Нацбанк хоча вярнуцца да таргетавання інфляцыі. Што гэта значыць?


Нацыянальны банк заявіў, што «эканоміка хутка аднаўляецца, бізнес-актыўнасць расце», і пастанавіў вярнуцца да пытання пра пераход да таргетавання інфляцыі. Разабраліся, ці ёсць падстава для аптымізму, ці своечасовае гэта рашэнне і як яно можа паўплываць на ўзровень інфляцыі. 

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Менск, Беларусь. 28 чэрвеня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

Нацбанк хоча кантраляваць інфляцыю

«У межах рэалізацыі захадаў для пераходу ў сярэднетэрміновай перспектыве на рэжым таргетавання інфляцыі з 3 студзеня 2024 года аднаўляецца правядзенне аперацыяў у рэгуляванні ліквіднасці банкаў», – паведамляюць у Нацыянальным банку.

То бок Нацбанк хацеў бы ў будучыні таргетаваць інфляцыю.

«Рэжым таргетавання інфляцыі – гэта калі Нацыянальны банк прагназуе сярэднегадавы рост цэнаў на працягу не аднаго года, а некалькіх гадоў», – кажа старэйшая навуковая працаўніца BEROC Настасся Лузгіна.

Аднак пакуль у Беларусі пра таргетаванне гаворкі не ідзе, гэта толькі планы, падкрэслівае экспертка.

«Але ў межах гэтага працэсу пераходу да таргетавання прадугледжанае вяртанне да правядзення аперацыяў для рэгулявання ліквіднасці банкаў. Гэта азначае, што камерцыйныя банкі могуць звяртацца ў Нацыянальны банк па атрыманне кароткатэрміновых крэдытаў (крэдытаў оўвэрнайт). Банкі могуць таксама пакласці грошы на дэпазіт у цэнтрабанк, калі іх зашмат.

Гэта значыць, што пры выкарыстанні гэтага інструменту ім не патрэбны будзе дазвол Нацбанку. У іх увесь час будзе такая магчымасць атрымліваць кароткатэрміновыя рэсурсы», – адзначае Лузгіна.

Hавiны
АРІП пачаў прымаць плацяжы з замежных картаў
2023.11.22 14:24

Гэтыя аперацыі – нармальны рынкавы інструмент. У жніўні 2020 года Нацыянальны банк перастаў даваць грошы паводле гэтай працэдуры і такім чынам абмежаваў доступ банкаў да рэсурсаў. Грошы можна было ўзяць толькі на аўкцыёнах, але гэта азначала, што Нацбанк меў магчымасць у кожным канкрэтным выпадку кантраляваць дакладны аб’ём крэдытаў, які дае банкам.

Крэдытаў і так зашмат

Цяпер банкам будзе прасцей атрымаць грошы, і, адпаведна, яны змогуць больш свабодна адчуваць сябе пры выдачы крэдытаў. Праблема ў тым, што цяперашняе вяртанне да нармальнасці адбываецца на фоне і так моцнага росту крэдытавання.

«Гэта можна бачыць паводле таго, як раслі крэдыты сёлета. Напрыклад, крэдыты для юрыдычных асобаў ад пачатку года да 1 снежня павялічыліся больш як на 13 %, а для фізічных асобаў яшчэ больш –  на 16,5 %. У прыватнасці, спажывецкія крэдыты выраслі больш як на 30 %. Бум спажывецкага крэдытавання разам з паскораным ростам заробкаў стымулюе спажыванне на ўнутраным рынку. І калі вытворчасць не паспявае за попытам, то гэта выліваецца ў рост імпарту з узмацненнем напружання на валютным рынку і наступнае павелічэнне коштаў. А калі кошты рэгулююцца, то гэта ператвараецца ў інфляцыйны навес, які можа праявіцца ў будучыні», – падкрэслівае Настасся Лузгіна.

Агляд
У Беларусі найгоршыя вынікі ў ЕАЭС: ЕАБР зрабіў эканамічны прагноз на 2024 год
2023.12.14 15:44

На гэтым фоне аптымізм Нацыянальнага банку пра паляпшэнне сітуацыі ў эканоміцы выглядае сумнеўна.

«Быццам бы ўсё добра, калі ацэньваць агульныя макрапаказнікі ВУП, спажыванне, заробкі, якія растуць. Інфляцыя цяпер паскорылася, але ўсё роўна захоўваецца ў межах прагнозных значэнняў», – кажа экспертка.

Аднак гэты рост адбыўся за кошт эфекту нізкай базы, бо ў 2022 годзе ВУП знізіўся на 4,7 %, а таксама за кошт мяккай эканамічнай палітыкі. Гэта значыць, заробкі хутка раслі ў рэальным выражэнні, а крэдыты станавіліся больш даступнымі.

«Але эканоміка без структурных пераўтварэнняў пастаянна хуткімі тэмпамі расці не можа за кошт танных рэсурсаў. Тут узнікаюць рызыкі таго, што, калі гэтая палітыка будзе працягнутая, мы не зможам пазбегчы паскарэння росту коштаў», – працягвае Лузгіна.

Цяпер да гэтага дадаецца рашэнне Нацыянальнага банку вярнуцца да пастаянна даступных аперацыяў рэгулявання ліквіднасці банкаў, што сведчыць пра захаванне мяккай манетарнай палітыкі.

Дэдаларызацыя працягнецца

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Валіза з доларамі.
Фота: Jeremy Johnstone / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Таксама Нацбанк падзяліўся планамі дэдаларызацыі:

«Дзеля замацавання працэсаў дэвалютызацыі эканомікі з 1 студзеня 2024 года. Нарматыў адлічэнняў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыяў у фонд абавязковых рэзерваў ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце павышаны на 2 адсоткавыя пункты і ўстаноўлены на ўзроўні 18 %».

«Гэта таксама ў пэўнай ступені звязана з першаю захадай, якую зрабіў Нацыянальны банк. У Беларусі ёсць фонд абавязковых рэзерваў, як, напэўна, у любога цэнтральнага банку ў свеце. Фонд абавязковых рэзерваў першапачаткова меў страхавую функцыю. Гэта значыць, калі камерцыйны банк прыцягвае дэпазіты, то нейкі пэўны адсотак ён адлічвае ў гэты фонд абавязковых рэзерваў цэнтральнага банку», – адзначае Настасся Лузгіна.

Гэта зроблена на той выпадак, калі нейкі камерцыйны банк не здолее разлічвацца па сваіх абавязаннях.

«З часам развіцця дзейнасці цэнтральных банкаў гэты фонд стаў больш адыгрываць не страхавую функцыю, а рэгулятарную. Бо цэнтральны банк можа ўсталёўваць розныя адсоткі адлічэнняў па дэпазітах: можа ўсталяваць 4 %, а можа 20 %.

Калі адлічэнні 4 %, то ў камерцыйнага банку застаецца 96 % прыцягнутых грошай, з якімі ён можа працаваць і на якіх можа зарабляць.  Калі ж ён 20% адлічвае ў фонд, то на руках застаецца 80 %. Тады як адсоткі па дэпазітах трэба плаціць у любым выпадку», – працягвае экспертка.

Калі адлічэнні большыя, гэта стымулюе банкі альбо зніжаць стаўкі па дэпазітах, альбо павышаць іх па крэдытах, каб пазбегчы стратаў. Паколькі Нацыянальны банк павышае адлічэнні толькі ў замежнай валюце, то гэта дае сігнал банкам, каб яны працавалі больш з беларускімі рублямі. У выніку больш нізкія стаўкі ці памяншаюць жаданне насельніцтва адкрываць валютныя дэпазіты, ці прадпрыемстваў –  браць больш дарагія крэдыты ў замежнай валюце, думае Настасся Лузгіна.

Hавiны
Колькі грошай беларусы ў сярэднім трымаюць у банках
2023.11.12 20:22

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў