Ізраіль асудзіў прызначэнне Вадзіма Гігіна дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі


Прэс-сакратар МЗС Ізраілю зрабіў заяву, у якой асуджаецца прызначэнне прапагандыста Вадзіма Гігіна дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з-за ягоных антысеміцкіх заяваў і адмаўлення Галакосту.

Вадзім Гігін 6 чэрвеня 2023 года стаў гендырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі. Крыніца: minkultrb / Telegram

«У святле ягоных антысеміцкіх заяваў і адмаўлення Галакосту ў розных выпадках у мінулым, у справаздачы аб ацэнцы антысемітызму Міністэрства дыяспары за 2021 год Вадзім Гігін згадваецца як чалавек, які спрыяў выключэнню габрэйскай памяці, якая ёсць неадʼемнай часткай памяці пра Галакост», – гаворыцца ў заяве.

У сувязі з гэтым падставаў прызначаць такую асобу на пасаду кіраўніка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі няма, адзначыла МЗС Ізраілю.

У ізраільскіх медыях прызначэнне прапагандыста на гэтую пасаду выклікала рэзананс, піша выданне «Зеркало» і спасылаецца на тэлеканал «11КАН», на сайце якога, у прыватнасці, гаворыцца, што ў кантэксце Галакосту Гігін часта не згадвае пэўных фактаў, каб з ягоных словаў не вынікала, што габрэі ёсць ахвярамі.

Нагадаем, што Вадзім Гігін быў прадстаўлены ў якасці новага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі 6 чэрвеня. Міністр культуры Анатоль Маркевіч адзначыў, што задачамі новага дырэктара будуць сярод іншага кадравая бяспека, фармаванне прафесійнай каманды, умацаванне матэрыяльнай базы, перагляд структуры і штатнай колькасці бібліятэкі, а таксама метадычнае суправаджэнне і забеспячэнне кантролю дзейнасці публічных бібліятэк краіны.

Вадзім Гігін – старшыня дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Знание» і былы дэкан філасофскага факультэту БДУ. Ён часты госць прапагандысцкіх праграмаў на беларускім і расейскім тэлебачанні. Разам з іншымі адыёзнымі прапагандыстамі і чыноўнікамі Гігін уваходзіць у так званую камісію па вяртанні вымушаных эмігрантаў у Беларусь.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў