«Турма для іх – ідэальнае месца». Былая палітзняволеная распавяла, як працуюць турэмныя дактары


Медык і былая палітзняволеная Вольга Паўлава, асуджаная ў лютым 2021 года на тры гады «хатняй хіміі», правяла да суда 4 месяцы ў жодзінскай турме і месяц на Валадарцы. На працу так званых турэмных дактароў глядзела прафесійнымі вачыма. У размове з «Белсатам» яна кажа, што клятва Гіпакрата для пераважнай большасці медыкаў у турмах нічога не значыць.

Былая палітзняволеная Вольга Паўлава ў Нюрнбэргу на канферэнцыі, прысвечанай злачынствам рэжыму Лукашэнкі. Нюрнбэрг, Нямеччына. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: ДД / Белсат

У жодзінскай турме Вольга Паўлава адседзела 17 содняў у карцары, 10 з якіх – на галадоўцы. Патрабавала дапамогі ў псіхіятра, бо ў камерах на Акрэсціна ў жніўні 2020 года пакутавала на клаўстрафобію і алексітымію. Вельмі патрэбныя былі супакаяльныя сродкі.

Турэмны псіхіятр: Я табе не веру!

«Псіхіятрам на карцары працаваў мужчына сталага веку, які пэўны час кіраваў усёй медычнай часткай у турме, а пасля выхаду на пенсію яму пакінулі карцар. Чалавек з вельмі моцнай прафесійнай дэфармацыяй. Усім проста казаў: я табе не веру. Так, псіхіятр. Людзі просяць дапамогі, а ён: я табе не веру», – распавядае Вольга Паўлава.

Гэтым «не веру» турэмны псіхіятр, са сведчання былой палітзняволенай, «лекаваў» і чалавека пасля спробы суіцыду.

«У суседняй камеры была спроба самагубства. Мужчына дамогся, каб яму далі прасціну для выканання намазу, бо быў мусульманінам. А потым – спрабаваў засіліцца на дзвярах. Паспелі зняць.

Уявіце сабе: чалавека знялі з пятлі ў карцары, прыходзіць да яго псіхіятр і кажа: не веру. Я тады зразумела, што гэта і не доктар увогуле. І не ведаю, як яго правільна назваць», – дзеліцца Вольга Паўлава.

Сама яна лячылася валідолам, які выпрошвала «ў людзей, якія былі сярод фельчараў». Сам валідол у той сітуацыі не даваў карысці, але выклікаў эфект плацэба.

«Калі пачыналася паніка, проста садзілася, брала кавалачак валідолу пад язык, дыхала і лічыла да 20. І так – пакуль не супакойвалася», – расказвае жанчына.

«Лекі ў іх ёсць – няма лекавання»

Вольга кажа, што ў турме № 8 у Жодзіне зняволеным выдаюць толькі парацэтамол, цытрамон ды аспірын. Ёд і зялёнка – пад забаронай, бо на спірце. Могуць выдаць хлоргексідын, але калі трэба падсушыць язву, ён мала дапамагае.

Жодзінская турма. Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Пры гэтым былая палітзняволеная зазначае, што насамрэч у медычным блоку турмы маюць шмат розных і якасных лекаў, нават – імпартных. Вольга бачыла іх на ўласныя вочы, калі пасля галадоўкі яе змясцілі ў медсанчастку і амаль штодзень вадзілі на агляды на другі паверх, дзе быў медычны блок.

«Усё ў іх ёсць! Яны проста іх не даюць. Прыкладам, прыводзіць нас ахоўнік і кажа: «Ой, у мяне ў горле запяршыла». І яму: «А вось гэта вазьмі і гэта». Цалкам прыстойныя лекі. А калі ты на горла паскардзішся, табе, максімум, дадуць парацэтамол. Лекі ёсць – няма лекавання», – кажа Вольга.

Жанчына мяркуе, што ўсё якасныя лекі прытрымліваюцца «для сваіх» і выдаюцца толькі ім. Бо, як сцвярджае, у жодзінскай турме пануе паўсюднае кумаўство. Вольга выказвае здагадку, што гэтая з’ява (навуковы тэрмін – непатызм) характэрная для большасці ўстановаў выканання пакаранняў у невялікіх ды абласных гарадах («Не ведаю, як у Менску») і ў калоніях.

Гісторыі
«Рэвалюцыю зробяць зэкі». Шчырая размова з былой палітзняволенай Таццянай Астроўскай
2023.07.08 08:00

«У такіх гарадах месцаў з нармальным заробкам мала. А тут такая праца – нічога не рабіць. Проста прыходзяць і пільнуюць. І заробак – нішто сабе. Адзін з супрацоўнікаў прызнаваўся, што насамрэч, калі б не пайшоў у ахоўнікі, сам бы сядзеў ужо ў камеры. Быў там такі Бэтмэн, у турме працаваў і ягоны бацька, жонка харчы разносіла, а сваячка ў медчастцы працавала. Гэта толькі адзін прыклад. Усе цягнуць туды сваіх. А калі хтосьці ў харчовым блоку працуе – дык зусім добра», – распавядае Вольга Паўлава.

У выніку, падсумоўвае яна, атрымліваецца так: «пакрыўдзіш» ахоўніка – не атрымаеш належнай дапамогі ў медсанчастцы. Усё павязанае. Адна сям’я.

«Калі ў вас горб вырасце – таксама скажаце: псіхасаматыка?»

Былая палітзняволеная расказвае, што медсанчастка ў жодзінскай турме – гэта звычайная камера на 6 асобаў. Усяго адна камера на ўсю турму для жанчын. Калі ўсе месцы ў медсанчастцы занятыя – чакаеш сваёй чаргі. Карацей, хоць памірай.

Вольга ляжала там разам з жанчынай, у якой пасля затрымання вылезла кіла хрыбетніка (пазваночная грыжа). Жанчына не магла хадзіць. Сукамерніцы насілі яе на плячах на другі паверх, каб памыцца. Яна напісала заяву, каб яе агледзеў неўролаг. Той прыехаў, паглядзеў і паставіў дыягназ: псіхасаматыка.

«Жахлівы выпадак. Яна 4 месяцы ляжала з пазваночнай грыжай, і ў яе пачалі дэфармавацца пазванкі паяснога аддзелу, і на крыжы вырас горб. І я была шакаваная. Пытаюся: ці вы бачыце горб у чалавека? Якая гэта псіхасаматыка? Калі ў вас горб вырасце – таксама скажаце, што псіхасаматыка?» – успамінае Вольга.

Ольга Павлова, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Былая палітзняволеная Вольга Паўлава выступае на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Што б у цябе ні балела, табе заўсёды скажуць: табе здаецца. Табе здаецца. Вось!» – дадае жанчына.

Распавядае таксама пра сітуацыю, калі ў медсанчастку змясцілі жанчыну з вошамі. Праз пэўны час вошы зʼявіліся яшчэ ў трох сукамерніц («бо цесна ж, галава да галавы»). Нягледзячы на гэта, камеру захацелі расфармаваць і адправіць жанчын з яе ў агульны корпус.

«Я кажу: вы нармальныя? Мы тры дні кажам, што ў нас вошы, просім якіх сродкаў, а вы хочаце ў агульны корпус перавесці. Жадаеце, каб праз два тыдні ўся турма завашывела? Вы хоць разумееце, што ў камеры эпідэмія педыкулёзу? Адзін з ахоўнікаў потым доўга смяяўся. Маўляў, ва ўсім свеце пандэмія ковіду і толькі, халера, у вас эпідэмія педыкулёзу», – кажа нашая суразмоўца.

Сродак ад педыкулёзу потым прынеслі. Але «вошай гэтых выскрэбвалі самі сабе, гніды збіралі, усё самі. Медсёстры не падыходзілі: «Ага, вашывыя, стойце за тры метры».

«Нармальныя дактары ў такіх установах не працуюць»

Вольга Паўлава кажа, што з усёй турмы сапраўднымі дактарамі можна было назваць толькі аднаго чалавека, пасаду і імя якога не можа агучыць, каб не нашкодзіць. Дапамогу можна было атрымаць і ад спецыялістаў, якія прыязджалі з абласной больніцы («абласнікі»).

«Нармальныя дактары ў такіх установах не працуюць. У пераважнай большасці – гэта тыя, хто ніколі не хапаў зорак з неба, мякка кажучы. Для іх турма – ідэальнае месца, бо там не трэба развівацца і падвышаць кваліфікацыі. Ім не трэба паказваць там нейкіх навыкаў, якіх яны не маюць і нават не здольныя засвоіць», – сцвярджае Вольга.

Але і такіх – бракуе, кажа былая палітзняволеная. У Жодзіне былі толькі тэрапеўты ды раз на тыдзень прыходзіў стаматолаг (звычайна – інтэрн на практыцы). Але не факт, што трапіш да яго ў дзень візіту, нават з вострым болем. Бо да стаматолага – чарга.

«Пішаш заяву, але да стаматолага можаш і праз тры тыдні трапіць. Нікога твой востры боль не турбуе. Большасць у турме вырывае сабе зубы самі. Самі сабе робяць такія міні-аперацыі. А стаматолаг потым ужо працуе з наступствамі, калі спатрэбіцца. У абласную больніцу цябе павязуць, калі хіба ты ўжо паміраеш…» – гаворыць жанчына.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за часы лукашызму
2023.07.13 08:00

Паводле Вольгі, на Валадарцы з гэтым быў «зусім жах». Ні псіхіятра, ні гінеколага – нікога. Адзін тэрапеўт.

«Яны не ставяцца да людзей як да людзей»

Кажучы пра непрафесійнае і нялюдскае ці абыякавае стаўленне турэмных дактароў да сваіх зняволеных пацыентаў, Вольга Паўлава ўзгадвае гады навучання ў медуніверсітэце. Расказвае гісторыю, як ейная  аднагрупніца на трэцім курсе захварэла на шызафрэнію і мусіла пасля экзаменацыйных сесіяў ляжаць у Навінках. І як студэнты-медыкі здзекаваліся з яе.

«Аднойчы я не вытрымала. Калі дзяўчына ляжала ў клініцы, сказала ім: «Вы ж ужо на 4 курсе, будучыя лекары. Ведаеце, што ў чалавека шызафрэнія. Яна хворая, а вы дактары. Як вы можаце так ставіцца да яе? Якія вы дактары? Аніякія! Вось адкуль усё ідзе», – кажа Вольга.

Такое стаўленне да людзей яна лічыць наступствам постсавецкай культуры, у якой каштоўнасць людскога жыцця нічога не вартая, у якой культывуецца садамазахісцкае стаўленне і да сябе, і да іншых. А калі іншая асоба яшчэ і злачынца – то проста мусіць пакутаваць. У месцах зняволення такое стаўленне да чалавека гіпербалізуецца.

На здымках фільму «Ператрымка». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Варшава, Польшча. 12 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Гэта ўсюды ў нас. Гэта ў нашых галовах. У семʼях і ў школах: цярпі, цярпі! У майго сына была такая звычка – трымаць адну руку пад сталом, калі еў. У садку выхавальніца падышла і сказала: я табе гэтую руку вазьму і цвіком да стала прыбʼю… Пайшла разбірацца. А кіраўнічка садка мне ў адказ: а што тут такога? Дык што мы хочам ад турмаў і ад турэмных дактароў? Пакуль у сваіх галовах не зменім стаўлення – лепш не будзе», – кажа Вольга Паўлава.

На нашае пытанне пра медычную этыку і клятву Гіпакрата адказвае смехам.

«Што да клятвы Гіпакрата, то, вядома ж, яны яе парушаюць. Бо яны не ставяцца да людзей як да людзей. Але ж мы яе не даём насамрэч, гэтай клятвы. Гэта вам не прысяга ў войску. Прыкладна так: выходзіць рэктар, агучвае словы клятвы, а мы ўсёй залай за ім паўтараем. Ну што гэта за клятва? На гэтым яна сканчаецца. Кропка», – кажа Вольга.

Ёй удалося ўцячы з «хатняй хіміі» за мяжу, але як медык яна бачыць, што ейныя праблемы застануцца з ёй да канца жыцця. Пазбягае малых замкнёных прастораў і памяшканняў без вентыляцыі. Бо – пачынаецца паніка.

«Я таму псіхіятру ў карцары казала, што за час, што я там была, ён мог сесці і пачытаць якуюсь літаратуру, як можна даць рады з панікай без лекаў. Можа, медытацыяй, дыхальнай практыкай. Але ён прыходзіў, каб здзекавацца з мяне», – вяртаецца ў мінулае Вольга.

Дыхаць квадратам

Пасля таго, як выйшла з турмы («усе выходзяць адтуль з неўрозамі з памежнымі станамі»), Вольга прайшла курс лекавання ў клініцы на вуліцы Бехцерава ў Менску. Кажа, што гэта нармальная практыка.

Былая палітзняволеная Вольга Паўлава разам з сынам. Цяпер яны ў бяспецы. Фота з асабістага архіву.

«Калі выходзіш з турмы, трэба пабыць які месяц пад наглядам тых жа псіхіятраў. Каб прапісалі антыдэпрэсанты. Бо спачатку выходзіш – і ў цябе эйфарыя: я на свабодзе! А праз месяц з табой здараецца вельмі глыбокая дэпрэсія, бо шмат пунктаў, якія рабіліся раней, ты не можаш рабіць. Многія баяцца гэтага. Ой, кажуць, я ж не псіхічны – я ж нармальны. Ну дык аддзел памежных станаў – не для псіхічных. Ён для таго, каб нармальныя заставаліся нармальнымі», – гаворыць Вольга.

Калі паніка – раіць дыхаць квадратам: чатыры секунды ўдых, чатыры – стрымання дыхання, чатыры – выдых, чатыры секунды – не дыхаць.

«Праз 5-10 хвілінаў прыходзіш да спакою», – дзеліцца Вольга Паўлава, якая «дыхала квадратам» у карцары жодзінскай турмы.

Вользе Паўлавай 35 гадоў. Пасля заканчэння медычнага ўніверсітэту працавала галоўным касметолагам кампаніі «Беліта». У 2020 годзе далучылася да ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. У 2020 годзе яе затрымлівалі чатыры разы. Апошні раз – на акцыі на плошчы Пераменаў у Менску 15 лістапада 2020 года. Пасля гэтага на яе завялі крымінальную справу. Абвінавацілі Вольгу паводле арт. 342 КК. Да суда яе трымалі ў жодзінскай турме. 17 дзён правяла ў карцары, 10 дзён трымала там галадоўку. 19 лютага 2021 года была асуджаная на тры гады «хатняй хіміі». Зʼехала з Беларусі і цяпер у бяспецы. Мае сына.

Каментар
Кабанаў: У турэмных медчастках – поўная беспакаранасць
2023.07.12 19:20

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў