Не бачыць розніцы паміж беларусамі і расейцамі: прэзідэнт Літвы наклаў вета на скандальны закон


Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа адхіліў законапраект аб абмежаваннях для беларусаў і расейцаў, паведамляе выданне «Delfi». Кіраўнік Літвы не бачыць розніцы паміж грамадзянамі дзвюх краінаў і ўпэўнены, што санкцыі мусяць быць аднолькавымі. Больш за тое, ён прапанаваў спрасціць працэдуру анулявання выдадзеных нацыянальных візаў і дазволаў на часовы або сталы побыт.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Фота: Канцылярыя прэзідэнта Літвы / lrt.lt

Прэзідэнт Літвы наклаў вета на законапраект аб абмежаваннях для грамадзянаў Беларусі і Расеі. Дакумент, ухвалены Сеймам, вернуты ў парламент для новага разгляду.

Гітанас Наўседа ўпэўнены, што паміж беларусамі і расейцамі няма розніцы і на іх мусяць распаўсюджвацца аднолькавыя абмежаванні.

«Вайна супраць Украіны, якую Расея вядзе ўжо другі год разам са сваёй хаўрусніцай Беларуссю, настолькі зблізіла двух агрэсараў, што яны абодва ўяўляюць пагрозу не толькі для сваіх суседзяў, рэгіёну, але і для ўсёй Еўропы», – заявіў літоўскі прэзідэнт.

Адначасова ён адзначыў, што і ў Беларусі, і ў Расеі застаюцца людзі, якія «не падтрымліваюць ці нават выступаюць супраць рэжымаў, што здзяйсняюць ваенныя злачынствы».

«Дзверы для іх заўсёды былі і будуць адкрытыя. Аднак з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі Літвы няма падставаў для рознай ацэнкі грамадзянаў Беларусі і Расеі», – упэўнены Наўседа.

Дадаткова ён прапанаваў спрасціць працэдуру анулявання ўжо выдадзеных нацыянальных візаў і дазволаў на часовы або сталы побыт. Акрамя таго, прэзідэнт хоча зрабіць прасцейшаю дэпартацыю з Літвы «асобаў, якія парушылі заканадаўства аб міжнародных санкцыях або абмежавальных захадах».

Hавiны
Ціханоўская і міністарка ўнутраных справаў Літвы абмеркавалі спрашчэнне падачы на ВНЖ для беларусаў
2023.04.05 18:47

Тым часам старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Лаўрынас Касчунас заявіў, што вета прэзідэнта на ўхвалены парламентам законапраект не мае вялікіх перспектываў. Калі дэпутаты будуць прытрымлівацца тых жа прынцыпаў, якімі яны кіраваліся, прапаноўваючы свае папраўкі, то вета будзе адхіленае, піша выданне LRT.

Законапраект аб санкцыях супраць грамадзянаў Беларусі і Расеі прапанаваў урад. У пачатковай рэдакцыі абмежаванні былі аднолькавыя, аднак пасля абмеркавання ў парламенце беларусаў вывелі з-пад некаторых абмежаванняў.

Каментар
Літоўскі Сейм разгледзіць абмежаванні для беларусаў і расейцаў. Чым гэта пагражае нашым суайчыннікам?
2023.04.03 20:15

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў