Лукашэнка ляціць у Маскву на парад да Пуціна. Хто яшчэ там будзе?


Адразу некалькі кіраўнікоў краінаў былога СССР прыбудуць у Маскву на парад Уладзіміра Пуціна. Будзе і кіраўнік рэжыму ў Менску Аляксандр Лукашэнка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: president.gov.by

Яшчэ 23 красавіка расейскае выданне «Ведомости» пісала, што адзіным замежным госцем параду ў Маскве стане Садыр Жапараў – прэзідэнт Кыргызстану. Але сітуацыя змянілася 8 траўня.

Як піша «МотолькоПомоги», Аляксандр Лукашэнка скіруецца ў Маскву 8 траўня. Праз гэта ўскладанне кветак на плошчы Перамогі ў Менску перанеслі з раніцы 9 траўня на 19:00. Афіцыйных пацверджанняў гэтай інфармацыі пакуль не было.

Тым часам Руслан Жалдыбай, прэс-сакратар прэзідэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева, паведаміў, што 8–9 траўня кіраўнік дзяржавы здзейсніць працоўны візіт у Расею. Спачатку ён наведае Ржэўскі мемарыял, а 9 траўня возьме ўдзел у парадзе ў Маскве.

Пра візіт у Маскву прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыньяна, «каб 9 траўня ўзяць удзел ва ўрачыстасцях у гонар Дня Перамогі», паведамляюць і «Новости-Армения».

Таксама Уладзімір Пуцін запрасіў у Маскву на парад прэзідэнтаў Туркменістану Сердара Бердымухамедава і Таджыкістану Эмамалі Рахмона. Апошні спачатку паведаміў пра сваю адмову, каб прымаць парад у Душанбэ, але пасля заявіў, што скіруецца ў Маскву.

Крэмль баіцца атакі на парад?

Як мяркуе гісторык Аляксандр Фрыдман, з’яўленне на парадзе лідараў СНД «зніжае рызыку атакі на Красную плошчу 9 траўня, якой так асцерагаюцца ў Крамлі».

«І за такі жэст з іхнага боку Маскве давядзецца шчодра заплаціць. Пашыньян, Такаеў ды іншыя лідары, як вядома, «танчаць на розных вяселлях», а значыць, знойдуць спосаб згладзіць незадаволенасць Захаду», – адзначыў Фрыдман.

Лукашэнка ж, паводле эксперта, «для Крамля самы зручны госць», бо «ў яго няма выбару».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў