Беларуская музыка ў рэстаранах і адмова ад замежных святаў: культура ў Беларусі будзе выхоўваць «патрыятызм»


У Беларусі зацвердзілі Канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024 – 2026 гады. Адпаведную пастанову №961 Савет міністраў прыняў 28 снежня 2023 года, паведамляецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дзіцё сярод чырвона-зялёных сцягоў на «Прыгожым забегу» у Жодзіна. 8 сакавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

Сцвярджаецца, што Канцэпцыя накіраваная на ўсебаковую падтрымку развіцця культуры Беларусі, забеспячэнне культурнай бяспекі, абарону нацыянальнай культурнай прасторы, а таксама захаванне і зацвярджэнне традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народу. Не абышлося, і без «фармавання патрыятычных перакананняў і грамадзянскай адказнасці».

Дзеля папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны і нацыянальных традыцый ды звычаяў плануецца:

– павялічыць ахоп насельніцтва Рэспублікі Беларусь мерапрыемствамі, якія фармуюць патрыятычныя каштоўнасныя арыентацыі;

– папулярызаваць падзеі і асобы, якія ўнеслі значны ўклад у станаўленне беларускай дзяржаўнасці;

– рэалізоўваць мерапрыемствы па павышэнні культуры вуснай і пісьмовай мовы на дзяржаўных мовах у дзяржустановах, арганізацыях гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, СМІ;

– укараняць у працу ўстаноў і арганізацый усіх формаў уласнасці практыкі святкавання дзяржаўных і сучасных беларускіх святаў, праводзіць грамадзянскія рытуалы з выкарыстаннем нацыянальных традыцый;

– далучаць адрэстаўраваныя і закансерваваныя гісторыка-культурныя каштоўнасці ў культурны і турыстычны абарот.

У дакуменце гаворыцца пра спектаклі і канцэрты па творах беларускіх аўтараў, экранізацыю твораў беларускай літаратуры, стварэнне інтэрнэт-рэсурсаў для папулярызацыі беларускай культуры, літаратуры і мастацтва, а таксама пра «адмову ад святаў, навязаных звонку».

Сярод напрамкаў дзейнасці называюцца аблічбоўка музейных калекцый і гістарычных дакументаў, фармаванне лічбавага фонду і электронных калекцый дакументаў у бібліятэках, распрацоўка мультымедыйных інтэрнэт-праектаў і гэтак далей.

Аб’ектыў
Па-эмігранцку: падвялі вынікі года для беларускае культуры
2023.12.27 21:02

У якасці канкрэтных захадаў, напрыклад, называюцца:

– стымуляванне вытворчасці тавараў з выкарыстаннем беларускай культурнай сімволікі;

– стварэнне назваў і распрацоўка сімволікі новых марак і брэндаў тавараў з улікам мясцовых культурных асаблівасцяў;

– арганізацыя гучання ў гандлёвых аб’ектах і абʼектах грамадскага харчавання ў якасці фонавай музыкі лепшых твораў беларускіх аўтараў і выканаўцаў;

– стварэнне сямейных маршрутаў і праграм для турыстаў, накіраваных на іх знаёмства з мясцовай культурай і гісторыяй.

Агляд
Як адрадзіць Беларусь? Пераходны кабінет напісаў Стратэгію нацыянальнага адраджэння
2023.11.28 14:32

Ася Саковіч, belsat.eu

Стужка навінаў