Пандэмію COVID-19 перасталі лічыць «міжнароднай надзвычайнай сітуацыяй». Але яна не скончылася


Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыя здароўя (САЗ) Тэдрас Адханам Гебрэесус падтрымаў даклад 15-й сустрэчы Міжнароднага камітэту рэгулятараў надзвычайнага стану аховы здароўя і абвясціў, што пандэмія COVID-19 больш не ёсць «надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага маштабу», але застаецца праблемай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Polina Tankilevitch / Pexels.com

Міжнародны камітэт 4 траўня адзначыў трэнд на змяншэнне выпадкаў смерці, шпіталізацыі і трапляння ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі ў сувязі з каронавірусам SARS-CoV-2, а таксама высокі ўзровень імунітэту да яго. Камітэт прызнаў нявызначанаю сітуацыю з магчымай далейшай эвалюцыяй каронавіруса, але рэкамендаваў перайсці да «доўгатэрміновага менеджменту пандэміі».

Гендырэктар САЗ Тэдрас Адханам Гебрэесус пагадзіўся з высновамі камітэту і заявіў, што пандэмія COVID-19 больш не ёсць «надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага маштабу», але статусу пандэміі не губляе.

Цяпер САЗ мае склікаць адпаведны камітэт, каб распрацаваць рэкамендацыі для доўгатэрміновай барацьбы з COVID-19 з улікам плану на 2023–2025 гады (які ўжо прадугледжвае пераход ад экстраннага рэагавання да доўгатэрміновай барацьбы). Пакуль новых рэкамендацыяў не з’явіцца, САЗ раіць трымацца ранейшых парадаў.

Паводле звестак САЗ, цяпер у свеце ўведзеныя 13,3 млрд дозаў вакцынаў ад COVID-19, прынамсі адну дозу вакцыны атрымалі 82 % чалавек, старэйшых за 60 гадоў, і 89 % медычных працаўнікоў (і тыя, і тыя ў групе асаблівай рызыкі).

Колькасць пацверджаных смерцяў ад каронавіруса ў свеце на дзень, сярэдняя за 7 дзён.

Паводле афіцыйна апублікаваных урадамі звестак, ад COVID-19 у свеце памерлі 6,87 млн чалавек, яшчэ 660 млн перанеслі хваробу. У красавіку колькасць выяўленых выпадкаў каронавіруснай хваробы ў свеце ўпала ніжэй за 100 тысячаў на дзень, колькасць прызнаных смерцяў ад COVID-19 у сакавіку ўпала ніжэй за 1000 на дзень ува ўсім свеце. Найбольш смерцяў на душу насельніцтва, паводле афіцыйных звестак, прыпала на Перу, Балгарыю, Вугоршчыну, Боснію і Герцагавіну, Паўночную Македонію.

Але ж афіцыйная статыстыка некаторых краінаў, напрыклад Кітаю ці Паўночнай Карэі, выклікае сумневы, а статыстыку з Беларусі ўлады засакрэцілі, паведамленняў пра яе не было з 5 ліпеня 2022 года. Але і да таго дзяржаўная статыстыка не выклікала даверу – яе лічылі заніжанай у 14–15 разоў. Міністэрства аховы здароўя Беларусі лавілі і на хлусні аб колькасці вакцынаваных.

Што яшчэ пачытаць?

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў