Вяртаецца ковід? У Расеі расце захворвальнасць, адкрываюць ковідны шпіталь


Навіны пра ковід з Расеі могуць гучаць трывожна, але ёсць падставы спадзявацца, што хвароба зрабілася сезоннаю ды ўжо не прывядзе да такіх масавых шпіталізацыяў і смерцяў, як было два-тры гады таму. «Белсат» расказвае, што вядома пра новыя варыянты каронавіруса і што з імі рабіць.

Жанчына ў масцы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына ў масцы.
Фота: Olgierd / Flickr, CC BY 2.0

У траўні 2023 года генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрас Адханам Гебрэесус падтрымаў даклад 15-й сустрэчы Міжнароднага камітэту рэгулятараў надзвычайнага стану аховы здароўя і абвясціў, што пандэмія COVID-19 больш не ёсць «надзвычайнаю сітуацыяй міжнароднага маштабу». Многія ўспрынялі гэта як «каронавірус скончыўся». Ды той нікуды не знік: хоць і стаўся меншаю бядой, але застаўся глабальнаю пагрозай у разуменні WHO.

Новыя штамы з’яўляюцца ўвесь час

Як і іншыя вірусы, SARS-CoV-2, што выклікае хваробу COVID-19, стала мутуе і мяняе свае ўласцівасці. Той жа вірус грыпу – штогод новы.

Не ўва ўсіх краінах рэгулярна аналізуюць, якія менавіта варыянты SARS-CoV-2 цыркулююць. На момант публікацыі найбольш распаўсюджаны, падобна, варыянт штаму о-мікрон EG.5.1 (яго назвалі Эрыс).

Але пэўную занепакоенасць навукоўцаў выклікае таксама варыянт о-мікрона BA.2.86.1 (Пірола), бо ён мае тры дзясяткі мутацыяў спайк-бялку, а значыць, у тэорыі можа лепш абыходзіць імунітэт.

Агляд
Па свеце ходзяць два новыя штамы каронавіруса. Што вядома і наколькі небяспечныя
2023.09.02 08:00

З сакавіка 2023 года WHO не адносіць ужо ніякіх варыянтаў SARS-CoV-2 у катэгорыю тых, «што выклікаюць занепакоенасць» (Variants of Concern), адносіць тры групы розных субварыянтаў у менш пагрозлівую катэгорыю «варыянтаў, што выклікаюць інтарэс» (туды трапляе Эрыс), а Піролу і яшчэ два – у «варыянты пад назіраннем».

Кампаніі «Pfizer» і «Moderna» заяўлялі, што іх вакцыны эфектыўныя супраць Піролы. Вакцыны сёлета абнавілі. Рэвакцынацыю часцей раяць тым, хто трапляе ў групы рызыкі  (праз сталы век, слабы імунітэт, цяжарнасць або працу з хворымі пацыентамі), але сярод дактароў ёсць і нямала прыхільнікаў штогадовай рэвакцынацыі для ўсіх. Магчыма (але не дакладна), вакцынацыя пасля хваробы можа палегчыць сімптомы наступстваў («доўгага ковіду»).

Цяперашнія штамы не такія смертаносныя

Даследаванняў адносна Піролы пакуль мала, але некаторыя даюць падставы меркаваць, што варыянт можа аказацца менш небяспечным, чым баяліся. А варыянты, што цяпер цыркулююць, не такія страшныя, як тыя, што былі два-тры гады таму.

Прыблізна ўвесну 2022 года, калі верыць афіцыйнай статыстыцы дзяржаваў свету, колькасць выяўленых смерцяў ад ковіду істотна скарацілася: у ранейшыя пікі ад ковіду штодня паміралі 10–15 тысячаў чалавек па ўсім свеце, з лета 2022-га – колькі тысячаў чалавек за дзень, з вясны 2023-га – менш за тысячу, а цяпер фіксуюць толькі некалькі сотняў смерцяў ад ковіду за дзень па ўсім свеце.

Прызнаная смяротнасць ад ковіду на 1 млн чалавек у Расеі, Фінляндыі, Нарвегіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, ува ўсёй Еўропе і ўва ўсім свеце:

Ды важнае слова тут – «фіксуюць», бо могуць і не выявіць прычыны смерці, а могуць выявіць і не прызнаваць, што гэта ковід.

Істотна зменшылася і колькасць выяўленых выпадкаў, але гэты паказнік можа быць яшчэ менш надзейным: тэсты робяць усё радзей, а сімптомы новых штамаў менш цяжкія і часцей незаўважныя. Менавіта выяўленых новых выпадкаў цяпер – пару дзясяткаў тысячаў за дзень па свеце, гэта менш за 1 выпадак на мільён чалавек.

У Расеі штосьці адбываецца

Шэраг краінаў Еўропы назіраў у жніўні і пачатку верасня рост колькасці выяўленых захворванняў на COVID-19, але прыблізна тыдзень таму хваля пачала спадаць і была амаль незаўважнай на фоне таго, што было ў 2022 годзе.

У афіцыйнай расейскай статыстыцы апошнім часам таксама назіраецца пэўны рост колькасці выяўленых выпадкаў ковіду і шпіталізаваных з ковідам. Гэтак, за тыдзень 11–17 верасня выявілі 11,5 тысячы выпадкаў і 1973 чалавек шпіталізавалі, што больш, чымся за тыдзень 21–27 жніўня адпаведна ў тры і ў два разы. Колькасць прызнаных смерцяў ад ковіду застаецца прыблізна аднолькавай: 10–16 чалавек за тыдзень у краіне з насельніцтвам больш за 140 млн чалавек.

Навіны з Расеі могуць гучаць трывожна. У Доме ўраду вяртаюць масачны рэжым. Насіць маскі рэкамендуюць у некаторых рэгіёнах, у некаторых і патрабуюць насіць маскі ў лякарнях. У Маскве аднавіў працу ковідны шпіталь, а гэта ж яшчэ не выявілі выпадкаў Піролы…

Што гэта значыць, у эфіры «Вот так» на «Белсаце» расказаў расейскі эксперт – доктар медычных навук, прафесар Васілій Уласаў. Паводле яго, ковід нарэшце набыў сезонны характар, як тое даўно прадказвалі:

«Цяпер можна даволі ўпэўнена сказаць, што новая каронавірусная інфекцыя сталася прыблізна такой жа, як і старая каронавірусная інфекцыя. То бок яна ўзнікае ў сезон прастудных захворванняў і цячэ прыблізна гэтак сама, як прастудныя хваробы».

Найчасцей ковід цяпер працякае лёгка, але Уласаў ухваляе захады кшталту пераадкрыцця ковіднага шпіталю. У пачатку пандэміі амаль увесь свет аказаўся негатовым да высокай захворвальнасці – давялося тэрмінова выдаткоўваць вялікія грошы, будаваць шпіталі. Цяпер маскоўскія ўлады могуць сабе загадзя дазволіць адкрыць лякарні – дык і добра, што будуць гатовыя прыняць вялікую колькасць хворых.

Што рабіць?

Уласаў цяпер не бачыць патрэбы ў надзвычайных захадах: трэба выконваць тыя захады, што раяць пры сезонным уздыме захворвальнасці. То бок не хадзіць хворымі на працу, патрабаваць ад кіраўнікоў арганізацыяў не пускаць на працу людзей з сімптомамі хваробаў, намагацца пазбягаць месцаў масавага збору людзей, напрыклад, паходаў на канцэрты. Сезонныя хваробы выклікаюцца вірусамі з высокаю заразлівасцю, таму можна паменшыць імавернасць захварэць, але не выключыць хваробы.

Гісторыі
«Казаць, што лекаў няма праз санкцыі, – крывадушша». Як лячыцца ў Беларусі, калі няма чым?
2023.06.27 12:00

Цяпер не даюць нейкіх надзвычайных рэкамендацыяў у сувязі з каронавірусам. Парады звычайна такія: насіць маскі, калі ў рэгіёне сапраўды падвысіцца ўзровень пагрозы эпідэміі; вакцынавацца людзям з групы рызыкі; рабіць тэсты пры з’яўленні сімптомаў або праз 5 дзён па кантакце з хворым; ізалявацца пры пазітыўным выніку; звяртацца да дактароў пры з’яўленні цяжкіх сімптомаў… Ніколі не будзе лішнім мыць рукі і трымаць дыстанцыю ад асобаў з сімптомамі ковіду ці грыпу.

Што з каронавірусам у Беларусі, невядома

Міністэрства аховы здароўя нічога на гэты конт не публікуе. Статыстыку з Беларусі ўлады засакрэцілі, паведамленняў пра яе не было з 5 ліпеня 2022 года. Але і да таго дзяржаўная статыстыка не выклікала даверу – яе лічылі заніжанай у 14–15 разоў.

У дзяржаўных медыях кажуць, што ковід і грып у Беларусі цыркулююць, але пераважаюць іншыя рэспіраторныя інфекцыі. Сцвярджаюць, што Піролу ў Беларусі яшчэ не выявілі. Вакцынацыю ад грыпу пакуль толькі плануюць пачаць, а піку захворванняў чакаюць у лютым.

Каментар
Лукашэнка зноў не памёр. Чаму ягонае здароўе выклікае столькі чутак?
2023.05.29 17:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў