У Варшаве расейскаму паслу не далі ўскласці кветкі на могілкі савецкіх салдат і выкрыквалі «фашыст»


Кожны год на Дзень Перамогі 9 траўня амбасадар Расеі Сяргей Андрэеў ускладае кветкі каля маўзалея савецкім салдатам у Варшаве, аднак гэтым разам актывісты і рэпарцёры нават не далі расейскай дэлегацыі падысці да мемарыялу.

Амбасадар Расеі Сяргей Андрэеў сярод журналістаў і актывістаў. Варшава, Польшча. 9 траўня 2023 года.
Фота: Andrzej Iwanczuk / Reporter / East News

Як толькі расейскай дэлегацыя, сярод якой быў Сяргей Андрэеў, выйшла з машыны, яе адразу шчыльна атачылі актывісты і журналісты. Актывісты крычалі ў іх бок «фашысты» і не давалі праходу.

Таксама актывісты звярталі ўвагу польскай паліцыі, што на грудзі расейскіх дыпламатаў былі георгіеўскія стужкі. «Гэта непавага не толькі да ўкраінцаў, але і для палякаў», – казаў хтосьці з удзельнікаў акцыі ў рупар.

У выніку расейскі пасол так і не змог прайсці праз натоўп людзей і дайсці да мемарыялу, і з’ехаў разам з дэлегацыяй. У мінулым годзе яго аблілі чырвонай фарбай.

Амбасадар Расеі Сяргей Андрэеў у Варшаве 9 траўня 2023 года. Скрыншот з відэа: Юстына Мур / Белсат

Таксама перад могілкамі-маўзалеем савецкіх салдат у Варшаве актывісты зладзілі акцыі супраць расейскага тэрору ва Украіне.

Актывісты на акцыі ў Варшаве 9 траўня 2023 года.
Фота: Юстына Мур / Белсат
Актывісты на акцыі ў Варшаве 9 траўня 2023 года.
Фота: Юстына Мур / Белсат

Таксама 9 траўня перад мемарыялам савецкіх салдат у Варшаве актывісты ініцыятывы «Еўрамайдан-Варшава» стварылі інсталяцыю, прысвечаную зруйнаваным украінскім гарадам і ахвярам рускага тэрору. А каля 6 гадзін раніцы яны разбудзілі расейскіх дыпламатаў у Варшаве гучнымі гукамі, якія нагадваюць сірэны паветранай трывогі і бамбёжкі, і разгарнулі вялікі банэр з хэштэгам #russiaisaterroriststate.

Hавiны
У Варшаве актывісты зрабілі інсталяцыю, прысвечаную ахвярам рускага тэрору
2023.05.09 12:03

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў