Генерал бундэсвэру: Аднойчы нам, магчыма, давядзецца весці абарончую вайну з Расеяй


Генеральны інспектар бундэсвэру, генерал Карстэн Броер заявіў, што нямецкая армія недастаткова падрыхтаваная да таго, каб абараняць краіну і саюзнікаў з блоку NATO. Пра гэта ён апавёў у інтэрв’ю Frankfurter Allgemeinen Sonntagszeitung, піша Tagesschau.

«Цяпер мы бачым бундэсвэр, які яшчэ не дастаткова падрыхтаваны для гэтага», – сказаў Броер.

Генерала непакоіць тое, як Расея «ўзбройваецца ў гэты момант» і як пазіцыянуе сябе прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Вяртання да сітуацыі, якая назіралася да поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну, цяпер немагчымая, думае прадстаўнік бундэсвэру. Броер падкрэсліў: трэба прызвычаіцца да думкі, што «аднойчы нам, магчыма, давядзецца весці абарончую вайну».

На пытанне, ці здолее бундэсвэр справіцца з магчымым нападам Расеі на NATO пасля завяршэння вайны ва Украіне, Броер адказаў: «Так. І кропка. У нас няма альтэрнатывы. Мы можам абараніць сябе і мы будзем абараняцца».

Аналітыка
Расея нападзе на NATO праз 6-10 гадоў? На чым грунтуецца гэты прагноз і што азначае
2023.11.22 17:08

Раней, у пачатку лістапада, міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс выступіў з заклікам правесці маштабную мадэрнізацыю бундэсвэру, каб нямецкая армія адпавядала «патрабаванням ваеннага часу». Паводле яго, поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну змяніла сітуацыю з пагрозамі бяспекі на кантыненце, таму і грамадства, і армія Нямеччыны мусяць быць гатовыя да вайны.

«Мы павінны быць у стане весці вайну – абарончую вайну, ахоўную вайну, каб урэшце нам не прыйшлося гэтага рабіць», – сказаў Пісторыюс.

Заявы Пісторыюса і Броера сугучныя высновам аналітыкаў Нямецкай рады замежнай палітыкі (DGAP), якія ў канцы лістапада апублікавалі рэзанансны даклад пра пагрозу вайны Расеі і NATO.

Развагі аналітыкаў грунтуюцца на дапушчэнні, што вайна ва Украіне будзе замарожаная. Паводле ацэнак DGAP, Расеі спатрэбіцца ад шасці да дзесяці гадоў, каб аднавіць сваё войска да такой ступені, што яно здолее адважыцца напасці на NATO. На думку экспертаў, акно магчымасцяў для расейскай агрэсіі адкрыецца ў момант, калі Масква ўбачыць, што Еўропа заслабая, каб адбіць напад. Мішэнню, у прыватнасці, могуць стацца краіны Балтыі: Літва, Латвія, Эстонія. Таму цягам 6–10 гадоў краіны NATO мусяць падрыхтаваць свае ўзброеныя сілы для стрымлівання Расеі.

Аналітыка
Чаму Захад не можа забяспечыць Украіне перавагу ў вайсковых рэсурсах?
2023.12.06 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў