Макей, уцёкі міністра і рэанімабіль Трампа. Сакрэты палітычнага закулісся




Праграма «ПраСвет» упершыню выйшла на экраны 13 гадоў таму, а ўжо сёння ў эфіры «Белсату» з’явіцца юбілейны 500 выпуск. З гэтай нагоды аўтар і вядоўца праграмы Сяргей Пеляса ўзгадаў самыя цікавыя, нечаканыя і смешныя моманты, якія здараліся падчас здымак.

Уцёкі міністра і «Лукашыст са знакам якасці»

Мы час ад часу, дзе гэта можна выязджаем на галоўныя міжнародныя падзеі. З аднаго боку, каб выканаць нашую галоўную функцыю – здабыць інфармацыю, каментар, зрабіць здымкі. А з другога боку – прыцягнуць увагу да справы Беларусі.

Саміты Еўразвязу «Усходняе партнёрства» былі аднымі з самых важных для нас падзеяў, бо там можна было сустрэць не толькі заходніх чыноўнікаў, але і лукашэнкаўскіх. Гэта дае магчымасць трапіць у нейкія нетыповыя сітуацыі.

У межах саміту быў бізнес-форум, дзе прысутнічаў колішні міністр эканомікі Мікалай Снапкоў з асістэнтам, які яшчэ выконваў ролю ягонага ахоўніка. Я кажу аператару: «Янэк, ты першы ўстаеш і кіруеш на іх камеру. А пасля я задаю пытанне».

Снапкоў штосьці сядзеў у паперах, а гэты асістэнт, калі мы пачалі варушыцца, прасёк, што нешта не тое, штурхнуў міністра: «Валім!» Снапкоў падарваўся і пабег проста як спрынтар па вінтавой лесвіцы.

ПраСвет
Аляксандр Лукашэнка не можа спаць спакойна. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою
2023.05.05 15:34

На саміце прадстаўлены ўсе еўрапейскія дзяржавы і дзяржавы ўсходняга партнёрства. Беларусь ніколі не ўдзельнічала паўнавартасна ў гэтай праграме. Прысылала Макея ці амбасадара. Узровень Макея гэта быў самы высокі ўзровень, хаця і ў Лукашэнкі была такая магчымасць. Макей не вельмі хацеў размаўляць з журналістамі, але ўсё ж пагадзіўся. Яму можна было задаць колькі заўгодна пытанняў. На той момант ягоная адкрытасць да журналістаў была чымсьці шакуючым. Зразумела, што ён выкручваўся, адказваў дыпламатычна. Але я не ведаю іншага беларускага чыноўніка такога ўзроўню, які б досыць свабодна размаўляў з незалежнымі журналістамі. Тады гэта давала надзею на тое, што ёсць нейкі шанец яшчэ ў гэтай сістэмы.

Уладзімір Макей быў цывілізаваным тварам рэжыму на экспарт. Лукашыст са знакам якасці. Ён добра выглядаў на фоне іншых палітыкаў.

Бітва з прапагандыстамі ў ЕЗ і паляванне на вайскоўцаў

У той час яшчэ быў у Бруселі карпункт АНТ. Яны ўвогуле хваліліся, што АНТ першае беларускае медыя, якое мае карпункт у Бруселі. Гэта не да канца праўда. Першым беларускім журналістам, якога афіцыйна акрэдытавалі пры Еўразвязе і пры НАТО, быў журналіст «Белсата» Алесь Сіліч. Яшчэ за шмат год да АНТ, БТ, Белты і г.д. Была забаўная сітуацыя з міністрам замежных справаў Літвы Лінасам Лінкявічусам. Я з ім заранёў дамовіўся на інтэрв’ю. І ў момант, калі міністр падышоў, раптам з’явіліся журналісты АНТ і да яго ламануліся па каментар. Мне прыйшлося ледзь не локцямі адпіхваць іх, каб яны не ўлезлі са сваёй камерай да яго. Каб нейкі кампраміс быў я ім запрапанаваў стаць побач са сваёй камерай і запісваць адказы міністра на мае пытанні. Ідыётская сітуацыя, якая паказвае, як яны сябе паводзяць.

Сергей Пелеса, автор и ведущий международной программы «ПроСвет» на «Белсате»
Сяргей Пеляса, аўтар і вядоўца міжнароднай праграмы «ПраСвет» на «Белсаце». Варшава, Польшча. 6 верасня 2021 года.
Фота: Света Фар / Белсат

Чарговая кур’ёзная сітуацыя была на адной з выставаў зброі ў Кельцах. Туды заўсёды прыязджалі беларускія вайсковыя атташэ і таксама, наколькі ведаю, высокія вайсковыя чыноўнікі з Менску. Што адбываецца, калі прыязджае генерал у камандзіроўку за мяжу, а яго сустракаюць атташэ? Канешне, яны ўвечары ідуць выпіць. На наступны дзень афіцыйная праграма, адкрыццё выставы. Я шукаю іх у залі і бачу, што яны сядзяць і прысыпаюць. Бачна, што ноч была даўгая. Мы дамовіліся з аператарам, што зробім засаду на вайсковых аташэ Беларусі ў Польшчы. Мы абралі такое места, дзе яны дакладна будуць праходзіць і схаваліся за вуглом, каб яны не бачылі. Яны замучаныя выходзяць, стомленыя, пэўна думаюць, што зараз пойдуць ці на каву, ці накаціць, а не тут-та было. Ён ідзе і мы на яго выскокваем: «Цели вашего визита на выставку?». Ён аж жахнуўся. Засада ўдалася.

Важна нашае ўздзеянне на сістэму. Гэта быў штуршок сістэме. «Не расслабляйцеся. Вы не на сваёй тэрыторыі. Мы вас зловім і мы вас запытаем. Не думайце, што вы будзеце тут у камфортнай сітуацыі».

ПраСвет
Аляксандр Лукашэнка не можа спаць спакойна. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою
2023.05.05 15:34

Трамп і рэанімацыя

У 2019 годзе пад Лонданам было спатканне прэзідэнтаў дзяржаваў НАТО. Галоўны ўваход у палац, стаіць гвардыя, пул журналістаў. Усе прэзідэнты заходзілі праз гэты ўваход, але быў адзін прэзідэнт, які ўвайшоў у будынак палаца абсалютна інакш, чым іншыя. Трамп праехаў побач з пулам, не затрымаўся, праехалі вялізныя браніраваныя машыны і яшчэ адна вельмі дзіўная – уся чорная з вялікай будкай з цалкам таніраванымі чорнымі шыбамі.

Я такога ніколі не бачыў. Падпытаўся ў замежных калегаў, а яны кажуць: «Дык гэта ж ягоны рэанімабіль». То бок за ім ездзіць амбуланс, які калі што адразу будзе яго адкачваць.

Рэальная карціна свету вакол Беларусі

«ПраСвет» гэта не зусім міжнародная праграма, гэта праграма, якая аналізуе справы вакол Беларусі. Беларусы досыць закрыты на сабе народ, які не цікавіцца замежнай палітыкай. Пакуль ішла гібрыдная агрэсія Расеі, беларусы мала цікавіліся Украінай, калі пачалася адкрытая – зацікавіліся, бо беларусаў уцягнулі ў вайну. У «ПраСвеце» мы акурат распавядаем пра тыя міжнародныя падзеі, якія могуць змяніць нашае жыццё.

Ёсць палітыкі і дзяржавы, ад чыіх рашэнняў залежыць лёс Беларусі, вось з імі найцікавей было б паразмаўляць.

Канешне, было б цікава паразмаўляць з Зяленскім.

Як ён разумее Беларусь? Чаму Украіна ўсё ж спрабуе заігрываць з Лукашэнкам? Я адказ разумею, але хацеў бы пачуць ягоную версію.

Можна памарыць пра размову з Сі Цзінь Пінам, але ж ён не дае інтэрв’ю, зусім недаступны. Калі Сі Цзінь Пін націсне на Лукашэнку і на Пуціна, гэта можа паўплываць на наш лёс: ці будзе ядравая зброя ў Беларусі ці скончыцца толькі словамі, ці паглыбіцца акупацыя, ці выйдуць расейскія войскі з Беларусі пасля вайны?

Можа і з Макронам. Менавіта Францыя спрабавала спыніць Лукашэнку ад уступлення ў вайну, ад увядзення ядравай зброі ў Беларусь. Макрон тэлефанаваў да Лукашэнкі ў першыя дні вайны. Макрон ездзіў да Сі Цзінь Піна, каб ён паўплываў на Пуціна і Лукашэнку. Ён цікавы менавіта з таго пункту гледжання, што прабуе размаўляць з Лукашэнкам і Пуціным. Цікава было пра гэта з ім пагаварыць.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале і на нашай старонцы.
Стужка навінаў