«Відавочна, ён забіты Пуціным». Сусветныя лідары каментуюць смерць Навальнага


Сусветныя лідары і палітыкі каментуюць раптоўную смерць 15 лютага ў калоніі расейскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага.

Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны. Масква, Расея. 25 снежня 2017 года.
Фота: Evgeny Feldman / Navalny Campaign / AP / East News

Першым лідарам замежнай дзяржавы, які выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Аляксея Навальнага, стаў прэзідэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч. Ён усклаў адказнасць за смерць на Крэмль.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што «ў сённяшняй Расеі вольныя людзі змяшчаюцца ў ГУЛАГ і прыгаворваюцца да смерці». «Гнеў і абурэнне. Я паважаю памяць Аляксея Навальнага, яго прыхільнасць і смеласць. Спачуванні яго сям’і, каханым людзям і народу Расеі», – напісаў прэзідэнт Францыі.

Агляд
«Пакуль трэба не здавацца». Памёр Аляксей Навальны. Якім быў шлях расейскага апазіцыянера
2024.02.16 17:33

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў у смерці Навальнага асабіста Уладзіміра Пуціна:

«Відавочна, ён забіты Пуціным, як і тысячы іншых закатаваных з-за адной гэтай істоты. Пуціну ўсё роўна, хто загіне, толькі б ён захаваў свае пазіцыі. Менавіта таму не павінен захаваць нічога. Пуцін усё павінен прайграць, усё павінен страціць і адказваць за зробленае».

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, пачынаючы прэс-канферэнцыю з Зяленскім, адзначыў, што «Навальны заплаціў смерцю за сваю мужнасць вярнуцца ў Расею».

Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак назваў паведамленні аб смерці палітыка «жахлівымі навінамі».

«З’яўляючыся самым заўзятым абаронцам расейскай дэмакратыі, Аляксей Навальны на працягу ўсяго свайго жыцця дэманстраваў неверагодную мужнасць. Мае думкі – з ягонаю жонкай і народам Расеі, для якога гэта вялізная трагедыя», – сказаў ён.

Hавiны
Ціханоўская: Навальнага мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым
2024.02.16 15:30

Кіраўнік Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль паведаміў, што Еўразвяз ускладае адказнасць за смерць Навальнага на ўлады Расеі:

«Я выказваю глыбокія спачуванні ягонай сямʼі. І тым, хто змагаецца за дэмакратыю па ўсім свеце ў самых змрочных умовах. Барацьбіты паміраюць. Але барацьба за свабоду ніколі не сканчаецца».

Няма сумневаў у тым, што «Навальнага мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым», і ў абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай. А яе намеснік у Аб’яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка заклікаў да «руйнуючых» санкцыяў у дачыненні Расеі за гэта.

Міністр замежных справаў Францыі Стэфан Сэжурнэ заявіў, што Навальны паплаціўся жыццём за супраціў сістэме прыгнёту, створанай пры прэзідэнце Пуціне.

«Улічваючы доўгую і брудную гісторыю прычынення шкоды сваім апанентам з боку расейскага ўраду, гэта ўздымае рэальныя і відавочныя пытанні аб тым, што тут адбылося», – адзначыў дарадца Белага дому ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван.

«Пакуль мы чакаем далейшай інфармацыі, давайце растлумачым: адказнасць за гэта ляжыць выключна на Пуціне», – адзначыў Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ Жузэп Бурэль.

Тобіяс Більстрэм, кіраўнік МЗС Швецыі: «Жудасныя навіны аб Аляксею Навальным. Калі паведамленне аб яго смерці ў расейскай турме – праўда, то гэта ўяўляе сабой яшчэ адно жудаснае злачынства пуцінскага рэжыму. Бязлітаснасць у дачыненні да Навальнага яшчэ раз паказвае, чаму неабходна працягваць барацьбу супраць аўтарытарызму».

Каментар
Смерць Навальнага: прапаганда кажа пра тромб і хуткую за 7 хвілінаў, але лекары не вераць
2024.02.16 17:21

Марк Рутэ, прэм’ер-міністр Нідэрландаў: «Смерць Навальнага ілюструе беспрэцэдэнтную жорсткасць расейскага рэжыму. Навальны змагаўся за дэмакратычныя каштоўнасці і супраць карупцыі. За сваё змаганне яму давялося заплаціць жыццём, у той час як ён утрымліваўся ў самых суровых і бесчалавечных умовах. Я жадаю моцы ягонай сямʼі, блізкім і ўсім, хто змагаўся разам з ім за перамены ў Расеі».

Александр дэ Кро, прэмʼер-міністр Бельгіі: «Яго трагічная смерць яшчэ раз падкрэслівае, чаму мы будзем працягваць падтрымліваць Украіну. Расея не пераможа ва Украіне. Нашы думкі з сямʼёй і сябрамі Навальнага і ўсімі мужнымі расейскімі палітвязнямі».

Ян Ліпаўскі, кіраўнік МЗС Чэхіі: «Як Расея ставіцца да сваёй вонкавай палітыкі, так яна ставіцца і да сваіх грамадзянаў. Яна ператварылася ў жорсткую дзяржаву, якая забівае людзей, якія мараць пра лепшую будучыню, такіх як Нямцоў ці цяпер Навальны – зняволены ў турму і закатаваны да смерці за тое, што ён супрацьстаяў Пуціну».

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што «Расея нясе адказнасць» за смерць Навальнага. «Мы будзем абмяркоўваць гэта з многімі іншымі краінамі, занепакоенымі лёсам Аляксея Навальнага, асабліва калі гэтыя паведамленні будуць праўдай», – дадаў ён.

Абнаўляецца
У расейскай калоніі памёр Аляксей Навальны
2024.02.16 14:33

Пра тое, што Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, 16 лютага паведаміла мясцовае ўпраўленне федэральнай службы выканання пакарання (ФСВП). Яму нібыта стала кепска пасля прагулкі.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што «медыкі разбіраюцца» з тым, што адбылося, і ўдакладніў, што прэзідэнту ўжо паведамілі пра смерць Навальнага.

Hавiны
У апошняй публікацыі Навальны прызнаваўся ў каханні жонцы, а на відэа выглядаў бадзёрым
2024.02.16 15:10

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў