Сітуацыя пад Бахмутам: ЗСУ зачышчаюць Клішчэеўку і Андрэеўку


«Белсат» падводзіць вынікі 568-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 14 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы на перадавой у Запарожскай вобласці. 
Фота: Stringer / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны ідуць сустрэчныя баі каля сяла Сінькаўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.

У Міністэрстве абароны РФ пішуць пра адбіццё ўкраінскай атакі каля населенага пункту.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў паведамляе пра атакі з боку войскаў РФ у ваколіцах сяла.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны заявілі, што таксама на купянскім кірунку расейцы атакавалі каля Бераставога, але поспеху не дасягнулі.

На ліманскім кірунку працягваюцца баі каля Новаягораўкі ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.

У прэс-службе расейскай групоўкі «паведамілі» пра зрыў дзвюх атак праціўніка на так званым торскім выступе на поўначы Данецкай вобласці. На гэтым участку фронту актыўнасць за Збройнымі сіламі Украіны.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

На поўдні ад Бахмуту наступаюць украінскія вайскоўцы. Паводле Генштабу ЗСУ, цягам содняў яны дасягнулі поспеху ў ваколіцах населеных пунктаў Клішчэеўка, Андрэеўка, Курдзюмаўка, а таксама каля самога Бахмуту.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Тринадцатый» заявіў, што расейцы былі цалкам выбітыя з Клішчэеўкі і Андрэеўкі.

Таксама крыніца паведамляе, што ў войсках РФ пад Бахмутам зноў назіраецца так званы снарадны голад.

Удзень 14 верасня намесніца Міністра абароны Украіны Ганна Маляр афіцыйна пацвердзіла вызваленне ЗСУ сяла Андрэеўка.

Між тым у 3-й асобнай штурмавой брыгадзе ЗСУ зняпраўдзілі гэтую інфармацыю, напісаўшы, што баі за сяло працягваюцца.

Аналітыкі праекту Deepstate паведамляюць, што ўкраінскія вайскоўцы зайшлі ў населены пункт 13 верасня, і цяпер працягваецца зачыстка сяла ад праціўніка.

Сямён Пегаў фіксуе паступовае замацаванне Збройных сілаў Украіны і ў Клішчэеўцы.

Праўкраінскі «Бахмутський Демон» піша, што цяпер ЗСУ выбіваюць праціўніка з подступаў да Клішчэеўкі, каб далей адсунуць лінію сутыкнення і ўпэўнена замацавацца ў населеным пункце.

Імаверна, Узброеныя сілы РФ паступова займаюць абарону па лініі мясцовай чыгункі, якая праходзіць на поўначы і ўсходзе ад Клішчэеўкі, а таксама на ўсходзе ад Андрэеўкі.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Цягам апошніх содняў Узброеныя сілы РФ прынамсі 14 разоў атакавалі ў ваколіцах гораду Мар’інка на захадзе ад Данецку. Паводле Генштабу ЗСУ, усе атакі праціўніка былі адбітыя сіламі абароны краіны.

Пры гэтым у ведамстве адзначылі, што агулам на аўдзееўскім і мар’інскім кірунках ініцыятыва захоўваецца за ўкраінскімі вайскоўцамі.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а таксама на ўсходзе Запарожскай)

У прэс-цэнтры расейскай групоўкі «Восток» заявілі пра адбіццё атак ЗСУ каля населеных пунктаў Новамаёрскае, Новаданецкае і Прыютнае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: Serhii Nuzhnenko / Radio Free Europe/ Radio Liberty / Reuters / Forum

Аналагічную інфармацыю падае ваенкор Пегаў, які адзначае адсутнасць прасоўванняў з боку ўкраінцаў.

Між тым тэлеграм-канал «Воин DV» піша, што атак каля Новамаёрскага і Новаданецкага цягам содняў не было. Крыніца фіксуе толькі спробы ЗСУ забраць параненых і замацавацца ў лесапасадках у так званай шэрай зоне.

«Рыбарь» сцвярджае, што на ўчастку Новамаёрскае – Новаданецкае Збройныя сілы Украіны перайшлі да абароны, а іхная наступальная актыўнасць захоўваецца толькі па лініі Прыютнае – Старамаёрскае.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку ініцыятыва захоўваецца за Збройнымі сіламі Украіны, якія цягам апошніх содняў наступалі ў ваколіцах населеных пунктаў Новапракопаўка і Вербавае ў Палогаўскім раёне Запарожскай вобласці.

Пра змены ў лініі фронту ніводная з крыніцаў не паведамляе.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

 

Стужка навінаў