Белстат закрыў чарговую статыстыку. З публічнага доступу знікла інфармацыя пра гандаль з ЕЗ і Расеяй


Белстат апублікаваў звесткі пра замежны гандаль таварамі ў студзені – ліпені 2022 года. Аднак аб’ём інфармацыі істотна скараціўся, а Беларусь вылучае цяпер толькі два рэгіёны, з якімі гандлюе: краіны СНД – і краіны па-за СНД.

Яшчэ мінулым месяцам Белстат асобна вылучаў абʼёмы замежнага гандлю з Расеяй і з ЕЗ, як з асноўнымі гандлёвымі партнёрамі. «Белсат» пісаў пра гэта, канстатуючы павелічэнне долі Расеі і скарачэнне гандлю з Еўропай. Цяпер форма падачы статыстычных даных змянілася: паведамляецца пра абʼём гандлю з усімі краінамі агулам – і асобна для групы краінаў СНД і краінаў па-за СНД.

Ілюстрацыйны здымак. Беларускі цягнік у Літве.
Фота: Muitinės kriminalinė tarnyba / Facebook

Нагадаем, што хаваць інфармацыю ад грамадскасці Нацыянальны статыстычны камітэт пачаў яшчэ ў 2020 годзе – у самую пандэмію каронавіруса з публічнага доступу знікла частка дэмаграфічных даных, у прыватнасці, датычных смяротнасці.

Наступнае скарачэнне статыстычных звестак прыпала на чэрвень 2021 года. ЕЗ увёў санкцыі для нафтавай і калійнай галінаў эканомікі – і абʼёмы гандлю гэтымі таварамі былі выдаленыя са статыстычнай базы.

Аналітыка
«Беларускі замежнагандлёвы цуд». Хто працягнуў гандлёвыя дачыненні з Беларуссю пасля 2020 года?
2022.03.24 18:25

Праз год, калі пачалі дзейнічаць санкцыі ў сувязі з тым, што беларускія ўлады падтрымалі Расею, якая распачала вайну ва Украіне, Белстат закрыў усе таварныя пазіцыі замежнага гандлю і фізічныя абʼёмы паставак. З базы даных можна было даведацца, у якія краіны і на якую суму прадалі (або набылі там) тавараў, але што менавіта Беларусь імпартавала або экспартавала, Белстат ужо не паведамляў.

Цяпер жа няма і звестак пра гандаль з асобнымі краінамі, Белстат не вылучае ў асобную групу ні Расею, ні краіны ЕЗ, ні краіны Еўразійскага эканамічнага саюзу.

Тым не менш, гэтыя сціплыя звесткі сведчаць, што тэндэнцыі, вызначаныя ў першым паўгоддзі, захоўваюцца. Абʼёмы замежнага гандлю (як імпарту, так і экспарту) скарачаюцца, доля Расеі няўхільна расце, а Еўропы падае.

Згодна з даступнымі нам звесткамі з папярэдніх перыядаў, доля Расеі ў экспарце краінаў СНД складала каля 80 %, а доля ЕЗ у пастаўках па-за СНД – каля 60 %. Менавіта гэтыя гандлёвыя партнёры вызначалі дынаміку гандлю ў групах СНД і не СНД.

Ілюстрацыйны здымак. Польска-беларуская мяжа, 15 сакавіка 2022 года.
Фота: Aleksandra Kossowska / Forum

Паводле апошніх звестак Белстату, экспарт у краіны па-за СНД у сёлетнім ліпені скараціўся на 30 % у параўнанні з леташнім ліпенем і склаў $ 907,9 млн. Імпарт адтуль зменшыўся на 13,5 %, да $ 893,9 млн. Калі браць вынікі сямі месяцаў, то мінус у экспарце меншы – 19,5 % ($ 7,1 млрд), а вось імпарт у студзені – ліпені скараціўся больш, чым месяц на месяц – на 20,8 % ($ 6,9 млрд).

Адпаведна, падаюць агульныя абʼёмы замежнага гандлю таварамі. Так, замежны тавараабарот знізіўся на 6,7 % і склаў $ 40,5 млрд. За 7 месяцаў 2022 года Беларусь прадала за мяжу тавараў на $ 20,3 млрд, што на 3,5 % менш за студзень – ліпень 2021 года; купіла на $ 20,2 млрд – гэта на 9,7 % менш за ўзровень аналагічнага леташняга перыяду. Праўда, у адрозненне ад мінулага года, сальда станоўчае − $ 189,6 млн. Год таму быў мінус $ 1,2 млрд.

Хавае вынікі эканамічнага развіцця не толькі Белстат. Мінфін у другой палове гэтага года перастаў паведамляць пра стан дзяржаўнага доўгу, не інфармуе міністэрства і пра выкананне бюджэту.

Беларусь перастала падаваць гэтыя звесткі МВФ у межах спецыяльнага стандарту распаўсюду даных (ССРД), да якога нашая краіна далучылася ў 2004 годзе. ССРД МВФ быў створаны для таго, каб інфармацыя пра эканамічны і фінансавы стан дзяржавы – чальца МВФ была даступная ў выпадку, калі ўрад будзе пазычаць сродкі на міжнародным рынку капіталу. Цяпер для Беларусі гэты рынак не даступны праз санкцыі.

Аналітыка
Як улады пераключыліся на пошук грошай унутры краіны і хто купляе беларускія аблігацыі?
2022.08.24 20:48

Гэлена Голуб belsat.eu

Стужка навінаў