Сахашчык: У складзе ЗСУ з'явілася беларуская дэсантна-штурмавая рота


Ва Украіне ўжо два месяцы дзейнічае беларуская дэсантна-штурмавая рота ў складзе Збройных сіл Украіны. Пра гэта ў эфіры ўкраінскага тэлеканалу «Еспресо ТВ» расказаў кіраўнік Дэпартаменту нацыянальнай бяспекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык.

Валерый Сахашчык. Крыніца: sahashchik / Telegram

«На жаль, пакуль яшчэ не брыгада, а рота, асобная рота. Пачатак фармавання забяспечвалі самі, укамплектоўвалі. Тэхнічная абсталяванасць добрая. Ужо другі месяц мы выконваем баявыя задачы. Я думаю, што цалкам нармальна ў нас атрымліваецца», – распавёў Сахашчык.

Сахашчык дадаў, што да гэтага рота не афішавала сваю працу ва Украіне і пакуль не ведае, ці інфармаваны рэжым Лукашэнкі аб іх існаванні. «Я рабіў усё, каб інфармацыі аб нас было як мага менш», – сказаў ён.

Таксама Сахашчык у эфіры расказаў пра настроі ў Беларусі: «Абстаноўка страху зараз створана ў Беларусі такая, што людзі не могуць выйсці на нейкія акцыі пратэсту. Але я ўпэўнены абсалютна, што пераважная большасць людзей, уключаючы дзяржаўных служачых, вайскоўцаў, дакладна разумеюць, што краіна саспела да пераменаў і гэтыя перамены павінны адбыцца ў агляднай будучыні».

Паводле інфармацыі Сахашчыка, зараз у Беларусі няма расейскай ударнай групоўкі, колькасць расейскіх войскаў у краіне налічваецца да 10 тысяч чалавек.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў