14 беларускіх песень на 14 лютага – Дзень святога Валянціна, які забараняюць у Беларусі


«Белсат» згадвае беларускія песні пра каханне. Іх, вядома, значна больш за 14, усіх не ўспомніш. Таму будзе шмат бонусных трэкаў.

Гурт «Naviband» і Лявон Вольскі ў вобразе з кліпу «Песні пра каханне»
Гурт «Naviband» і Лявон Вольскі ў кліпе «Песні пра каханне». Калаж: Белсат

Традыцыя Дня закаханых відавочна падабаецца беларусам, ды ўладам Беларусі «замежныя святы» і «заходнія каштоўнасці» перашкаджаюць жыць. Летась на Дзень святога Валянціна, падобна, была нефармальная забарона ў дзяржаўных установах, а сёлета «адмову ад святаў, навязаных звонку» афіцыйна замацавалі пастановаю Савету Мінстраў. Але кахаць не забароніш, нават у Паўночнай Карэі не змаглі!

Дык якія яны, беларускія песні пра каханне?

Безумоўна, гэта «Песні пра каханне» N.R.M.! А вы думалі, тут будзе «Здравствуй, чужая милая» Аляксандра Саладухі? Не, лепш ужо «Женщина моих галлюцинаций» гурта «Neuro Dubel»!

Калі сур’ёзна, Лявон Вольскі мог бы адзін заняць усе 14 месцаў у плэйлісце песняў пра каханне. Абмяжуемся яшчэ толькі адной: лірычнай «Маё каханне», зусім не падобнай да вясёла-вар’яцкіх «Песень пра каханне». Ведаем, у яго ёсць яшчэ «Чыстая-светлая», «Абсэнт» з «Крамбамбуляй», «Без цябе» дуэтам з Русяй, нядаўняя эмігранцкая «Ці там, ці не» і шмат іншага.

Але эксперты кажуць, што найвялікшая беларуская песня – «Александрына» ансамблю «Песняры». У 2015 годзе партал «Тузін гітоў» апытаў 90 музычных экспертаў і склаў топ-100 найвялікшых беларускіх песняў, дык «Александрына» заняла першае месца.

Песняроўская ж «Касіў Ясь канюшыну», якая таксама пра каханне, там на чацвёртым месцы. Перад ёю, на трэцім, – «Завіруха» ансамблю «Верасы», якая не толькі пра надвор’е. На другім – «Тры чарапахі» N.R.M., але яна дакладна не пра каханне, а Вольскага ўжо і так было шмат.

Ды беларусы не перасталі спяваць пра каханне пасля 2015 года. Пазней за складанне таго топу папулярнасць здабыў гурт «Naviband». Ці трапяць калі-небудзь іхныя песні ў спіс найвялікшых беларускіх, невядома, але ў плэйлісты многіх беларусаў трапілі. Як той жа іхны галоўны гіт «Бяжы», які якраз пра каханне. Гурт «Naviband» агулам выпраменьвае пяшчоту, і не дзіўна: лідары Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка – жонка і муж. Але і да вяселля ў іхных песнях кахання было нямала, як у «Абдымі мяне».

Дарэчы, «Naviband» – не адзіны гурт, дзе спяваюць сужэнцы. Таксама, як і яны, Беларусь мусіў прадстаўляць на «Еўрабачанні» гурт «Val» – дуэт мужа і жонкі – з песняй «Да відна» (але не склалася праз нелаяльнасць уладам). А лідары «Irdorath» дык святкавалі вяселле проста на сцэне (а потым трапілі ў няволю за ўдзел у пратэстах, былі палітвязнямі і ўз’ядналіся на волі).

Што яшчэ паслухаць пра каханне з таго, што выйшла за апошнія некалькі гадоў? Можна «Мяне» спявачкі Lear і рэпера Angst. Гэта пра няшчаснае каханне, але ў творчасці Lear мала вясёлага. Затое шмат пяшчоты – як у зусім нядаўняй песні «Свечка». Калі ж хочаце сучаснага моднага гучання, але не настолькі змрочнага, паслухайце «Падай мне руку» Пятра Клюева.

Так, каханне – не толькі радасць і шчасце. Яно бывае і ў змроку, як у «Ag» кабарэ-бэнду «Серебряная свадьба». Або ў страху, як у песні «Любоў» гурта «Nochy». Або ў ап’янелым танцы, як у тым «Танго», пра які спявала Palina. Або ў апакаліпсісе, як у «Два идеальных человека» гурта «Кассиопея».

Каханне выклікае часам складаныя пачуцці, як у «Небяспечна» гурта «Nizkiz» (трое з чатырох удзельнікаў якога цяпер за кратамі з палітычных прычынаў). Яно бывае містычна-псіхадэлічным, як у «Людзі» гурта «Indiga». А бывае сапраўды пагрозлівым, як у «Бегчы» ад «Akute» (калі што, за гуртом не заўважалі крыміналу) або ў «Ау» гурта «Ляпис Трубецкой» (за імі – крымінал толькі палітычны).

Каханне бывае як у сне – пра гэта, напрыклад, «Калыханка» гурта «Sciana». У яго, дарэчы, ёсць і менш эксперыментальная песня з простаю назваю «Пра каханне». А Яўгенія Хіло, якая некалі спявала са «Сцяною», таксама запісала песню пра каханне «Дажджамі» з гуртом :B:N:.

А яшчэ каханне – гэта проста космас! Вось як у «НЛО» гурта «Дай дарогу!» пра раман з іншапланетніцай. Падобную гісторыю распавядае Leibonik у песні «Ксенамарф».

Ды хопіць жартаў. Ёсць тыя, без каго не абысціся ў спісе беларускіх песень пра каханне.

«Крама» ўжо больш за трыццаць гадоў расказвае гісторыю кахання да адной і той жа Стэфкі. Арыгінальная «Стэфка» – яшчэ з сярэдзіны 1980-х, гурта «Бонда». Былі яшчэ «Стэфка. Праз 20 год» і «Стэфка. Праз 30 год». І гэта не ўсе песні «Крамы» пра каханне – згадаць тую ж «Падае дождж» пра каханне і расстанне або «Камендант» пра студэнцкае каханне.

Шмат пра каханне спявае Зміцер Вайцюшкевіч, прычым пра самае рознае. Вось «Калі заўтра роўна ў шэсць» – пераклад песні чэха Яраміра Нагавіцы пра перадсмяротнае каханне. Або менш драматычнае каханне – «Я браў цябе за руку». Або галівудскае – «Шалі» разам з Ганнай Шаркуновай, пераклад песні Lady Gaga і Брэдлі Купэра. Або вясёлае – як «Беларусачка».

З песнямі пра каханне асацыюецца гурт «J:mors». Напрыклад, на «Spotify» цяпер у топе іхных песняў – «Маё сонца», а на YouTube – «Босиком по мостовой». Гурт часта даваў канцэрты на 14 лютага, сёлета на Дзень закаханых грае ў Варшаве (дарэчы, у той жа дзень у Варшаве можна схадзіць на «Naviband» і «Разбітае сэрца пацана»). Ды 14 лютага 2022 года яны збіраліся даваць канцэрт у Кіеве і прадставіць там пераклад свайго гіта «Не умирай» па-ўкраінску, але канцэрт сарвала набліжэнне поўнамаштабнай вайны ва Украіне, а трэк «Не помирай» на тле гэтага набыў зусім іншы сэнс.

Каханне і любоў могуць спыняць войны, вераць многія. Напэўна, сярод такіх «Аддис Абеба» – мяркуючы з іх песні «Каханне». Не блытайце з іхнымі ж «Любовь» і «Каханая», і з песняй «Каханне» ў падобным стылі ад гурта «Recha».

А яшчэ беларускае каханне цяпер скарае Польшчу: комік-беларус Дзмітрый Саўян запісвае пад псеўданімам Pan Savyan рэтра-іранічныя песні па-польску, як нядаўняя «Miasto Miłości», падаў заяўку на «Еўрабачанне» з песняй «W kolorku amareto», працуе над альбомам «Piosenki dla Ciebie i Twojej Mamusi».

Не падумайце, што ў палякаў бракуе іранічных твораў пра каханне! Ёсць і старыя, як «Kryzysowa Narzeczona» ветэранаў «Lady Pank», і сучасныя гіты, як «Rapapara» пра дзяўчыну з габсбургскімі рысамі твару ад гурта «Łydka Grubasa». Але беларус знайшоў, як зачапіць сэрцы палякаў (і іхных матуляў).

Іншыя беларусы таксама запісваюць песні пра каханне з іроніяй і рэтрагучаннем – як «Танцы» гурта «ili-ili». Або як значная частка творчасці трасянкамоўнага «Разбітага сэрца пацана» – напрыклад, «Love Is».

Беларусы спяваюць пра каханне на розных замежных мовах. Аляксандр Рыбак у 2009-м скарыў «Еўрабачанне» з англійскамоўнай «Fairytale», выступіўшы ад Нарвегіі. «Parade of Planets» спяваюць па-французску, іхны галоўны гіт – «Où est ton amour?». А могуць спяваць адразу на некалькіх мовах у адной песні. Так, Наста Шпакоўская, Аня Хітрык і Света Бень запісалі трохмоўную «Про Любовь / Про Любов / Пра Любоў», а Iva Sativa ў сваім «беларускім народным «R’n’B» спявае і па-беларуску, і па-расейску, як у песні «Шукала».

Усіх беларускіх песень пра каханне не пералічыць. Новыя будуць з’яўляцца, нават калі Савет Міністраў забароніць Дзень закаханых і будзе пагражаць рэпрэсіямі за праявы кахання 14 лютага.

Агляд
Што мы слухалі ў 2023 годзе: эмігранты, палітвязні, блэк-мэтал, святло і надзея
2024.01.02 12:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў