Лукашэнка быў сам не свой. Як еўрапейскія СМІ пракаментавалі паводзіны кіраўніка Беларусі ў Маскве


Стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі, які ўпершыню не выступаў з прамоваю на 9 траўня і не змог прайсці 300 метраў па заканчэнні параду ў Маскве, выклікаў цікавасць не толькі ў беларусаў. Паглядзелі, што напісалі пра гэта сусветныя сродкі масавай інфармацыі.

Парад у Маскве на Дзень Перамогі. Аляксандр Лукашэнка сядзеў на трыбунах.
Фота: president.gov.by

«Украинская правда» звярнула ўвагу на тое, што самаагалошаны прэзідэнт Беларусі па заканчэнні ваеннага параду, учыненага ў Маскве расейскім дыктатарам, без прамаруджвання вярнуўся ў Менск, не чакаючы заканчэння ўсіх урачыстасцяў. Паведамляецца, што пасля параду Уладзімір Пуцін правёў нефармальны сняданак (абед) з гасцямі параду з Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана, але шматлікія кадры фота і відэа не заўважылі там Аляксандра Лукашэнкі.

РБК адзначае, што ні «Менск ні Масква пакуль не пракаментавалі адсутнасць прэзідэнта Беларусі. Як сведчаць фота, на самым парадзе ў Лукашэнкі была перавязаная рука, а на цырымонію ўскладання кветак у Аляксандраўскім садзе яго везлі транспартам».

Агенцтва «Reuters» паведаміла, што «беларускага лідара прыйшлося адвезці на мерапрыемства ў час святкавання Дня Перамогі ў Маскве, і ён прапусціў абед, арганізаваны прэзідэнтам Расеі. Лукашэнка, блізкі хаўруснік Пуціна, выглядаў стомленым і ледзь трымаўся на нагах, а на правай руцэ была павязка. Ягоны знешні выгляд выклікаў у сетцы чуткі пра ягонае здароўе, хаця ў іншым ён не праяўляў яўных прыкмет нездароўя». Агенцтва «Reuters» таксама прасочвае падрабязнасці гэтай неардынарнай сітуацыі.

«На відэазапісах бачна, як 68-гадовы мужчына гутарыць з Пуціным і найвышэйшым армейскім кіраўніцтвам пасля параду на Чырвонай плошчы, а затым пад’язджае да магілы Невядомага жаўнера непадалёк, пакуль Пуцін ішоў туды пешшу з лідарамі Арменіі і пяці краінаў Цэнтральнай Азіі. Лукашэнка далучыўся да іншых, каб ускласці кветкі да магілы каля Крамля, усяго ў 300 метрах ад таго месца, дзе яны раней назіралі за парадам, што быў прысвечаны гадавіне перамогі Савецкага Саюза над нацысцкай Германіяй у 1945 годзе. У рэдкім адхіленні ад звычаяў беларускі прэзідэнт прапусціў дзяржаўны абед, арганізаваны Пуціным і на якім прысутнічалі іншыя лідары».

Лукашэнка на парадзе ў Маскве 9 траўня 2023 года . Скрыншот з видэа: AKIpressnews / Youtube

«Беларускія ўлады не рабілі аніякіх заяваў пра стан здароўя Лукашэнкі, але за апошнія два тыдні ён з’яўляўся на некалькіх публічных мерапрыемствах і на адным з іх ягоны голас быў хрыплым. Пазней у аўторак Лукашэнка зноў з’явіўся на цырымоніі ўскладання вянкоў да Дня Перамогі ў Менску, але праз чарговы адыход ад традыцыі ён насіў цывільнае адзенне, а не ваенную форму, і не рабіў прамову». Доктар-рэабілітолаг з Менску, які пагадзіўся паразмаўляць з намі на ўмовах ананімнасці адзначыў такую рэч:

«На шляху ў Менск Лукашэнку, бясспрэчна, вельмі моцна прастымулявалі, каб ён мог на Плошчы Перамогі рухацца і аддаваць паклоны прысутным. Хоць праз сілу, але стараўся ўсміхацца, пры гэтым, ягоная хада была няпэўная, ён хістаўся і ўвогуле не рабіў аніякай прамовы, што здарылася ўпершыню. Яму было цяжка не толькі прамаўляць, а, нават, і стаяць, з боллю, што адбівалася на ягоным твары, пакуль «па даручэнні прэзідэнта прамову рабіў міністр абароны Віктар Хрэнін».

Аляксандр Лукашэнка падчас ўрачыстых мерапрыемстваў у гонар Дня Перамогі 9 траўня 2013 года. Менск.
Фота: тэлеграм «Пул Первого»

Польская «Rzeczpospolita» таксама падкрэслівае, што Лукашэнка быў не ў стане прайсці 300 метраў да Аляксандраўскага саду і папрасіў Пуціна арганізаваць транспарт, і ахоўнікі падвезлі яго на электрамабілі службы бяспекі. Пазней беларускія тэлеграм-каналы і тэлеграм-сэрвісы паведамілі, што ў сваякоў Лукашэнкі «сумесь COVID і грыпу».

Пааводле onet.pl, калі Лукашэнка вярнуўся ў Беларусь, ягоныя паводзіны абудзілі чарговую хвалю домыслаў і спекуляцыяў.

«Грымасы на твары Лукашэнкі падчас параду відавочна сведчылі пра тое, што ён адчуваў сябе не найлепшым чынам. У медыях з’явілася інфармацыя, што ў аэрапорт яго павінная была даставіць хуткая дапамога, але гэта не было канчаткова пацверджана. Вярнуўшыся ў Менск, Лукашэнка прыбыў на цырымоніі ўскладання кветак на плошчы Перамогі, але не выступаў з прамоваю, як гэта было ў мінулыя гады. Мерапрыемства доўжылася ўсяго 25 хвілінаў без усялякіх маршаў і праходжанняў па праспекце».

Іншае польскае выданне «Kresy24.pl» у сваім матэрыяле пад загалоўкам «Лукашэнка ледзьве ідзе на парадзе з Пуціным» падкрэслівае, што на кадрах пуцінскіх гасцей, якія накіроўваюцца на парад, Лукашэнку мы бачым толькі ў канцы запісу. Ён ідзе ў самым канцы гэтага крывавага пелатону прыспешнікаў Пуціна.

«Dailymail» падкрэслівае і не саромеецца ў «эпітэтах», калі піша, што кульгаючы Лукашэнка ў яўным дыскамфорце маліў Пуціна выратаваць яго ад хады пешшу і даць яму транспарт падчас шпацыру ў Дзень перамогі ў Маскве.



«Спатыкаючыся, беларускі тыран не здолеў прайсці менш за чвэрць мілі разам з Пуціным на мерапрыемстве на Чырвонай плошчы. Дэспат не ішоў, а цягнуўся да магілы Невядомага жаўнера. Гэта адбылося на тле заяваў, што беларускі тыран можа сутыкнуцца з паралічам без аперацыі, піша Daily mail ў сваім матэрыяле:

«На кадрах Пуцін загадвае лакеям арганізаваць баггі для перавозкі хворага, 68-гадовага Лукашэнкі, які знаходзіцца ва ўладзе 24 гады (тут, канечне, памылка. Лукашэнка ва ўладзе няпоўных 29 гадоў, «Белсат»). Затым Пуціну і іншым лідарам прыйшлося чакаць Лукашэнку, перш чым накіравацца да магілы Невядомага жаўнера. Беларускі дэспат няўклюдна прагульваўся па Аляксандраўскім садзе побач з 70-гадовым Пуціным і не мог нахіліцца разам з іншымі лідарамі, каб ускласці кветкі да мемарыялу».

Лукашэнка, падкрэслівае выданне, лічыцца найбліжэйшым саюзнікам Пуціна і дазволіў рускім ажыццявіць напад на Украіну са сваёй тэрыторыі. Паведамляецца, што ён маліў Пуціна не прымушаць яго прыязджаць у Маскву на парад «паводле медыцынскіх паказнікаў». Але расейскі лідар, які падтрымлівае бедную эканоміку ў Беларусі, быў настойлівым, імкнучыся паказаць, што ён не быў поўнасцю ізаляваны з-за катастрафічнай вайны ва Украіне.

Каментар
Лукашэнка хворы, але прапаганда намагаецца пра гэта не гаварыць
2023.05.10 17:22

«Лукашэнка з празмернай залішняй вагою, які застаецца ва ўладзе з-за фальсіфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і падаўлення законнай апазіцыі, заключыўшы ейных лідараў у турму, як мяркуюць, пакутуе ад вострай праблемы з каленам і сур’ёзных скаргаў на спіну».

Усе выданні, якія пішуць на гэтую тэму, адзначаюць павязку на правым запясці Лукашэнкі, на якой, як мяркуецца, мог быць катэтар для ўнутрывеннага ўлівання.

Расейскія і беларускія ўлады ўсцяж не каментуюць наступствы са станам здароўя Лукашэнкі. Маўчаць і прадзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. На тле шматлікіх домыслаў і здагадак пра здароўе Лукашэнкі, аніякіх апраўданняў не з’явілася таксама ні на сайце кіраўніка дзяржавы, ні ў тэлеграм-канале ягонай прэсавай службы. Там 10 мая паведамляецца, што «першы павіншаваў са стагоддзем «агульнанацыянальнага лідара азербайджанскага народу Гейдара Аліева», а таксама пра экспазіцыю ў Палацы незалежнасці.

Агляд
«Актыўна вярталі да прытомнасці». Што пісалі і пішуць пра стан здароўя і хваробу Лукашэнкі
2023.05.09 18:04

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў