«Расейцы будуць драпаць». Добраахвотнік Чарлі распавёў пра фармаванне беларускай роты ў складзе ДШБ Украіны


Увосень 2022 года беларускі добраахвотнік з пазыўным Чарлі «біўся з дэманамі» ў Варшаве і прызнаваўся, што хоча вярнуцца на вайну («Я хачу туды. Я там»). У студзені 2023-га напісаў кароткае паведамленне: «Усё, заехаў ва Украіну». Дзень таму, падчас кароткага перадыху, выйшаў з намі на сувязь. Як і раней, працуе з мінамётам, але цяпер не ў палку Каліноўскага – носіць нашыўку адной дэсантна-штурмавой брыгады (ДШБ) ЗСУ, у складзе якой з’явілася беларуская рота.

Беларускі добраахвотнік, мінамётчык Сяргей Чарлі. Фота з асабістага архіву

«Нас тут 20 беларусаў. Так, у складзе адной з дэсантна-штурмавых брыгад, якая з пачатку вайны б’ецца ў самых гарачых пунктах. Выдатнае камандаванне, усе камандзіры – украінцы, зразумела. Але нам дазволілі стварыць асобную беларускую роту. Цяпер на стадыі фармавання. Таму, калі маеце на мэце вызваленне Беларусі ад дыктатуры, запрашаем! Хай людзі звязваюцца са мною», – гаворыць Сяргей Чарлі.

Пра асобную беларускую дэсантна-штурмавую роту ў складзе ЗСУ паведамляў раней прадстаўнік Аб’яднанага кабінету ў справах абароны і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык.

«Расейцаў прывозяць як на забой»

Чарлі расказвае, што некалькі дзён таму выехаў з тэрыторыі на ўсходзе Украіны, дзе вядуцца баявыя дзеянні (называе канкрэтнае месца, але з вядомых прычынаў просіць яго не агучваць) углыб краіны для невялікага адпачынку. Кажа, што «там горача» і ад расейцаў (замяняем нецэнзурнае слова) проста на фізічным узроўні патыхае страхам з моманту абвяшчэння ўкраінскага контрнаступу:

«Іх вось сабралі, прывезлі туды, гэтых расейцаў, а яны атрымаюць пару прылётаў ад «хімерсаў» – і ўсё, «русский мир» скончыўся, бо хочацца дамоў, калі, канечне, жывы яшчэ. Натуральна, вялікі страх у іх.

Той страх, які адчувае нематываваная армія перад вельмі матываванаю. Таму рэч толькі ў часе і ў тым, як хутка яны здадуцца. А я думаю, вельмі хутка. Бо іх прывозяць туды, як кацянятаў на забой».

Прызнаецца, што пераход з абароны ў контратаку – цяжкая справа: трэба перабудоўвацца. Але хлопцы «ўсе зараджаныя і рвуцца ў бой», усе хочуць «як мага хутчэй скончыць гэтую вайну».

«Расейцы будуць драпаць, будуць недзе акопвацца і гэтак далей.  Ужо пакідаюць пазіцыі, тэхніку і проста ратуюцца ўцёкамі. Украіна будзе вольнай, як тут ні круці», – з упэўненасцю кажа беларускі ваяр.

«За кожнага беларуса расейцам даюць прэмію»

Суразмоўца ўдакладняе: па вяртанні ва Украіну спачатку служыў у другім інтэрнацыянальным легіёне. Але сышоў адтуль з групай іншых беларусаў «пра розныя погляды на працу», як тлумачыць. У дэсантна-штурмавой брыгадзе (ДШБ) ЗСУ – ужо паўтара месяца («Як і раней, я проста мінамётчык»). Нагадаем, што з пачатку вайны да ліпеня 2022 года Чарлі ваяваў у складзе палка Каліноўскага, а ягоным беспасярэднім камандзірам быў Іван Брэст.

Сяргей Чарлі трымае ў руках барсетку, якую яму падарыў Васіль (Атам) Грудовік, які загінуў каля Лісічанску ў чэрвені 2022 года. Варшава, Польшча. 9 лістапада 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Добра, што я вярнуўся. Цяпер я не расчараваны. Трэба працягваць рабіць працу, трэба працягваць змагацца, трэба дапамагаць братам-украінцам у вызваленні іхнай краіны. Глядзі, які кіпіш навёў на Белгародчыне Расейскі добраахвотніцкі корпус (РДК). Ім дапамагалі і беларусы. Нам трэба карыстацца іхным досведам і ведамі: як гэта – заходзіць на тэрыторыю сваёй краіны, сваёй радзімы. Бо і мы гэта будзем рабіць. Нам для гэтага абавязкова трэба абʼядноўвацца – усім беларускім падраздзяленням, якія ваююць ва Украіне.

Але прыбраць палітыку. Не лезці ў палітыку. На вайне не можа быць палітыкі…» – мяркуе Сяргей Чарлі.

Сцвярджае, што беларуская рота ў складзе ДШБ не будзе мець нейкіх палітычных мэтаў ці інтарэсаў:

«Нашае падраздзяленне мае выключна дзве мэты: вызваленне Украіны і вызваленне Беларусі. Усё. Ніякіх палітычных амбіцыяў не маем і не хочам мець. Калі хтосьці носіць у сэрцы такія ж мэты – будзем вельмі радыя бачыць такіх людзей у нашых шэрагах».

Гісторыі
«Рукі сумуюць па зброі». Споведзь беларускага ваяра Ліса пра тое, як балюча жыць пасля вайны
2023.06.01 07:40

Чарлі не мае права казаць, колькі ўжо зрабіў баявых выхадаў і дзе канкрэтна папрацаваў са сваім мінамётам. Тлумачыць, што «хлопцы на пазіцыях», і, калі расейцы даведаюцца, што там беларусы, «будуць яшчэ больш артой [артылерыяй. – Заўвага «Белсату»] пасыпаць». Бо, кажа, паводле чутак, за кожнага забітага беларуса расейцам выпісваюць прэмію (як і за кожнага замежніка).

Сяргей шчыра смяецца з нашага наступнага пытання пра тое, ці «панюхаў ужо па-сапраўднаму пораху пасля другога прыезду ва Украіну».

«Нанюхаўся ўжо! І не ўспрымаю нават. Іншая рэч – злавіць пару добрых прыходаў ад 152-й гаўбіцы. Гэта калі па табе страляюць, але ты невядома якім чынам ці чыймі малітвамі застаешся жывы. Я злавіў. І яно так, ведаеш… мазгі пачынаюць адразу працаваць! Умомант ачухваешся. Крута. А ты мне тут пра порах…» – смяецца Чарлі.

«Пакрамсаю маскалёў і вярнуся героем? Усё не так…»

Гаворыць, што ўспрыманне вайны ў 2022 годзе і цяпер – дзве розныя рэчы. Ружовыя акуляры адкінутыя ўбок.

«Маеш ужо багаж досведу, папаўняеш яго і, натуральна, разглядаеш ужо вайну не як вясёлкавы шпацыр, маўляў, зараз прыеду, пакрамсаю маскалёў і вярнуся героем. Усё не так. А як? Гэта як у гульні: ствараеш героя і падвышаеш яму ўзровень – вось і ў мяне такі «level up» адбыўся.

Гляджу на ўсё па-іншаму. Трымаю баланс паміж жорсткасцю і мяккасцю. Бо бачу гэтую вайну стратэгічным перавалачным пунктам для вызвалення Беларусі. Карацей, ты ўжо больш прашараны і пачынаеш думаць па-ваеннаму, як вайсковец. Такі сабе маёр з цыгарэтай у зубах, цёрты калач…» –  пасміхаецца Чарлі.

Калі бралі ў яго вялікае інтэрвʼю ў лістападзе 2022 года, Чарлі ўсміхнуўся толькі некалькі разоў, і тое падчас фотасесіі. Цяпер у ягоным голасе – аптымізм і ўсмешка. Зусім іншыя эмоцыі. Аж не верыцца, што яшчэ ўчора ён паліваў па пазіцыях ворага з мінамёта…

«Не, не хвалюйся. Усё ў парадку. Проста так сябе адчуваю сёння. Да таго ж, і кот на плячы спіць. Руды мэйн-кун, завуць Зеўс. Малы яшчэ, 4 месяцы, а жарэ ўжо больш за мяне», – смяецца суразмоўца.

«Кот застанецца з каханай, а я паеду вызваляць ейную краіну»

Калі праз некаторы час Чарлі вернецца на фронт, па рудога Зеўса, аказалася, будзе каму прыглядаць. У жыцці Сяргея зʼявілася тая, хто «можа зматываваць за дзве секунды».

Беларускі добраахвотнік Сяргей Чарлі з катом. Фота з асабістага архіву

«Так, коцік застанецца ўдома разам з каханай і будзе надалей даймаць яе, а я паеду вызваляць ейную краіну».

Але пра асабістае жыццё да заканчэння контрнаступу ЗСУ Чарлі адмаўляецца распавядаць падрабязна. Дае абяцанне звязацца праз некалькі месяцаў («Гэта будзе важнае інтэрвʼю!»).

«Дык, Чарлі, перамог ты, значыцца, сваіх дэманаў?» – пытаемся.

«Ведаеш, яны, здаецца, адышлі кудысьці. Ці проста заснулі. Бо ты занятыя працаю. Ты не можаш узяць і адарвацца на нешта іншае, апроч вайны. Таму не заўважаеш іх. Але, зразумела, што ўсё гэта вернецца. І яны прачнуцца, рана ці позна. І пры гэтым прымножацца.

І давядзецца ехаць у вар’ятню адразу пасля ўсяго. Усім хлопцам давядзецца. Не пужайся, гэта нармальная практыка. Будзем лячыцца пасля вайны. Цяпер жа галоўнае – перамога. Ва Украіне і Беларусі», – адказвае Чарлі.

Абяцае выжыць, вытрываць і выпіць з аўтарам гэтых радкоў некалькі куфляў піва ў Варшаве ці ў Менску. «Лепей у Менску», – кажа Чарлі. На тым баку чуецца сцвярджальнае мяўканне Зеўса…

Гісторыі
«Спрабую змагацца з дэманамі – і прайграю ўсухую». Споведзь Чарлі – былога ваяра палка Каліноўскага
2022.11.13 09:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў