news
Агляд
Па свеце ходзяць два новыя штамы каронавіруса. Што вядома і наколькі небяспечныя
Як супрацьстаяць заражэнню імі?
02.09.202308:00

COVID-19 застаецца глабальнаю пагрозаю для здароўя. Пра гэта 25 жніўня паведаміў генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Гебрэесус. Паводле яго, па Зямлі распаўсюджваюцца новыя штамы віруса. Карэспандэнты «Белсату» разбіраліся, што гэта за варыянты хваробы, наколькі і для каго яны небяспечныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шыльда з рэкламай прышчэпак ад COVID-19 у Самэрвіле, ЗША.
Фота: Brian Snyder / Reuters / Forum

Пандэмія каронавіруса, што пачалася ў лістападзе 2019 года, да 16 жніўня 2023 года забрала жыцці амаль 7 мільёнаў асобаў па ўсім свеце. Амаль 700 мільёнаў перахварэлі на COVID-19. 5 траўня 2023 года гендырэктар САЗ Тэдрас Гебрэесус абвясціў, што каронавірус больш не сусветная надзвычайная пагроза ў галіне аховы здароўя. Аднак гэта не значыць, што ён перастаў пагражаць здароўю.

Выступаючы 25 жніўня на брыфінгу для журналістаў, кіраўнік САЗ падкрэсліў: «Нягледзячы на тое, што звесткі аб хворых, даступныя САЗ, працягваюць змяншацца, у некаторых краінах мы назіраем рост колькасці паведамленняў пра шпіталізацыю, шпіталізацыю ў рэанімацыю і пра смерць».

Гебрэесус заклікаў усе краіны ўзмацніць назіранне, секвенаванне і справаздачнасць, каб было можна ацаніць рызыку новых варыянтаў, такіх як EG.5 і BA.2.86.

«І мы працягваем заклікаць усе краіны выконваць сталыя рэкамендацыі для выратавання жыццяў і перадухілення працяглага ціску COVID», – заявіў гендырэктар САЗ.

Што гэта за новыя штамы?

Новы падварыянт COVID-19 з назвай EG.5 упершыню быў выяўлены 17 лютага 2023 года. Улетку ён атрымаў неафіцыйную назву «Eris» у гонар грэцкай багіні разладу. Гэта разнавіднасць штаму о-мікрон каронавіруса. Першапачаткова EG.5 цыркуляваў у Кітаі, Японіі і Паўднёвай Карэі, а цяпер колькасць заражэнняў расце і ў Паўночнай Амерыцы, і ў Еўропе. Ёсць асобныя выпадкі рэгістрацыі і ў Расеі.

Частата выяўлення EG.5 у свеце вырасла з 7,6 % выпадкаў захворвання ў канцы чэрвеня да 17,4 % у канцы ліпеня. А ў Францыі на дзень 17 ліпеня прырост выпадкаў EG.5 наагул склаў 26 %, у параўнанні з 15 % за тыдзень да гэтага. Менавіта таму САЗ надало яму статус «застаецца пад назіраннем».

Hавiны
Па свеце імкліва распаўсюджваецца новы варыянт каронавірусу – EG.5 Eris
2023.08.26 21:04

У той самы час беларускае Міністэрства аховы здароўя нічога на гэты конт не публікуе. Статыстыку з Беларусі ўлады засакрэцілі, паведамленняў пра яе не было з 5 ліпеня 2022 года. Але і да таго дзяржаўная статыстыка не выклікала даверу – яе лічылі заніжанай у 14–15 разоў.

«У шэрагу краін, дзе распаўсюджваецца EG.5, адзначаецца павелічэнне колькасці выпадкаў захворвання і шпіталізацыяў. Хаця доказаў таго, што хвароба працякае цяжэй, чым пры іншых штамах, няма», – падкрэслілі ў САЗ.

На думку арганізацыі, рызыка для здароўя насельніцтва, звязаная з гэтай мутацыяй, не вялікая праз яе падабенства з ранейшымі варыянтамі. Тым не менш, там папярэдзілі, што EG.5 можа стаць дамінантным у некаторых краінах ці нават у глабальным маштабе, выклікаўшы рост колькасці выпадкаў захворвання COVID-19.

«Ён відавочна мае нейкую перавагу перад іншымі штамамі», – тлумачыць у інтэрвʼю «Euronews» Роўланд Као, прафесар эпідэміялогіі Эдынбургскага ўніверсітэту.

Паводле яго, сітуацыя «не такая драматычная», як гэта было ў 2021 годзе, калі першы варыянт о-мікрону пачаў рэзка распаўсюджвацца па свеце.

Аналітыка
Год пандэміі: як каронавірус змяніў Беларусь і беларусаў
2021.02.27 16:55

«Мне не вядомыя звесткі, якія сведчаць пра тое, што EG.5 прыводзіць да больш цяжкіх выпадкаў захворвання COVID-19 у параўнанні з папярэднімі варыянтамі», – кажа Скот Робэртс, спецыяліст у інфекцыйных захворваннях Ельскага ўніверсітэту.

Але першыя паведамленні паказалі, што EG.5 распаўсюджваецца хутчэй за любы іншы цяперашні штам. Да таго ж у ім ёсць адна новая мутацыя ў бялку-шыпе (частка, якая палягчае пранікненне віруса ў клетку-гаспадара), якая патэнцыйна можа часткова абыходзіць імунітэт, набыты пасля інфекцыі ці вакцынацыі.

«Як ва ўсіх узніклых варыянтах, існуе некаторая дадатковая ступень імуннай уніклівасці праз невялікую розніцу ў генатыпе», – кажа Робэртс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: World History Archive / Rob Weham Photography / World history archive / Forum

Аднак рост колькасці захворванняў ён звязвае з турыстычным сезонам, дадаючы, што рост колькасці выпадкаў захворвання і шпіталізацыяў нашмат ніжэйшы, чым папярэднім летам.

Паводле Эндру Пэкаша, прафесара кафедры малекулярнай мікрабіялогіі і імуналогіі Універсітэту Джона Гопкінза, сімптомы EG.5 амаль такія ж, як і ў іншых варыянтаў. Яны ўключаюць ліхаманку, кашаль і стомленасць, а таксама катар, галаўны і цягліцавы боль. Паводле адчуванняў гэта можа нагадваць прастуду, грып ці пнеўманію.

Hавiны
Штам о-мікрон. Што трэба ведаць беларусам і што рабіць кожнаму
2021.12.02 17:52

«Паводле ступені цяжкасці EG.5 не адрозніваецца ад іншых сублініяў о-мікрона, якія цыркулююць з канца 2021 года», – заявіла ў пачатку жніўня тэхнічная кіраўніца САЗ у пытаннях COVID-19 Марыя Ван Керкаве.

Як паведаміў Эндру Полард, прафесар кафедры вывучэння інфекцыяў і імунітэту Оксфардскага ўніверсітэту, ёсць некаторыя сведчанні таго, што о-мікрон і ягоныя субварыянты нават менш цяжкія за ранейшыя штамы віруса. Аднак, паводле яго, «складана рабіць высновы, бо ў насельніцтва выпрацаваны імунітэт, ён абараняе ад цяжкіх формаў захворванняў».

Новы штам з вялікай колькасцю мутацыяў

Іншы варыянт SARS-CoV-2, які згадаў Гебрэесус, ВА.2.86, атрымаў назву «Pirola», гэта таксама нашчадак о-мікрона. Ён быў упершыню ідэнтыфікаваны 24 ліпеня 2023 года. Геномы гэтага варыянту выяўленыя ў Даніі, Ізраілі, Вялікай Брытаніі, ЗША і Паўднёвай Афрыцы. Праз вялікую колькасць мутацыяў Сусветная арганізацыя здароўя ўнесла яго ў спіс для назірання.

На дзень 23 жніўня ў свеце было выяўлена толькі дзевяць выпадкаў заражэння гэтым штамам, што недастаткова для нармальнай ацэнкі яго ўздзеяння на арганізм. На гэты момант узоры новага штаму не дасяжныя для надзейных лабараторных выпрабаванняў.

«Тут сапраўды нуль інфармацыі, – кажа Тымаці Мэрфі са Школы медыцыны і біямедычных навук імя Джэйкабсаў Універсітэту Бафала. – Дзевяці выпадкаў проста недастаткова, каб штосьці ведаць».

Тым не менш, вялікая колькасць мутацыяў, выяўленых у ім, выклікае асцярогі наконт яго ўплыву на імунітэт, атрыманы ад вакцынаў і папярэдніх інфекцыяў, паведамілі ў амерыканскім Цэнтры кантролю і прафілактыцы захворванняў (CDC).

Штам BA.2.86 утрымоўвае 36 мутацыяў, якія адрозніваюць яго ад штаму XBB.1.5, што дамінуе цяпер. Вірусолагі кажуць пра тое, што адбыўся эвалюцыйны скачок «прыкладна такога ж маштабу», які першапачаткова спарадзіў лінію о-мікрона з варыянту дэльта.

«Спачатку адмыслоўцы думалі, што BA.2.86 не так ужо і моцна адрозніваецца, але цяпер, калі яны заўважылі, што існуе мноства мутацыяў, яны прынамсі ўзнялі пытанне пра тое, ці можа гэты штам выклікаць імуннае ўхіленне», – распавядае парталу «Health» Ўільям Шэфнэр, спецыяліст у інфекцыйных захворваннях Медычнай школы Універсітэту Вандэрбілта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота:  World History Archive / Rob Weham Photography / World history archive / Forum

Тым не менш, у CDC мяркуюць, што наяўныя антыцелы або ад ранейшых захворванняў, або ад вакцынаў «будуць працягваць забяспечваць некаторую абарону ад цяжкога захворвання, выкліканага гэтым варыянтам». Як і дзейныя метады лячэння COVID-19.

Ці варта баяцца новых мутацыяў?

Прафесар Као мяркуе, што паступова сітуацыя з COVID «ўсталюецца, дзякуючы вакцынам і выпрацоўцы натуральнага імунітэту». Але, дадае ён, «супакойвацца яшчэ зарана».

Калі COVID-19 стане яшчэ адной сезоннай рэспіраторнай інфекцыяй, і нейкі варыянт «няхай не катастрафічна, але павялічыць колькасць выпадкаў заражэнняў і шпіталізацыяў, то гэта разам з грыпам можа стварыць для нас рэальныя цяжкасці», сказаў Као.

«COVID-19, верагодна, будзе падобны да грыпу, штам якога кожны год злёгку мутуе, і мы распрацоўваем вакцыну, перш чым дакладна даведаемся, якія варыянты будуць цыркуляваць», – адзначае Робэртс.

Цяпер вакцыны COVID-19 адаптуюцца да варыянтаў о-мікрона, якія падобныя з EG.5. У чэрвені кампаніі «Pfizer» і «BioNTech» падалі заяўку ў Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў на атрыманне нарматыўнага ўхвалення гэтых бустараў.

«Вакцыны надалей забяспечваюць выдатную абарону ад цяжкіх формаў захворванняў усімі варыянтамі COVID-19», – кажа Полард з Оксфардскага ўніверсітэту.

Hавiны
ЗША рассакрэцяць звесткі пра паходжанне каронавіруса. Уключаючы лабараторыю ў КНР
2023.03.21 08:45

Бустарныя дозы зніжаюць рызыку заражэння тых людзей, якіх адносяць да ўразлівай катэгорыі насельніцтва, дадае ён. І «дзейныя вакцыны, імаверна, забяспечваюць пэўную абарону і ад новага варыянту», працягнуў даследнік. Паводле Робэртса, супрацьвірусныя прэпараты таксама павінны дзейнічаць супраць EG.5.

Прадстаўніца САЗ Ван Керкаве адзначыла, што COVID-19 цыркулюе і мутуе ва ўсіх краінах.

«Гэта будзе працягвацца, і мы павінны быць да гэтага гатовыя», – сказала яна, заклікаўшы краіны супрацоўнічаць у даследаванні новых штамаў.

Спецыялісты раяць надалей захоўваць перасцярогу, асабліва калі ў вас высокая рызыка цяжкога захворвання, бо вам не менш як 50 гадоў, у вас аслаблены імунітэт або маюцца спадарожныя хваробы, такія, як атлусценне або захворванне лёгкіх. Ахоўныя захады, такія, як пазбяганне хворых людзей і нашэнне масак у закрытых памяшканнях, могуць дапамагчы, але «вакцынацыя супраць COVID-19 – найбольш эфектыўны інструмент прафілактыкі», кажа Робэртс.

Гісторыі
Сачэнне паводле геалакацыі і агароджы вакол дамоў. Як беларусы жылі ў кітайскіх каранцінах
2023.01.22 08:00

Макар Мыш belsat.eu