Вяртанне да бартару і схемы праз Расею. Як Беларусь будзе гандляваць каліем з Іранам


Улады Беларусі плануюць прадаць Ірану 400 тысяч тонаў калійных угнаенняў. Заява цікавая як з гледзішча лагістыкі, так і з гледзішча разлікаў. Як дзве падсанкцыйныя геаграфічна далёкія краіны плануюць ажыццявіць гэтую ўгоду? І ці ёсць там наогул эканамічны складнік? Пацікавіліся ў экспертаў, паглядзелі статыстыку. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: belaruskali.by

Іран – партнёр невялікі, але даўні

Паводле звестак Белстату, Беларусь гандлявала з Іранам і раней, але звычайна няшмат. У 2021 годзе доля Ірану ўва ўсім беларускім экспарце склала 0,035 %. Хаця гандлёвая і фінансавая інфраструктура была створаная паміж краінамі досыць даўно, адзначае навуковы работнік BEROC Алег Мазоль.

«Пры неабходнасці гандлёвыя сувязі дыктатарскія рэжымы могуць істотна нарасціць. У сакавіку 2023 года Лукашэнка лётаў у Іран, дзе падпісаў з прэзідэнтам Ірану дарожную карту ўсебаковага супрацоўніцтва».

Гэта не першы такі крок. Эксперт адзначае, што Беларусь і Іран падпісалі даволі шмат пагадненняў, у тым ліку і аб тэхнічнай частцы супрацы. Адно з іх заключанае яшчэ ў 2001 годзе паміж цэнтральнымі банкамі краінаў – аб банкаўскай дзейнасці і плацяжах.

Аналітыка
Хрэнін у Іране: ці сапраўды ў Беларусі хочуць наладзіць вытворчасць «Shahed»?
2023.08.01 19:49

«Вазіць угнаенні ў Іран Лукашэнка можа выключна праз Расею. Гэта значыць, што прымаць рашэнні, куды адпраўляць найбольш запатрабаваныя падсанкцыйныя беларускія прадукты, зараз будзе Крэмль. Кошт кантракту на продаж калійных угнаенняў рэжымам Лукашэнкі ў Іран, калі зыходзіць з аб’ёму ў 400 тысяч тонаў і сярэдняй сусветнай цаны паводле прагнозаў аналітыкаў у 450 долараў за тону ў 2023 годзе, складзе 150–180 мільёнаў долараў. Гэтыя абʼёмы павінны быць цікавыя Крамлю», – разважае Алег Мазоль. 

Намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка лічыць, што хутчэй за ўсё для экспарту будзе выкарыстаны так званы паўднёвы маршрут.

«Па чыгунцы да Астрахані і потым праз Каспійскае мора. Санкцыі на гэты маршрут ніяк не ўплываюць, але паколькі ён доўгі і тавар аб’ёмны, атрымліваецца дорага. Адпаведна, Беларусі даводзіцца пакрываць гэтыя выдаткі – на пакупніка іх наўрад ці можна перакласці, бо Іран можа купіць калій і ў любым іншым месцы. Купля Іранам угнаенняў у іншых краінах санкцыямі не забароненая. А сусветныя кошты на калій упалі за апошні год у 2,5 разу – з 630 да 250 долараў за тону», – кажа палітык.

Натуральны абмен замест банкаў

А як разлічыцца? І ў Беларусі, і ў Ірану праз санкцыі праблемы з плацяжамі ў доларах. Які банк можа ўзяцца за аперацыі такіх краінаў?

«Ёсць у Беларусі такі “Банк “Гандлёвы капітал”, а 99,89 % яго акцыяў валодае “Bank Tejarat”, найстарэйшая і найбуйнейшай фінансавая ўстанова ў Іране з часоў Ісламскай рэвалюцыі 1979 года. Гэты банк, як і некаторыя іншыя банкі Ірану, падлучаны да СПФС. Гэта аналаг SWIFT, які эксплуатуе Цэнтральны банк Расеі», – кажа Павел Латушка.

Беларусь і Іран могуць разлічвацца не толькі рублямі і іранскімі рэаламі, але і праводзіць бартарныя ўгоды, лічаць суразмоўнікі. Не апошнюю ролю тут можа сыграць і Крэмль.

«Менавіта аб развіцці двухбаковых кааперацыйных праектаў, да якіх адносіцца і бартар, размова ішла ў пагадненні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты з аналагічнай установай Ірану. Не выключана, што за продаж іранскіх беспілотнікаў у Расею Пуцін можа разлічвацца беларускімі ўгнаеннямі, а Лукашэнка будзе такім чынам пагашаць фінансавыя ці гандлёвыя абавязанні ва ўзаемным гандлі з Расеяй. Гэта адна са схемаў, якія могуць сёння разглядацца, паколькі пры экспарце праз расейскія парты рашэнні аб кірунках гэтага экспарту будзе прымаць не Лукашэнка, а Пуцін», – адзначае Алег Мазоль.

Hавiны
У Менску пачала працу беларуска-іранская камісія ў вайсковай супрацы
2023.11.09 11:52

Дакладна гэта ніякі не прарыў, падкрэсліваюць і эканаміст, і палітык.

«Гэта гандаль узроўню і часоў Савету эканамічнай узаемадапамогі [міжурадавая арганізацыя 1949–1991 гадоў. – Заўв. belsat.eu], калі на якую-небудзь Кубу адпраўлялі трактары, а адтуль везлі ром і цукар. Аб’ём экспарту ўгнаенняў у Іран – гэта ўсяго 4 % ад дасанкцыйных абʼёмаў “Беларуськалію”. Такія невялікія абʼёмы паўднёвы маршрут вытрымае. Але ўлічваючы лагістычныя выдаткі, спосаб і валюту аплаты, сусветную канʼюнктуру на калій і смяхотны абʼём, ці атрымаецца ў “Беларуськалію” зарабіць на гэтай угодзе – пытанне рытарычнае», – працягвае Павел Латушка.

Ідэя прадаваць калій у Іран – гэта хутчэй палітычны акт, лічыць Алег Мазоль.

«Рэжым Лукашэнкі, верагодна, зразумеў, што без сурʼёзных палітычных саступак нармалізаваць адносіны з дэмакратычнымі краінамі не атрымаецца, а ахвяраваць сваімі палітычнымі амбіцыямі Лукашэнка не збіраецца. Гэта значыць, што давядзецца ахвяраваць дабрабытам грамадзянаў Беларусі, і калійныя ўгнаенні з прэміяльных рынкаў рэжым павязе ў такія ж палітычна маргіналізаваныя краіны, якім ёсць сёння рэжым Лукашэнкі».

Сакрэтныя справы Беларусі і Ірану

Праз тое, што беларускія чыноўнікі схавалі статыстыку, апошнія звесткі пра замежны гандаль Беларусі ў разрэзе краінаў засталіся за 2021 год.

У 2021 годзе ў Іран было прададзена тавараў амаль на $ 14 млн. З іх машынаў для вырабу кардонных скрынь на $ 3 млн. Яшчэ каля $ 1,2 млн – папера газетная ў рулонах або лістах. На трэцім месцы лесаматэрыялы апрацаваныя з хвоі – $ 1,1 млн.

Аднак беларуская статыстыка была няпоўнай і да 2020 года, калі яе пачалі актыўна хаваць. Аб таварах на суму $ 2,8 млн, прададзеных у Іран у 2021 годзе, няма звестак. Гэта маглі быць тытунёвыя вырабы, зброя, каштоўныя металы, нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні. Для ўсіх гэтых пазіцыяў у 2021 годзе лічбы ўжо былі недасяжныя.

Аналітыка
Белстат закрыў чарговую статыстыку. З публічнага доступу знікла інфармацыя пра гандаль з ЕЗ і Расеяй
2022.09.12 08:30

Беларусь закуплялася ў Іране ў тым жа годзе на $ 19,3 млн. Закрытых тавараў было на $ 174 тыс., $ 4,5 млн склалі імуналагічныя прадукты, $ 4,1 млн – фісташкі ў шкарлупіне. Трэцяй паводле велічыні пазіцыяй былі ворсавыя дываны і падлогавыя пакрыцці – $ 2,7 млн. Сярод іншых пазіцыяў часта сустракалася гародніна і садавіна.

У 2017 годзе быў усплёск гандлю паміж Беларуссю і Іранам. Тады было экспартавана беларускіх тавараў на $ 72,3 млн. Аднак ужо тады траціна – $ 24,7 млн – закрытыя пазіцыі. Гэта маглі быць тытунёвая прадукцыя, зброя і каштоўныя металы. Астатняе пачалі хаваць пасля сектаральных заходніх санкцыяў у 2021 годзе.

Імпарт з Ірану быў яшчэ больш засакрэчаным. Усяго было куплена тавараў на $ 81,8 млн, паводле адкрытых пазіцыяў праходзіла толькі $ 7,1 млн.

Што тычыцца калію, то яго Беларусь прадавала ў Іран у 2014 годзе – 114 тыс. тонаў на $ 38 млн.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў