Колькі грошай беларусы ў сярэднім трымаюць у банках


Нацыянальны банк Беларусі апублікаваў абследаванне паводле прынцыпу «Ведай свайго кліента» за ІІІ квартал 2023 года (PDF). Беларусы павялічваюць уклады ў нацыянальнай валюце і забіраюць уклады ў замежнай, найбольш назапашваюць перад пенсіяй.

Беларускія рублі.
Фота: Белсат

Доля ўкладаў у беларускіх рублях з пачатку 2023 года павялічылася з 29,2 % да 42,2 %. За ІІІ квартал аб’ём укладаў у беларускіх рублях вырас на 3,8 %, а ўкладчыкаў стала больш на 0,6 %, сума ўкладу на чалавека вырасла на 3,2 %. Укладаў у замежнай валюце стала менш на 7,9 %, укладчыкаў – менш на 5,1 %, укладу на чалавека стала менш на 2,9 %.

Больш як тры чвэрці ўкладаў, 76,2 % – безадзыўныя, пры чым аб’ёмы безадзыўных укладаў у беларускіх рублях растуць удвая хутчэй, чым такіх адзыўных. Датэрмінова разрываюць усё менш дамоваў укладаў у нацыянальнай валюце.

Жанчыны давяраюць грошы банкам значна часцей: на 704 тысячы ўкладчыц – 337 тысяч мужчын-укладчыкаў. За квартал сума ўкладаў на чалавека ў нацыянальнай валюце павялічылася ў роўнай ступені ў мужчын і жанчын.

Значна запаволіўся рост сярэдняй сумы ўкладаў у беларускіх рублях у нерэзідэнтаў, тады як у рэзідэнтаў сярэдняе значэнне вырасла на 3,2 % і склала 11,2 тысячы рублёў.

Сярэдні ўклад у замежнай валюце за квартал зменшыўся на 246 долараў і склаў 8,2 тысячы долараў. Пры тым знізіліся і аб’ёмы ўкладаў, якія пераводзяць з адной валюты ў іншую.

Сярэдняя сума ўкладу на аднаго чалавека
Сярэдняя сума ўкладу на аднаго чалавека, у эквіваленце ўсіх валютаў, у тысячах рублёў. Скрыншот: Nbrb.by

Найбольш укладаў маюць мужчыны ва ўзросце 46–63 гадоў: у сярэднім 26 тысяч рублёў у эквіваленце на ўкладах ва ўсіх валютах. Найменш – таксама мужчыны, але ва ўзросце да 26 гадоў: у сярэднім 5,1 тысячы.

Пры гэтым старэйшыя за 64 гады складаюць найбольшую долю ад колькасці ўкладчыкаў: гэта 44,6 % мужчын і 38,6 % жанчын.

Агляд
Якія карты працуюць у Беларусі і як перавесці грошы з-за мяжы
2023.10.26 11:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў