Рыгора Кастусёва чацвёрты раз адправілі ў ШІЗА


Старшыню зліквідаванай уладамі Партыі БНФ, палітзняволенага Рыгора Кастусёва чацвёрты раз адправілі ў штрафны ізалятар на 10 содняў. Пра гэта паведамляе зяць палітыка Зміцер Антончык.

Рыгор Кастусёў. Менск, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: БелТА

«Рэжым забівае Рыгора Кастусёва. Ужо чацвёрты раз адправілі на 10 содняў у ШІЗА…», – напісаў Зміцер Антончык у Facebook.

Колькі часу Кастусёў правёў у ШІЗА – невядома. У ліпені паведамлялася, што палітвязня пазбавілі спатканняў, забралі асабістыя запісы, у тым ліку чарнавік кнігі і адрасы для ліставання.

Кастусёў мае сур’ёзныя праблемы са здароўем – у яго выявілі анкалагічную хваробу.

Летась у пачатку верасня Менскі абласны суд прыгаварыў Рыгора Кастусёва на 10 гадоў пазбаўлення волі «за спробу дзяржаўнага перавароту з мэтай зрынання ўлады неканстытуцыйным шляхам». Таксама паводле «справы аб змове» асудзілі юрыста Юрася Зянковіча (11 гадоў калоніі), літаратуразнаўцу і палітолага Аляксандра Фядуту (10 гадоў калоніі), працаўніцу офісу Зянковіча Вольгу Галубовіч (2,5 года калоніі) і актывіста Дзяніса Краўчука (2,5 года калоніі). Кастусёў адзіны з іх не прызнаў віны. Папярэдняе расследаванне і судовае следства ў справе аб спробе «дзяржаўнага перавароту» доўжылася 500 дзён.

У снежні мінулага года Рыгора Кастусёва этапавалі ў ПК № 22, дзе ён застаецца і цяпер.

Абноўлена
Вярхоўны Суд зліквідаваў Партыю БНФ
2023.08.14 15:25

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў