У Беларусі спрагназавалі прыход эпідэміі грыпу. Палова насельніцтва не хоча вакцынавацца


Міністэрства аховы здароўя Беларусі спрагназавала эпідэмічны ўздым вострых рэспіраторных інфекцыяў ужо ў найбліжэйшыя тыдні. Расказваем, што вядома і што рабіць.

Медыкі ў разгар пандэміі каронавірусу
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Медыкі ў разгар пандэміі каронавіруса ў шпіталі «Zoquipan de Jalisco». Гуадаляхара, Мексіка. 11 студзеня 2021 года.
Фота: Arriero Moran / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

У Беларусі штогод у кастрычніку – красавіку назіраюць рост захворвальнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, у тым ліку на грып. Сёлета пра рост кажуць з канца снежня. Паводле Мінздароўя, пакуль інтэнсіўнасць эпідэміяў «сярэдняя з тэндэнцыяй да павелічэння», але эпідэмічнага ўздыму чакаюць ужо ў найбліжэйшыя тыдні – у канцы студзеня ці пачатку лютага.

Вядома, што ў Беларусі цыркулююць вірусы грыпу A/H1N1, A/H3N2, А/нетыповы і B, розныя іншыя вірусы (парагрып, адэнавірусы, рынавірусы, каронавірусы, бокавірусы). Мінздароўя прагназуе, што зараз вірус грыпу B будзе цыркуляваць з меншай інтэнсіўнасцю, а эпідэмія зараз будзе абумоўленая варыянтамі вірусаў грыпу A.

Сярод тых, хто захварэў на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, больш за палову – дзеці да 18 гадоў. Міністэрства адзначае, што ў будучую эпідэмію хварэць найбольш будуць дзеці ад 0 да 14 гадоў, таксама асабліва рызыкуюць захварэць старэйшыя асобы за 65 і цяжарныя.

Пра новы каронавірус (SARS-CoV-2) міністэрства ўжо доўгі час амаль што маўчыць. Статыстыку з Беларусі ўлады засакрэцілі, паведамленняў пра яе не было з 5 ліпеня 2022 года. Але і да таго дзяржаўная статыстыка не выклікала даверу – яе лічылі заніжанай у 14-15 разоў.

Цяпер пра ковід расказалі толькі, што ў Беларусі не атрымаў распаўсюду варыянт BA.2.86.1 (пірола), які выклікаў пэўную занепакоенасць навукоўцаў, а цыркулююць на гэты момант варыянты ХВВ.1.16 (арктурус) і EG.5.1.1 (эрыс).

Са статыстыкі суседніх краінаў відаць, што прынамсі пакуль ковід не зрабіўся больш заразлівым і смертаносным, чым мінулай зімой, а мо нават стаў крыху менш суворым.

Hавiны
У мяне сімптомы COVID-19, а ў паліклініцы – калапс. Што рабіць? Парады «еЗдароўя»
2022.02.03 08:59

Што рабіць

Вакцынавацца! І ад грыпу, і ад ковіду існуюць вакцыны, якія значна змяншаюць рызыку цяжкой хваробы. У Беларусі, праўда, прапануюць не правераныя заходнія вакцыны, а менш надзейныя расейскія і кітайскія. У бальшыні выпадкаў гэта лепш, чым нічога.

Калі, канешне, не прапануюць зусім неправераныя вакцыны, напрыклад, расейскі «КовиВак», або вакцыны з адмоўнай эфектыўнасцю, як расейская «ЭпиВакКорона». Перад вакцынацыяй ці прынамсі пасля яе варта праверыць, што пішуць пра эфектыўнасць канкрэтнай вакцыны навукоўцы і незалежныя медыі – ці не ўкалолі вам скандальную «пустышку», якая толькі дасць фальшывае адчуванне абароненасці.

Паводле апытання Інстытуту сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, 42,6 % асобаў у Беларусі станоўча ставяцца да вакцынацыі ад грыпу, а 47,4 % – негатыўна; да вакцынацыі ад ковіду станоўча – 41,8 %, негатыўна – 45,2 %. Ды трэба ўлічваць, што надзейнасць дзяржаўнай сацыялогіі выклікае сумневы: так, у іншым апытанні 74 % сказалі, што 2023 год быў для іх удалым, а 65,2 % – што наступны год будзе яшчэ лепшым.

Незалежна ад вакцынацыі, у час эпідэміі грыпу варта пазбягаць людных месцаў, пры наяўнасці сімптомаў насіць маскі і трымаць дыстанцыю ад іншых людзей, пазбягаць блізкіх кантактаў з людзьмі з сімптомамі хваробы, добра мыць рукі і прыбіраць жытло, рэгулярна праветрываць памяшканні.

Агляд
Гарбата з чабору, куркума-латэ ці глінтвейн – што лепш ад прастуды? Наш топ-5 смачных і карысных напояў
2023.11.25 13:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў