Аляксандр Лукашэнка не можа спаць спакойна. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Лукашэнку пагражаюць дыверсанты. Арудуюць на межах Беларусі

Побач, пад Бранскам, падарвалі цягнік з беларускай саляркай для расейскіх танкаў. Камітэт дзяржаўнай бяспекі дакладвае, што паўсюль навокал арудуюць замежныя дыверсанты. І на межах, само сабой, вельмі неспакойна. А Лукашэнка ваяваць не хоча. Нават салярку расейскім танкам пастаўляць баіцца, а трэба. Сакрэтную нараду з сілавікамі правесці таксама трэба, яе нельга пераносіць, хаця пасля аблёту перыметру межаў, супакойвання электарату і запужвання чыноўнікаў хацелася б адпачыць. Не даюць. Сюжэт Надзеі Бельскай.

Дэталі падрыву беларускага цягніка пад Бранскам аналізуе антытэрарыст

Беларускі цягнік з саляркай для расейскіх танкаў пусцілі пад адхон пад Бранскам. Афіцыйна кажуць, што машыністы не параненыя, хаця на фота і відэа бачна, што лакаматыў сышоў з палатна і яго развярнула на дзевяноста градусаў. Чаму выкарысталі тры выбуховыя прылады? Якую ролю выконвалі два меншыя зарады? Дыверсантам удалося ўзарваць другі цягнік. А прабавалі яшчэ і трэці. Гэтыя ўдары па чыгунцы – самыя блізкія нам элементы вялікай мазаікі. Па Расеі і акупаванай ёй тэрыторыі Украіны пракацілася серыя дыверсіяў, не ўсе яны былі ўкраінскімі. Некалькі дзён таму пажар на паліўным складзе ў Севастопалі нагадаў ядравы выбух. Гэта зрабілі ўкраінцы. А вось атака дронамі па Крамлі – гэта не ўкраінцы. Чаму? Калі не яны, то хто? Разбіралася Вольга Міцкевіч.

Навошта патрэбная атака дронаў па Крамлі? Інтэрв’ю з Тарасам Беразаўцом

Дзіўная дэталь на відэазапісе нападу беспілотнікаў на Крэмль. Хто стаіць за гэтай аперацыяй? Які сэнс наносіць такія ўдары? Чаму не ўдалося затрымаць дыверсантаў, якія ўзарвалі два цягнікі пад Бранскам? Як Украіна можа перамагчы Расею? Ці зробіцца ўкраінскае контрнаступленне галоўнай або апошняй бітвай у вайне? Інтэрв’ю з Тарасам Беразаўцом, украінскім вайскоўцам, прэсавым афіцэрам 1-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння імя Івана Багуна.

Як Пуцін зрабіў з Украіны ворага і прыняў рашэнне пра вайну

«Як Пуцін узненавідзеў Украіну» – расследаванне пад такою назваю выйшла ў выданні «Вёрстка». Яшчэ ў 2004-м у светапоглядзе Пуціна Украіна не займала асаблівага месца. Але пасля Памаранчавай рэвалюцыі – гэта менш за 20 гадоў – расейская прапаганда раскруціла грандыёзнага маштабу наратыў аб украфашыстах, а Расея спачатку акупавала частку Украіны, а цяпер пачала поўнамаштабную вайну. Як Пуцін зрабіў з Украіны ворага і прыняў рашэнне пра вайну? Хто і што на яго паўплывалі? Аналізуем расследаванне разам з незалежнымі расейскімі экспертамі. Сюжэт Ірэны Кацяловіч.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясоюглядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале і на нашай старонцы.