Літоўскі Сейм разгледзіць абмежаванні для беларусаў і расейцаў. Чым гэта пагражае нашым суайчыннікам?


Сейм Літвы 4 красавіка збіраецца разгледзець у трэцім чытанні законапраект XIVP-2496(2), які ўводзіць абмежаванні ў атрыманні віз, відаў на жыхарства і атрыманне грамадзянства для грамадзян Беларусі і Расеі. «Белсат» запытаўся пра праект віцэ-міністра замежных справаў Літвы і дэпутата Сейма.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Беларусы на адкрыцці новага помніка на магіле стваральніка бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Каўнас, Літва. 23 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Атрымаць візу ў Літву беларусу цяпер няпроста: візы выдаюць толькі беларусам літоўскага паходжання і чальцам сям’і грамадзян краін ЕЗ, а таксама на гуманітарных падставах пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных справаў. Турыстычных віз даўно не выдаюць, а візы для працы ў літоўскіх кампаніях атрымаць можна хіба што ў трэціх краінах. Віды на жыхарства не выдаюць за межамі Літвы. Для атрымання віду на жыхарства па гуманітарных падставах таксама трэба пасярэдніцтва МЗС – нават пры наяўнасці гуманітарнай візы.

Законапраект, які збіраюцца разгледзець у трэцім чытанні 4 красавіка, шмат разоў мяняўся. 29 сакавіка з яго выключылі абмежаванне на куплю нерухомасці і падачу заяваў на атрыманне грамадзянства для грамадзян Беларусі, а 3 красавіка стала вядома, што збіраюцца выключыць і абмежаванне на атрыманне часовага віду на жыхарства для грамадзян Беларусі.

Аднак законапраект усё яшчэ прадугледжвае (з агаворкамі аб пасярэдніцтве МЗС і аргументамі праціўнікаў такіх рашэнняў) прыпыненне прыёму заяў на візы для грамадзян Расеі і Беларусі за межамі Літвы і прыпыненне прыёму заяў на часовае пражыванне праз іншых пасярэднікаў за мяжой ад тых грамадзян Беларусі і Расеі, якія не маюць дзейных віз або відаў на жыхарства ад краін Еўразвязу; прыпыненне прыёму заяў аб наданні статусу электроннага рэзідэнта і электронных ідэнтыфікатараў; прыпыненне заяў і рашэнняў аб грамадзянстве Літвы (акрамя выхаду з грамадзянства) ад грамадзян Беларусі і Расеі.

Тым часам дарадца прэзідэнта Літвы Кястуціс Будрыс заяўляе, што прэзідэнт можа накласці вета на закон, бо не варта заканадаўча замацоўваць нераўназначныя правілы для грамадзян Расеі і Беларусі «заяўляючы, што адна дзяржава больш агрэсіўная за іншую, або пасылаць свету нейкі іншы нядобры сігнал».

Разбор
Куды з’ехаць з Беларусі? Самая простая інструкцыя ў карцінках
2023.02.27 10:05

Рашэнне яшчэ не прынялі, адзінства няма, дыскусія ідзе

Дэпутат Сейма Томас Тамілінас з апазіцыйнай фракцыі «У імя Літвы» сказаў «Белсату», што пакуль прадказаць вынік галасавання 4 красавіка складана: «Ёсць некаторая няяснасць, якая вырашыцца заўтра». Ён таксама не бярэцца каментаваць магчымае вета прэзідэнта – і ўспамінае, што першапачатковы законапраект не рабіў адрозненняў паміж беларусамі і расейцамі, а цяпер прапанавана некалькі сурʼёзных паправак.

Ён лічыць, што нейкай агульнай пазіцыі адносна беларусаў у літоўскай улады няма:

«Гэта паказвае тое, што ёсць вельмі шмат паправак і што вельмі розныя пазіцыі ў шэрагах кіроўных партый, а апазіцыя наогул не галасавала за гэты закон на апошнім пасяджэнні».

Законапраект моцна мяняўся і ў горшы бок для беларусаў, былі і дыскрымінацыйныя прапановы, пасля былі змены ў адваротны бок, кажа ён:

«Вядзецца нармальная палітычная праца, дыскусія, так і мусіць быць у краіне, у якой няма аднаго меркавання».

Наш суразмоўца сцвярджае, што ў большасці ёсць разуменне сітуацыі беларусаў і няма жадання псаваць жыццё людзям, якія «спакойна жывуць і працуюць». Ён мяркуе, што першапачаткова ідэя законапраекта была звязаная з патэнцыяльнымі буйнымі хвалямі міграцыі з Расеі і рызыкамі для нацыянальнай бяспекі – наплывам магчымых расейскіх дыверсантаў.

Дыскусія аб адказнасці беларусаў і расейцаў ідзе, адзначае ён, і вітае выказванні лідараў беларускага грамадства, у прыватнасці Святланы Ціханоўскай. На яго думку, ідзе нармальны дыялог з літоўскімі ўладамі, так і павінна быць.

Hавiны
У Офісе Ціханоўскай адрэагавалі на закон Літвы аб абмежаваннях для беларусаў
2023.03.22 18:11

Выключэнні для праціўнікаў вайны і Лукашэнкі ў любым выпадку будуць

Віцэ-міністр замежных справаў Літвы Мантас Адаменас не можа каментаваць пастановы Сейма як прадстаўнік іншай галіны ўлады, але ў каментары «Белсату» ён адзначыў, што вельмі важна не сказіць сутнасці законапраекта.

«Сутнасць у тым, што існы візавы рэжым, які прадугледжвае абмежаванні для грамадзян як Расеі, так і Беларусі, не мяняецца, – тлумачыць ён. – Гэты рэжым, які існуе больш за год, пераносіцца на іншую юрыдычную аснову: з рашэння ўрада на ўзровень закона».

Адзіным важным змяненнем ён лічыць мараторый на атрыманне грамадзянства і куплю нерухомасці, але адзначае, што гэтымі правамі карысталіся нешматлікія людзі (так, грамадзянства Літвы ў апошні час атрымліваюць і аднаўляюць толькі дзясяткі беларусаў і расейцаў у год). Акрамя таго, у законапраект унёс выключэнні Камітэт па нацыянальнай бяспецы – абмежаванні, імаверна, не будуць тычыцца беларусаў з відам на жыхарства.

Агульнае разуменне, лічыць Адаменас, такое: выдачу віз беларусам трэба абмежаваць па прычынах бяспекі ў сувязі з саўдзелам Беларусі ў вайне ва Украіне, што і робіцца ўжо больш за год. Да таго ж, на тэрыторыі Беларусі пасля высылкі літоўскіх дыпламатаў няма каму выдаваць візы. Ён упэўнены, што выключэнні гуманітарнага характару будуць у любым выпадку:

«Мы мусім разумець, што ў стане вайны адносна агрэсіўна вядучых сябе дзяржаваў павінны быць некаторыя абмежаванні. Але гэта не значыць, што беларусам, якія пад пагрозай з-за свайго супраціву вайне або супраціву рэжыму Лукашэнкі, не будуць выдаваць візы або віды на жыхарства. Гэта выключэнне будзе ўтрымлівацца ва ўсякім юрыдычным рэжыме, які будзе прыняты літоўскім сеймам».

Сапраўды, нават першапачатковы законапраект не прадугледжваў поўных забаронаў для беларусаў: адразу ж былі выключэнні пра візы пры пасярэдніцтве МЗС і пра віды на жыхарства для ўладальнікаў віз. З якімі праўкамі прымуць законапраект і ці прымуць наогул, стане ясна 4 красавіка.

Hавiны
Лепш не стала. Прэзідэнт Літвы выступіў супраць спробаў змякчыць санкцыі адносна Лукашэнкі
2023.03.23 17:07

Алесь Наваборскі /MM belsat.eu

Стужка навінаў