некалькім работнікам тэатру.

«Адзін працаўнік, які застаецца ў Беларусі, зазнае пераслед, які робіць немагчымым нашае далейшае існаванне. Акрамя таго, у нас ёсць яшчэ адзін работнік, які атрымлівае канкрэтныя пагрозы, а ягоных блізкіх людзей пасадзілі ў турму», – паведаміла мастацкая кіраўніца тэатру «Adas» Фія Адлер Сандбляд.

Журналіст шведскага выдання «Göteborg Posten» Юган Хілтан сцвярджае, што Швецыя мусіць дзеяць, калі рэжым Лукашэнкі пагражае шведскім тэатрам. На ягоную думку, гэтая сітуацыя можа падавацца лакальнай і другаснай, але насамрэч гэта праблема найвышэйшага ўзроўню:

«Нападкі на працаўнікоў тэатру заключаюцца ў тым, што аўтарытарны рэжым уплывае на свабоды ў іншай краіне. Таму пагрозы на адрас тэатру Ады і «Крылы халопа» варта разглядаць як чыстую дэманстрацыю сілы з мэтаю пасеяць страх і маўчанне. Не толькі ў Беларусі, але і тут, у Швецыі».

Шведскія журналісты звярнуліся па каментары ў МЗС краіны, піша тэлеграм-канал Антона Матолькі.

У спектаклі «Мама Зоя, Беларусь» расказваецца гісторыя беларускай жанчыны, якая нарадзілася ў БССР праз сем гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. У аснове ляжыць рэальная гісторыя мамы рэжысёркі і кіраўніцы тэатру «Крылы халопа» Аксаны Гайко.

Нагадаем, што цягам 2021–22 гадоў 98 % беларусаў, якія падавалі дакументы на статус уцекача ў Швецыі, атрымоўвалі адмовы, пра гэта кажа прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Васерман. На ягоную думку, у краіне няма поўнага разумення, што адбываецца ў Беларусі. Сярод шведскіх уладаў пануе ўяўленне, што ў 2020 годзе ў Беларусі выбухнулі пратэсты, але потым схлынулі і ўсё вярнулася да папярэдняга становішча, якое было да 2020-га.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў