Расея нападзе на NATO праз 6-10 гадоў? На чым грунтуецца гэты прагноз і што азначае


Аналітыкі Нямецкага таварыства вонкавай палітыкі (DGAP) падрыхтавалі спавешчанне, у якім называюць ваенную агрэсію Расеі супраць краінаў NATO практычна непазбежнаю: з гледзішча экспертаў, пытанне не ў тым, ці рэалізуецца гэтая пагроза, а ў тым, калі гэта адбудзецца. Belsat.eu распавядае пра змест даследавання і пра тое, як высновы экспертаў звязаныя з цяперашняю палітыкаю Захаду.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін абдымае салдата падчас наведвання цэнтру вайсковай падрыхтоўкі мабілізаваных рэзервістаў Заходняй вайсковай акругі ў Разанскай вобласці, Расея. 20 кастрычніка 2022 года.
Фота: Russian Defense Ministry Press Service / AP / East News

У спавешчанні DGAP адзначаецца, што Расея са сваймі імперскімі амбіцыямі ўяўляе сабой «самую вялікую і неадкладную пагрозу для краінаў NATO». Развагі аналітыкаў грунтуюцца на дапушчэнні, што вайна ва Украіне будзе замарожаная. Эксперты не тлумачаць, як гэта адбудзецца: у выніку заключэння мірнай дамовы ці спынення актыўных баёў дэ-факта. Галоўнае, што можа быць створаная сітуацыя, пры якой Расея здолее аднавіць і нарасціць свой вайсковы патэнцыял.

Хто падрыхтуецца раней

«Нават пасля амаль двух гадоў баявых дзеянняў на Украіне вайсковы патэнцыял Расеі вышэйшы, чым здаецца цяпер», – лічаць аналітыкі DGAP.

У даследаванні адзначаецца, што Расея мае вялікі патэнцыял для рыхтавання навабранцаў (каля 280 тысяч штогод) і цяпер пераводзіць сваю прамысловасць на ваенныя рэйкі, значна павялічваючы выраб вайсковай прадукцыі. Маскве ўдалося абысці заходнія санкцыі ў дачыненні некаторых важных для баявых дзеянняў кампанентаў, а таксама наладзіць імпарт зброі з Ірану і КНДР. «З эканамічнага гледзішча дзяржава, імаверна, здольная працягваць фінансаваць вайну», – адзначаюць у DGAP.

«Паводле ацэнак экспертаў і спецслужбаў, Расеі спатрэбіцца ад шасці да дзесяці гадоў, каб аднавіць сваё войска да такой ступені, што яно зможа адважыцца напасці на NATO. Гадзіннік пачне адлічваць час, як толькі інтэнсіўныя баявыя дзеянні ва Украіне спыняцца. Тады Расея зможа перанакіраваць сваю цяперашнюю вытворчасць на аднаўленне ўзброеных сілаў», – канстатуюць аналітыкі.

На думку экспертаў, акно магчымасцяў для расейскай агрэсіі адкрыецца ў той момант, калі Масква ўбачыць, што Еўропа занадта слабая, каб адбіць напад. Мішэнню, у прыватнасці, могуць стаць краіны Балтыі: Літва, Латвія, Эстонія. Таму цягам 6-10 гадоў краіны NATO павінны падрыхтаваць свае ўзброеныя сілы для стрымлівання Расеі.

«Толькі тады яны змогуць знізіць рызыку ўзнікнення новай вайны ў Еўропе», – падкрэсліваецца ў даследаванні.

Аналітыкі адзначаюць, што краіны NATO прызнаюць неабходнасць змяніць стратэгічныя планы абароны, але адносна тэмпаў іх рэалізацыі ўпэўненасці няма. «Каб перадухіліць магчымую вайну, акно магчымасцяў для Масквы не павінна адкрыцца. Расея мусіць прызнаць канфлікт з NATO безнадзейным з самага пачатку і назаўжды. Каб забяспечыць такі вынік, Альянсу трэба хутка павялічыць свой вайсковы патэнцыял і адкрыта прадэманстраваць гэта Расеі», – адзначаюць эксперты.

Калі Расея здолее аднавіць свае сілы цягам 6 гадоў, то ўкласціся ў такія тэрміны краінам NATO будзе няпроста. «Неабходна як мінімум два гады для стварэння новых лініяў вытворчасці ракетаў і танкаў, а таксама для стварэння больш буйных вайсковых злучэнняў. Чым менш часу будзе, тым больш давядзецца мяняць стандарты, напрыклад, у галіне рыхтавання або ўзбраення. Армія, сфармаваная цягам пяці гадоў, адрозніваецца ад войска, у якога ёсць дзевяць гадоў», – канстатуюць аналітыкі.

Цікава, што аўтары даследавання нават не разглядаюць імавернасці ўнутраных зменаў у Расеі – праз рэвалюцыю, пераварот ці проста натуральную смерць цяперашняга кіраўніцтва (усё-ткі праз дзесяць гадоў Уладзіміру Пуціну будзе за 80 і ягонае атачэнне таксама ў падобнай узроставай катэгорыі). Імаверна, аналітыкі наўмысна не бяруць пад увагу сцэнары, пралічыць якія сёння няма ніякай магчымасці.

Што павінны зрабіць краіны NATO

DGAP пры гэтым не забывае пра Украіну – наадварот, аналітыкі падкрэсліваюць яе важнасць для бяспекі ўсёй Еўропы. Аднак аўтары спавешчання не разглядаюць варыянту, пры якім Украіна нанясе поўную і канчатковую ваенную паразу Расеі.

Таму ў першую чаргу эксперты DGAP заяўляюць пра неабходнасць выгуляць час. Для гэтага трэба ўзмацніць падтрыманне Украіны да такой ступені, каб ЗСУ мелі шанец правесці паспяховае наступленне. «Гэта не толькі прывядзе да далейшага зніжэння баявой моцы Расеі. Такім чынам NATO таксама можа прадэманстраваць сваю рашучасць і стварыць надзею на тое, што параза Расеі зменіць стратэгію Крамля», – мяркуюць аналітыкі. Аднак пры гэтым робяць агаворку: на іхную думку, NATO павінна знайсці баланс паміж падтрыманнем Украіны і ўмацаваннем сваёй уласнай баяздольнасці.

Таксама, упэўненыя эксперты, Еўропа павінна неадкладна пачаць працаваць над планаваннем і рэалізацыяй доўгатэрміновай інтэграцыі Украіны ў заходнюю сістэму абароны, бо Украіна мае надзвычай важнае геастратэгічнае значэнне для бяспекі кантыненту.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на пачатку паседжання міністраў абароны NATO у Бруселі, Бельгія. 11 кастрычніка 2023 года.
Фота: Abaca Press / Forum

Акрамя таго, на думку аналітыкаў, трэба зрабіць больш збалансаванымі адносіны са Злучанымі Штатамі: Еўропа павінна быць больш самастойнай у абаронных пытаннях, зняўшы частку цяжару з Вашынгтону. Таксама трэба перашкаджаць вытворчасці ў Расеі праз пашырэнне санкцыяў.

Аналітыкі DGAP настойваюць на тым, што Нямеччына павінна здзейсніць скачок у абароннай сферы: у кароткія тэрміны павялічыць асабовы склад бундэсвэру, пашырыць вытворчасць зброі і зрабіць клопат аб бяспецы часткаю паўсядзённага жыцця ў палітыцы, эканоміцы і грамадстве.

Урад Нямеччыны мусіць выпрацаваць адзіную скаардынаваную абаронна-прамысловую палітыку і аддаць прыярытэт інвестыцыям, якія неадкладна павялічваюць вайсковую моц краіны. З гледзішча аналітыкаў, бундэсвэр не павінен засяроджвацца выключна на інавацыйных праектах у сферы ўзбраення – трэба зрабіць стаўку ў першую чаргу на надзейныя і правераныя сістэмы. Сучаснага тэхналагічнага ўзроўню дастаткова, каб супрацьстаяць Расеі. Галоўнае – нарасціць масавасць вытворчасці. Гэта дазволіць выгуляць час і для распрацоўвання інавацыйных праектаў, кажуць у DGAP.

Вялікую ўвагу таксама прапаноўваюць надаць стварэнню падрыхтаванага рэзерву бундэсвэру і матываванню кадраў.

Што азначае гэтае спавешчанне

Тое, што даследаванне DGAP з’явілася менавіта цяпер, зусім не выпадкова. Гэта відавочная рэакцыя на падзеі апошняга часу, спроба асэнсаваць тыя выклікі, якія паўсталі перад Еўропай, і зразумець, як трэба дзеяць, калі цяперашнія негатыўныя тэндэнцыі захаваюцца.

На рыхтаванне даследавання яўна паўплываў той факт, што сітуацыя на фронце ва Украіне зайшла ў пазіцыйны тупік, аб чым нядаўна заявіў галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны. Адсюль і дапушчэнне аналітыкаў, што вайна ў тым ці іншым выглядзе можа аказацца замарожанай.

Аналітыка
Захад схіляецца да перамоваў з РФ? Зяленскі і Залужны пасварыліся? Разбіраемся ў сітуацыі
2023.11.06 19:33

У пачатку лістапада тэлеканал NBC паведаміў, што прадстаўнікі Еўразвязу і ЗША пачалі абмяркоўваць магчымасць мірных перамоваў Украіны і Расеі. У прыватнасці, закранаюцца пытанні, ад чаго Украіна можа адмовіцца дзеля міру і якія гарантыі бяспекі краіны NATO гатовыя даць украінцам узамен на кампраміс з Масквой. Аднак у даследаванні DGAP пра кампраміс з РФ якраз нічога не гаворыцца – наадварот, аналітыкі настойваюць на тым, што падтрыманне Украіны трэба ўзмацніць і зрабіць доўгатэрміновым.

Падзеі апошніх тыдняў сведчаць пра тое, што заходнія лідары падзяляюць гэтую думку. Еўразвяз рыхтуе рашэнне аб даванні Украіне доўгатэрміновых абавязкаў у сферы бяспекі, што будуць уключаць перадачу зброі і рыхтаванне вайскоўцаў ЗСУ. Працягвае абмяркоўвацца стварэнне асобнага фонду для абароны Украіны на найбліжэйшыя гады. «Расея не спыняе гэтай незаконнай вайны, таму мы павінны планаваць наперад і рэзерваваць бюджэты», – заявіла выканальніца абавязкаў міністра абароны Нідэрландаў Кайса Олёнгрэн. Яна таксама распавяла, што Нідэрланды плануюць зарэзерваваць на дапамогу Украіне ў 2024 годзе € 2 млрд.

На гэтым тыдні Кіеў наведалі міністры абароны ЗША і Нямеччыны – дзвюх краінаў, якія даюць Украіне найбольшую вайсковую дапамогу. Амерыканскі міністр Лойд Остын пацвердзіў «цвёрдае падтрыманне Украіны», але паколькі ЗША дагэтуль не ўхвалілі новага бюджэту, апошні пакет дапамогі склаў толькі $ 100 млн. На гэтым фоне нямецкі міністр Борыс Пісторыюс абвесціў пра перадачу вайсковай дапамогі на суму € 1,3 млрд. Увогуле, паводле крыніцаў «Bloomberg», Нямеччына плануе ў 2024 годзе павялічыць дапамогу Украіне ўдвая – да € 8 млрд.

Актывізацыя дапамогі з боку некаторых краінаў ЕЗ і намер даць Украіне доўгатэрміновыя абавязкі на ўзроўні ўсёй Еўропы сведчаць пра тое, што заходнія палітыкі, імаверна, пагаджаюцца з яшчэ адным тэзісам са спавешчання DGAP: еўрапейцам трэба весці больш самастойную абаронную палітыку і не спадзявацца толькі на ЗША. Імаверна, спрэчкі ў Кангрэсе вакол бюджэту і пагроза вяртання на пасаду прэзідэнта Доналда Трампа прымушаюць палітыкаў Еўразвязу задумацца над тым, як паводзіцца ў выпадку істотнага скарачэння ўдзелу ЗША ў справах еўрапейскай бяспекі.

Салдаты арміі ЗША на БМП «Stryker» у Аб’яднаным шматнацыянальным цэнтры гатовасці. Гоэнфэльс (Hohenfels), Нямеччына. 12 верасня 2023 года.
Фота: Spc. Donovon Lynch / U.S Army / Zuma Press / Forum

Акрамя таго, на высновы DGAP яўна паўплывала разуменне таго, што Расея пераводзіць сваю прамысловасць на ваенныя рэйкі значна хутчэй, чым гэта робяць краіны NATO. Яшчэ ў сярэдзіне верасня газета «The New York Times» распавяла, што, нягледзячы на санкцыі, Расея ў параўнанні з лютым 2022 года здолела ўдвая павялічыць выпуск боепрыпасаў і цяпер значна апераджае паводле гэтага паказніку краіны Еўропы і Злучаныя Штаты. Пры гэтым мэта краінаў ЕЗ вырабіць мільён боепрыпасаў для Украіны застаецца пакуль недасяжнай, нягледзячы на ўсе намаганні. «Грошы ёсць, але патрэбная яшчэ і вытворчасць», – наракаў Борыс Пісторыюс.

Напэўна, гэта прымусіла заходніх палітыкаў (прынамсі, частку з іх) прыйсці да высновы, што ваенныя няўдачы ва Украіне не зрабілі Расею менш небяспечнай для Еўропы – наадварот, у доўгатэрміновай перспектыве пагроза толькі ўзрастае. Таму Еўропа мусіць сур’ёзна заняцца сваёй бяспекай.

DGAP у сваім даследаванні спасылаецца на крыніцы сярод вайскоўцаў і спецслужбаў Нямеччыны, то бок можна лічыць, што высновы даследавання адлюстроўваюць у тым ліку іхны погляд на сітуацыю.

Паказальна, што тэзісы аналітыкаў сугучныя з апошнімі выказваннямі Борыса Пісторыюса – вось толькі міністр абароны Нямеччыны больш асцярожны ў фармулёўках і пра тэрмін 6-10 гадоў нічога не кажа. У пачатку лістапада Пісторыюс выступіў з заклікам правесці маштабную мадэрнізацыю бундэсвэру, каб нямецкая армія адпавядала «патрабаванням ваеннага часу». Паводле яго, поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну змяніла сітуацыю з пагрозамі бяспекі на кантыненце, таму і грамадства, і армія Нямеччыны мусяць быць гатовыя да вайны.

«Мы павінны быць у стане весці вайну, абарончую вайну, ахоўную вайну, каб урэшце нам не прыйшлося гэтага рабіць», – сказаў Пісторыюс, што цалкам адпавядае галоўнай думцы спавешчання DGAP.

Аналітыка
Трывожныя сімптомы. Заходняя дапамога для Украіны можа даць збой, але панікаваць не варта
2023.10.06 08:04

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў