Украіна адваявала Андрэеўку – яшчэ адно сяло пад Бахмутам


Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 569 дзён. «Белсат» расказвае, што вядома аб баявых дзеяннях і сітуацыі вакол вайны на ранак 15 верасня.

Украінскія вайскоўцы
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведаміў 15 верасня аб вызваленні сяла Андрэеўка ў Данецкай вобласці – гэта блізу Бахмуту, зруйнаванага Расеяй пасля шматмесячнага штурму. Расейскія войскі, сцвярджае ўкраінскі Генштаб, беспаспяхова спрабавалі весці наступальныя дзеянні ў ваколіцах Багданаўкі, што на поўнач ад Андрэеўкі і Клішчыеўкі. Паведамленні аб вызваленні паселішча з’яўляліся яшчэ днём раней, але тады казалі, што радавацца рана, баі трываюць. Цяпер вызваленне сяла пацверджанае афіцыйна.

Акрамя таго, 3-ая асобная штурмавая брыгада Сухапутных войскаў Украіны расказала, што ў выніку атачэння расейскага гарнізону ў Андрэеўцы была знішчаная амаль уся пяхота расейскай 72-й брыгады, разам з афіцэрамі, начальнікам брыгаднай выведкі і значнай колькасцю тэхнікі. Баі працягваюцца, украінскія вайскоўцы замацоўваюцца на новых пазіцыях.

«Узяцце і ўтрыманне Андрэеўкі – наш шлях да прарыву на правым флангу з боку Бахмуту і залог поспеху ўсіх будучых наступаў», – піша 3-ая асобная штурмавая брыгада.

На нядаўніх фота відаць, што ад сяла практычна нічога не засталося – адныя руіны.

Лічыцца, што Бахмут мае асаблівае сімвалічнае значэнне для расейскага кіраўніцтва: гэта быў ці не адзіны значны поспех пасля адступленняў з Харкаўшчыны і правабярэжнай Херсоншчыны, ды ён быў дасягнуты «мяснымі штурмамі» і высокімі стратамі. Аднак аналітыкі амаль у адзін голас цвердзяць, што ў чыста вайсковым сэнсе Бахмут не мае стратэгічнага значэння – толькі сімвалічнае.

Акрамя бахмуцкага кірунку баі трываюць і на іншых. Паводле заявы намесніцы міністра абароны Украіны Ганны Маляр, асноўны кірунак наступу – усё ж паўднёвы. Паводле Генштабу ЗСУ, значныя страты расейскім войскам наносяць блізу Вэрбовага ў Запарожскай вобласці, што на мэлітопальскім кірунку, і стрымліваюць расейскі наступ на аўдзееўскім і мар’інскім кірунках. Паводле агляду ад Генштабу ЗСУ, агулам за мінулы дзень было 25 баявых сутыкненняў, а расейскія войскі нанеслі два ракетныя і 59 авіяцыйных удараў, 56 абстрэлаў рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню і запусцілі 22 дроны-камікадзэ, з якіх 17 было знішчана. Расея, як сцвярджае ўкраінскі бок, страціла ў вайне ўжо 271 тысячу чалавек.

На вызваленай частцы Херсоншчыны абвясцілі аб абавязковай эвакуацыі шэрагу паселішчаў, што пастаянна трапляюць пад расейскія абстрэлы. На акупаваным баку таксама бабахае: у сеціве 15 верасня з’явіўся шэраг відэа з выбухамі ў Новай Кахоўцы, занятай расейскімі войскамі.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) звяртае ўвагу на ўдар па сістэмах паветранай абароны ў Еўпаторыі, што ў Крыме: гэта можа сведчыць аб сістэматычных тактычных правалах. Расея, як сцвярджаецца, страціла дарагі комплекс С-400: украінскія сілы спачатку знішчылі дронамі радары і антэны комплексу, а потым ударылі па безабаронным комплексе ракетамі «Нэптун».

Выведка Злучанага Каралеўства тым часам піша, што ранкам 13 верасня шматлікія ракеты трапілі ў сухія докі «Севморзаводу» ў Севастопалі, пашкоджанні атрымалі вялікі дэсантны карабель «Менск» і субмарына «Растоў-на-Доне». Звесткі з адкрытых крыніцаў сведчаць, што «Менск» фактычна знішчаны, а «Растоў» пацярпеў катастрафічныя пашкоджанні. Імаверна, наступствы ўдару і разбор завалаў зробяць докі непрыдатнымі для выкарыстання на месяцы, а Расеі будзе цяжка падтрымліваць Чарнаморскі флот.

Расея тым часам трапіла пад новыя санкцыі Злучаных Штатаў: санкцыі ўвялі супраць алігарха Андрэя Бокарава, ягонай жонкі і бізнес-партнёраў, холдынгу «Трансмаш», авіяматорнага комплексу «Саюз» і доўгага шэрагу іншых расейскіх заводаў і кампаніяў ды іхных работнікаў, а таксама звязаных з Расеяй кампаніяў у Фінляндыі і Турэччыне.

Гісторыі
Не хочуць гаварыць пра вайну і шмат п’юць. Як жывуць людзі ў прыфрантавых гарадах Расеі
2023.09.10 16:01

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў