Лукашэнка хворы, але прапаганда намагаецца пра гэта не гаварыць


Стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі застаецца тэмаю для размоваў у грамадстве. 9 траўня на парадзе ў Маскве і на цырымоніі ўскладання кветак у Менску ён выглядаў хворым, нават не змог выступіць падчас афіцыйных урачыстасцяў у сталіцы Беларусі. Адметна, што 10 траўня самаабвешчаны кіраўнік Беларусі ўвогуле не зʼявіўся ў публічнай прасторы. Дзяржаўная прапаганда і чыноўнікі не каментуюць інфармацыі пра хваробу Лукашэнкі, а ў эфіры БТ анансавалі расследаванне ад КДБ пра меркаванае перадухіленне тэрактаў у Беларусі.

Лукашэнка выглядае хворым у Маскве на парадзе
Парад у Маскве на Дзень Перамогі. Аляксандр Лукашэнка сядзеў на трыбунах.
Фота: president.gov.by

У Маскве падчас святкавання Дня Перамогі Аляксандр Лукашэнка выглядаў не вельмі добра. На кадрах з ягоным ўдзелам бачны бінт на руцэ, ён самастойна не змог прайсці некалькі сотняў метраў і паляцеў назад у Беларусь. У Менску Лукашэнка ўсклаў кветкі, але не змог выступіць з прамовай. Замест яго слова ўзяў міністр абароны Віктар Хрэнін.

Палітычны аглядальнік, гісторык Аляксандр Фрыдман у размове з «Белсатам» кажа: цяпер Лукашэнка ў такой сітуацыі, што не мог адмовіцца ад удзелу ў мерапрыемствах 9 траўня ў Маскве.

«Яго залежнасць ад Масквы амаль татальная. І калі яго запрасілі, то зразумела, што Пуціну трэба, каб былі амаль усе кіраўнікі дзяржаваў з постсавецкай прасторы. І ў Лукашэнкі не было альтэрнатывы. Відавочна, што ён не жадаў гэтага падарожжа, інфармацыя пра тое, што ён паляцеў у Маскву, з’явілася запознена», – каментуе Аляксандр Фрыдман.

Hавiны
Пасля параду ў Маскве Лукашэнка не змог прайсці пешшу кароткую адлегласць да ўскладання вянкоў
2023.05.09 16:10

Аналітык звяртае ўвагу, што, напрыклад, Ільхам Аліеў, прэзідэнт Азербайджану, не паляцеў у Маскву. Адмову ад удзелу ў святочных мерапрыемствах ён патлумачыў тым, што 10 траўня святкуе стагоддзе з дня нараджэння свайго бацькі. Ён прынцыпова не прыехаў, а Расея яму гэта даравала. Нейкай крытыкі на гэты конт не было. Але Лукашэнка, паводле Аляксандра Фрыдмана, у іншай сітуацыі.

«Што да вяртання ў Менск, пасля таго, як мы пабачылі фота і відэа з Масквы, то пачалася дыскусія наконт стану здароўя Лукашэнкі. Таму ён быў вымушаны нейкім чынам з’явіцца на цырымонію ўскладання кветак у Менску. Бо калі б ён не з’явіўся, дык размоваў пра яго стан было б болей. Вядома, што і ў існай сітуацыі засталіся пытанні. Ён прысутнічаў, але прамову зрабіць быў не ў стане», – нагадвае Аляксандр Фрыдман.

10 траўня Лукашэнка не з’явіўся ў публічнай прасторы. Афіцыйна ён нібыта бярэ ўдзел у нейкіх мерапрыемствах, але кадраў з пацверджаннем гэтага няма.

Каментар
«Людзі бачаць, што дыктатар стары і слабы». Як Лукашэнка прывязаў рэжым да свайго здароўя
2023.05.09 21:35

Суразмоўца «Белсату» выказвае думку, што Лукашэнку не прыемная дыскусія вакол стану ягонага здароўя. Яму ўвесь час трэба дэманстраваць добрую фізічную форму. Таму гульні ў хакей заўсёды выходзяць у публічную прастору, гэта трэба для таго, каб у беларусаў склалася ўражанне, што Лукашэнка ў добрым фізічным стане.

«Таму я думаю, што калі б ён быў у стане, каб яго можна было б паказаць нават падчас невялікага публічнага мерапрыемства, то гэта зрабілі б. Відавочна, што ён не ў тым стане, у якім хоча паказвацца і ў якім ён жадае бачыць сам сябе. Таму гэтых кадраў і няма. Што да прапаганды, то яны мусяць нешта зрабіць. Калі б нічога не было ў інфармацыйнай прасторы, то пытанняў было б яшчэ больш», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Бінты на руках у Лукашэнкі
Удзельнікі, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, на вайсковым парадзе, прысвечаным 78-й гадавіне перамогі над нацысцкай Нямеччынай у Другой сусветнай вайне, Красная плошча, Масква, Расея, 9 траўня 2023 г.
Фота: SPUTNIK / Reuters / Forum

Аналітык таксама звяртае ўвагу, што з вуснаў прапагандыстаў пачалася даволі агрэсіўная рыторыка, кшталту, не дачакаецеся. Таксама даволі гучным стала паведамленне кіраўніка КДБ Івана Церцеля пра тое, што спецслужбоўцы перадухілі тэракты, запланаваныя на 9 траўня. Аналітык звязвае гэтую інфармацыю і стан здароўя Лукашэнкі.

«Мне падаецца, што заява Церцеля была такім планам Б, бо магчыма, яны проста не ведалі на той момант, ці ў стане будзе Лукашэнка прыйсці на цырымонію з кветкамі, і на ўсялякі выпадак, такі чэкісцкі метад, запусцілі інфармацыю пра перадухіленне тэракту. І калі была спроба тэракту, то ці можна ладзіць публічныя цырымоніі з вялікай колькасцю людзей? Магчыма, што калі б Лукашэнка быў не ў стане прыйсці на цырымонію, то яе адклалі б або адмянілі і маглі б выкарыстаць заяву Церцеля, – кажа Аляксандр Фрыдман.

Hавiны
Піяраўскі правал і карыснае маўчанне. Што трэба ведаць пра візіт Лукашэнкі ў Маскву
2023.05.09 17:28

Эксперт звяртае ўвагу, што пасля таго, як прагучала заява Церцеля, інфармацыя пра перадухіленне тэрактаў паступова згасла, а пазней гэтую тэму нават не ўздымалі. На думку палітычнага аглядальніка, спецслужбоўцы пабачылі, што Лукашэнка ў стане прыйсці на ўскладванне кветак. Сэнсу нешта яшчэ казаць пра тэракты не было. Але Церцель нешта такое абяцаў паказаць, таму падрабязнасці пакажуць у эфіры дзяржтэлебачання.

Эксперт лічыць, што гучнае «выкрыццё і арышт тэрарыстаў» патрэбныя для рэжыму, бо ёсць надзея на тое, што гэта перахопіць ініцыятыву, і ў дыскурсе будзе панаваць тэма перадухіленых тэрактаў, а пра здароўе Лукашэнкі паступова забудуць.

Меркаванні
«Победобесіе» як заканамерны працяг злачыннай хлусні
2023.05.09 21:42

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў